Выбрать главу

— Прыехаў, — паморшчыла нос Клара. — Ужо быў на бюро?

— Не. А ты не ведаеш, у чым справа?

Клара глянула на яго нязвыклым позіркам шэрых вачэй і адразу ж прыкрыла іх доўгімі вейкамі.

— Ну, ад цябе не чакала...

— Што здарылася, Клара?

— Глупства... ды сам даведаешся. Не перашкаджай... Ты мяне прабач... На бюро праект забракавалі. На чым мы спыніліся? — спыталася яна ў чарнявага.

Андрэй, збіты спанталыку, пастаяў з хвіліну і, адчуўшы, што ён перашкаджае, выйшаў.

Насустрач яму бегла ўжо вастраносая сакратарша.

— Дзе вы ходзіце? Зніклі і нічога не сказалі, Члены бюро чакаюць.

Шаліма не спяшаючыся пайшоў за ёй.

— Дзе вы прападэеце? — накінуўся на яго першы сакратар. Ён ускочыў, прабегся, потым сеў на падлакотнік крэсла. — У раёне вас не знайсці, тут таксама, Расказвайце пра свае пахаджэнні.

Шаліма нібы аслупянеў. У галаве мільганула: «Што яны маюць на ўвазе?»

— Не прыкідвайся, нам усё вядома.

Гэта нібы апякло Шаліму. Ён скрозь ноч, па марозу імчаў да райцэнтра трыццаць пяць кілометраў, семдзесят кілометраў мёрз на бярвеннях, не еў, не спаў, думаў пачуць нешта важнае, а тут выдумляюць якіясьці недарэчнасці. Раззлавана адказаў:

— Калі вядома, няма чаго і расказваць.

Тады загаманілі наперабой. 3 бязладных рэплік Андрэй зразумеў, што яго абвінавачваюць у п’янстве, у патуранні забабонам, у маральным разлажэнні і зацісканні крытыкі і ініцыятывы, у непавазе прадстаўнікоў вышэйстаячых комсамольскіх органаў.

Шаліма спрабаваў апраўдвацца, але яго ж уласная рэпліка, сказаная ў пачатку пасяджэння, так наэлектрызавала некаторых членаў бюро, што цяпер кожнае слова яго выклікала голькі яшчэ большую крытыку.

— Зазнаўся.

— Дзеяч, глядзіце на яго.

— Бюро нават на паважае.

— Разлажыўся. Пад уплыў Рэпкінай трапіў.

— Гнаць яго з комсамола.

Андрэй, зразумеўшы, што яго апраўданні толькі падліваюць масла ў агонь, зусім змоўк. Яго прапрацоўвалі яшчэ з гадзіну, і ён ужо прывычна, амаль безуважліва слухаў выступленні. А ў скронях стукала: сорам, сорам, сорам.

Як скрозь сон, ён помніў, што выступала другі сакратар абкома комсамола і абараняла яго. Яе падтрымалі яшчэ два члены бюро. Таму пры вынясенні спагнання галасы раздзяліліся, і ўсё ж яму далі строгую вымову з папярэджаннем і з занясеннем у асабістую справу. Рэпкіну з работы здымалі.

На гэтым пасяджэнне закончылася. Члены бюро курылі, гаманілі, спяшаючыся дамоў. Андрэй стаяў у страшэннай разгубленасці. Да яго падыйшла другі сакратар.

— Што ж вы, таварыш Шаліма, падводзіце? Мы на вас спадзяваліся. Не губляйцеся толькі, сумленная справа здыме з вас гэтую вымову.

Гэта было першае слова спачування, і Андрэй, каб не расплакацца, выбег у калідор. Яго зноў пацягнула да Клары. «Вось чаму яна так сустрэла мяне, — падумаў ён. — Няўжо Караба нахлусіў пра Рэпкіну?»

Клара была адна. Яны доўга маўчалі. Нарэшце, Клара пачала апранацца,

— Дзе ты спыніўся?

— Пакуль нідзе.

— Дакаціўся... далей няма куды.

— Клара!..

— Што, Клара?

— Няпраўда гэта ўсё.

Яе твар зрабіўся шэрым, злосным, раз-поразу перасмыкаліся павекі.

— Адзін ты праў. Два чалавекі пісалі пра твае агіднасці, Караба правяраў...

— Клара, хлусня гэта, павер мне.

— Самую страшэнную праўду дарую, а хлусню — ніколі. А ты ўсім хлусіў.

— Што вы на самай справе ўсе на мяне...— У Андрэя спёрла ў грудзях, здрадніцкі горкі камяк падпёр пад горла. — Не верыце і не трэба.

Клара падыйшла ўшчыльную і, задыхаючыся, сказала:

— Мне трэба дзверы зачыняць...

Андрэй выйшаў на вуліцу, бязмэтна пайшоў па тратуары. Запах ежы напомніў, што сёння ён амаль не еў. Зайшоў у сталовую, сеў за першы стол, Падбегла маладзенькая афіцыянтка, паглядзела на яго, запытала:

— Сто пяцьдзесят, ці больш?

— Хопіць.

— На закуску ёсць шпроты.

— Мне і абед.

— Добра. Піва трэба? Не? Свежае, толькі з завода.

Пасля вячэры зайшоў у гасцініцу. На яго, мусіць, не пакінулі броні і месца не было. Зноў пайшоў у абком. Дзяжурны адчыніў адзін з пакояў, дзе была мяккая канапа, пайшоў спаць. Андрэй зноў застаўся адзін са сваімі думкамі. «Можа і сапраўды вінаваты, — думаў ён. — Навошта было ісці на вяселле. Хіба скажаш, што не п’янствуеш, калі піў на вяселлі пры ўсіх? Ды і па рабоце можна было зрабіць больш... А Надзя?.. Няўжо яна сапраўды такая? 3 ёй у яго таварыскія, чыстыя адносіны. Але ж размовы... Пэўна, не даглядзеў. Не, Надзя не такая. — Успомніў Тарашчука. — Няўжо ён наплявузгаў? Лапшоў — зразумела: з ім спрачаліся, ён хацеў быць першым сакратаром. А Тарашчук?.. А Караба? Гэта проста чыноўнік, верхагляд».