Выбрать главу

Пшэбыеўскі. Ды вы ўдвух — і ты. (Кідаецца да Кудрачка.) Ды я цябе за доўг у астрог!

Несцерка. Заплоцім паночку — толькі распіскаю. Ад вашае жонкі. Памятаеш, Малання, тысячу, што дамаўляліся?

Пшэбыеўскі. Якой жонкі?

Малання. А то не? А то не абяцаў, а то не вянчаліся?

Пшэбыеўскі. Ціха, ціха.

Малання. А то я не пры ўсіх правах!

Несцерка аддае распіску.

Несцерка. Вось і разлічыліся. Адным словам, каму вінен — усе прабачце.

Пшэбыеўскі. Ды што ж мне цяпер рабіць?!

Несцерка. Вяселле гуляць. Такая ўжо тут справа — глядзець трэба. На кірмашы і бык цельны. А купіў мыла — еш, хаця і не міла.

Пшэбыеўскі. Стойце! Гэта разбой! Лакеі — хапайце яго.

Несцерка. Ціха, ціха, паночку, — я таксама не адзін. Гэй, людзі.

Уваходзяць людзі. Шум. Крыкі. Вяселле. Прыбягаюць Кацярына і Андрэй.

Андрэй. Чакайце, дзе ксёндз — і нас таксама.

Агульны шум, крыкі, вянчаюць Кацярыну і Андрэя. Раптам убягае кухар Мустафа, падае ў ногі Пшэбыеўскаму і крычыць: «Мая твая разумей, разумей!» За ім бягуць вартаўнікі і Бургамістр з крыкам «Пярэварацень, пярэварацень!»

Несцерка. Гэй, ваша светласць, — давайце на вяселле. Пасля разберацеся, хто і ў што перавярнуўся. Гуляй, людцы, пакуль вяселле.

Пачынаюцца танцы, песні.

Вось цяпер мне пагуляць, Пакуль грае скрыпка. Рукі-ногі не баляць, Сярэдзіна гібка.

Маладыя хлопцы (акружаюць Маланню).

Эх, жаніўся мех на торбе, Будзем танцы танцаваць, Няма грошай ні капейкі, Застаецца пагуляць.

Малання.

Мілы мой, харошы, Не люблю цябе за так, А люблю за грошы.

Маладыя хлопцы (вакол Пшэбыеўскага).

Без мяне мяне жанілі, Мяне дома не было. Я спачатку зажурыўся, Потым стала весяло.

Андрэй.

Ох, не піў бы і не еў бы, Усё на мілую глядзеў бы.

Кацярына.

Хоць пад лаваю сядзець, Ды на прыгожага глядзець.

Маладыя хлопцы (вакол Манаха).

А хто любіць пана, А хто пападдзю, А я, дурачок, Люблю папоўскіх дачок.

З’яўляецца Брындзюкоўна з таўкачом.

Несцерка. Кінь сваю пушку. Дапамаглі сродкі — цяпер твой муж да Маланні ні нагой!

Маладыя хлопцы (вакол Брындзюкоўны).

Знаў Бог, Што не даў свінні рог. А каб баба рогі ўзяла, Усіх на свеце б забадала.

Несцерка (аказваецца з Пшэбыеўскім на пярэднім плане). Не хмурся, паночку, больш убачыш. Вось бы гэтую гісторыю запісаць у ксёнжку ды і выдаць у Варшаве — от бы быў фальклор. Ну ды прыйдзе час, напішуць кніжкі і пра нас! Эх, гуляй людцы, пакуль вяселле!

Ой, без дудкі, без дуды Ходзяць ногі не туды. А як дудкі заіграюць, Ногі ўдзержу не знаюць.

Усе разам танцуюць.

А не ўсё па горы плакаць, А не ўсё па ім тужыць. Прыйдзе час — хаця хвілінку Ды ў вясёласці пажыць.

Заслона апускаецца. Застаецца адзін Несцерка.

Ну, людцы добрыя, закончан баль — і дудкі ў торбу! Вось гэтак і жывём — часам плачам, часам скачам. Торба не груз, сто вёрст не пераход — дарогу топчам, хлеб есца, лапці трэплюцца, а ногі свае, не казённыя, так і хаджу — паміраць няма калі. I пакуль вы, людцы добрыя, смяяцца не развучыцеся — Далібог, не памру. Адным словам, што было — то прайшло, што будзе — то пабачым, а што дрэнна — то не мы. Здаровы бывайце, дабром памінайце, у госці чакайце: здарыцца зноў вашы мясціны праведаць — не праміну зайсці паабедаць. (Кланяецца і выходзіць, закінуўшы за плечы торбу.)

Заслона