Несцерка. Вось я і прыдумаў…
Пшэбыеўскі. Ну дык расказвай, што ты прыдумаў.
Несцерка. Даведаўся я, паночку, што Кацярына чакае Андрэя з дня на дзень. I хочуць да касцёла…
Пшэбыеўскі. То разбой! Я паклічу варту!
Несцерка. Э, паночку. Толькі спалохаеце. А вось мы ёй вестачку пададзім — як ад Андрэя. А пан пераапранецца — ды замест яго пад вянец. А там — воля ваша, мой клопат — да касцёла.
Пшэбыеўскі. От праўда, галота на выдумкі хітрая.
Несцерка. Хай пан загадае запрэгчы тройку — увечары я пад’еду па Кацярыну, у мяне ўжо ўсё дамоўлена.
Пшэбыеўскі. Малайчына! Толькі зробім гэта заўтра. Усё падрыхтаваць трэба.
Несцерка. Як пан скажа. А тады б няшкода перакусіць ды выпіць.
Пшэбыеўскі. Пшэбыеўскі ведае, як мужычка ўзнагародзіць. За тое, што добра прыдумаў — добра і пагуляеш. Я ведаю, што вашаму брату трэба. (Адкрывае заслону — за ёю стол з ежай і віном.) Пі, гуляй, а заўтра праспішся — і за работу.
Несцерка. Было б сказана — нам забыць нядоўга.
Пшэбыеўскі (прыпыняе Несцерку). Толькі памятай: аб нашых задумах ніхто не павінен ведаць.
Несцерка. Што гэта пан як быццам некага баіцца?
Пшэбыеўскі. А ты што, нікога не баішся?
Несцерка. А каго ж мне баяцца?..
Пшэбыеўскі. Ды вось прыходзіў раніцой бургамістр, цябе шукаў, казаў, трэба, маўляў, у астрог пасадзіць.
Несцерка. То ад добрае душы. Ведае, што ў мяне ні даху над галавой, ні хлеба ў абед — вось і турбуецца.
Пшэбыеўскі (смяецца). Дык, значыць, бургамістр добры чалавек.
Несцерка. Канешне, добры. Калі спіць, і з дубінай прайсці міма можна.
Пшэбыеўскі (смяецца). То добра мовіш. То б запісаць і выдаць ксёнжку ў Варшаве — як фальклор туземны.
Несцерка. Пішыце, пішыце, паночку. (Убок.) Каб табе чэрці віламі па скуры пісалі.
Пшэбыеўскі выходзіць.
Узрадаваўся. Што ты скажаш, як атрымаеш і дулю, а не Ганулю.
Уваходзіць Малання.
Малання. Ну што, работнічак, на другія харчы перайшоў — ці мае не да смаку?
Несцерка разводзіць рукамі.
Нешта ты і носа не паказваеш. Чула, у пана за лепшага сябра. Можа, і пра тое, аб чым дамаўляліся, забыў. А ён ўсё жыццё памятае. Можа, і мне расказаць пану, дзеля чаго ты да яго ўладкаваўся?
Несцерка зноў разводзіць рукамі.
Несцерка. Ты што малоціш?
Малання. А тое, што ў мяне ў гэтым доме таксама вока ды вуха ёсць. Чула, пану Кацьку сватаеш? Хочаш і каля яго, і каля мяне разжыцца.
Несцерка. От дурніца. Табе б у сямнаццаць гадоў да той памяці яшчэ б розум. Гэта ж «манеўр».
Малання. Які «манер»?
Несцерка. Глухому што ні кажы — сваё чуе. Нельга напрамкі лезці — у абход трэба, зразумела? Ты толькі рыхтуй грошыкі. Заўтра вечарам… Адным словам, з’едзе твая саперніца адсюль — табе і карты ў рукі.
Малання. Ох, спрытны ты круцель. Але каб і мяне не падмануў заадно.
Несцерка. Ну, ну — дзякаваць будзеш.
Малання. Гэта я заўсёды гатова — ды ты сам упіраешся. Колькі год адзін шляешся — і да бабы цябе не цягне — га? (Абдымае Несцерку.)
Несцерка. Ну, ну, дзіравага меха не напоўніш, карысці ад вас, ад баб. Вось я лепш сто грамаў вып’ю.
Малання. Эх ты, не тваім носам маліну кляваць. Відаць, і забыўся як.
Чуваць шум.
Ой, Пшэбыеўскі ідзе, трэба схавацца.
Несцерка. Уцякай у другі пакой, а я тута.
Несцерка бярэ бутэльку і лажыцца, быццам п’яны, пад стол. Малання выходзіць. Уваходзяць Пшэбыеўскі і панскі кухар татарын Мустафа.
Пшэбыеўскі (адхінае заслону). Ужо пад сталом валяецца. Дапусці свінню да талеркі. А сёння гэтак і трэба, усё па задуманым. Ты ўсё вывучыў добра?
Кухар. Усё, усё.
Пшэбыеўскі. Прачытаеш — скажаш: «Будзьце мужам і жонкаю» — і хуценька ў алтар. Вопратку скінеш — і на козлы. I адразу кіруйся на Варшаўскі тракт. Гэткае вяселле лепш у Варшаве гуляць.
Кухар. Усё зробім, як дамовіліся. Колькі пан заплаціць?
Пшэбыеўскі. Аб гэтым потым, потым.
Кухар. Грошы адразу. Грэх вялікі.
Пшэбыеўскі. Які табе грэх — ты не хрысціянін. Твая вера гэтага не забараняе.
Кухар. Паганіць касцёл — вялікі грэх. Грошы наперад.