Несцерка. Ох, галубка, не да віна — абкруціў мяне Пшэбыеўскі. Правёў на мякіне. Я думаў, ён дурны, як яго стары бацька, — ды дзе там!
Малання. Стары хоць шчодры быў.
Несцерка. А ты і яго грэла?
Малання. А чаго б і не пагрэць, калі холадна старому.
Несцерка. А вось сынок падпёк — хоць локці кусай.
Малання. А ты думаў, за ўсіх хітрэйшы?
Несцерка. Дурніца, табе ж горш. Вось падсуне свайго татарына замест мяне да Кацярыны — у касцёл ды і ў Варшаву. А ты з носам застанешся.
Малання. Бач ты! Што ж рабіць?
Несцерка. Што рабіць? Трэба нешта прыдумаць. А як дурнем прыкідваўся, га — я і паверыў.
Малання. Я ж казала — гэты такога наабяцае. Мне таксама — у Варшаву завязу, ажанюся з табой. I ўсё — адны абяцанкі. Стары хоць грошы даваў.
Несцерка. Дык ён ажаніцца з табою абяцаў?
Малання. Што бабе не паабяцаеш, пакуль яна гарачая. А я, дурніца, і паверыла.
Несцерка. Што ж ты адразу не казала?
Малання. Гэтак вам кожнаму ўсё і скажы. Але я ім пакажу вяселле, і нявесце дастанецца. Я ім пакажу — злосць хоць зганю.
Несцерка. Пачакай, пачакай. Зноў ты напралом. Вось хто нам дапаможа. (Хлопае Манаха па спіне, той падае з крэсла.)
Малання. Эй, цішэй, заб’ецца.
Несцерка. Яго і колам не заб’еш, цягні на канапу.
Цягнуць Манаха за ногі праз усю сцэну.
Ну і цяжкі, не падняць. Нездарма на жывот плячысты. Заставайся тут — вартуй, і каб да вечара цвярозы быў. Расолу прынясі. I чакай мяне.
Несцерка і Малання выходзяць у розныя бакі.
Манах(падымае галаву). А хто п’е — налівайце, а хто не п’е — не давайце. (Зноў падае і храпе.)
Карціна сёмая
Невялікі пакойчык, лаўкі, стол. За сталом Несцерка і Кудрачок.
Кудрачок. Кінь ты са сваёю свабодаю. Свабода, свабода, а калі есці захочаш, так і глядзіш, у якое б ярмо галаву ўсунуць. Адно мёртвы і свабодзен, ды яшчэ той, у каго грошы ёсць.
Несцерка. Вось табе грошы і засланілі ўвесь свет. Гэта пад старасць шчасце ў цёплым закутку ды пры кавалку хлеба. Кацярыне сямнаццаць год — а ты ёй старэчае шчасце навязваеш. Ці сапраўды астрога баішся?
Кудрачок. Ведаеш, Несцерка, хочаш крыўдзіся, хочаш не, але ты пражыў галота галотаю. Хочаш, каб і другія ўсё жыццё задам свяцілі?
Несцерка. Я на жыццё не ў крыўдзе.
Кудрачок. Ат, ні кала, ні двара, галаву прытуліць няма дзе. Я і сам не болей за цябе нажыў. Ды аднаму лягчэй. А як мне на дачку глядзець — яе жабрачкаю пусціць па жыцці! Маладосць пройдзе — кветка адцвіце, дзяцей раджаць, гаспадарку трымаць — не тая песня. Кажаш, астрога баюся? Ды я да канца дзён гніць у ім згодзен, толькі б Каця шчаслівая жыла.
Несцерка. Не блытай шчасце з багаццем. Быў ты голы, пеў ды весяліўся, і жонка твая не сумавала. А цяпер яшчэ і панам не стаў, а ўжо асунуўся — у труну лепшага кладуць.
Кудрачок. Вось выведу дачку ў людзі — тады можна і ў труну.
Несцерка. А чым Андрэй не людзі? Шукай цар царыцу, а пастух пастушку.
Кудрачок. Значыць, мяне — у астрог, дачку — у жабрачкі. Добрая парада.
Несцерка. А калі закладу за цябе тысячу Пшэбыеўскаму?
Кудрачок. Адкуль яны ў цябе?
Несцерка. Я ж табе казаў: у мяне мільён незаробленых, а з сабою тысяча.
Кудрачок. Ну, а што дрэннага, калі за Пшэбыеўскага пойдзе? За панам босая не будзе.
Несцерка. А што я мацеры яе скажу, як сустрэну на тым свеце?
Кудрачок. Маці дзякуй скажа.
Несцерка. Круціш, братка. Ды мяне не правядзеш. Табе самому хочацца ў падпанкі пралезці.
Кудрачок. I самому пад старасць пажыць трэба.
Уваходзіць Кацярына.
Несцерка. Ну, радуйся, прынёс я грошы, аддаць Пшэбыеўскаму.
Кацярына. Праўда?
Несцерка. Ну дык што перадаць Пшэбыеўскаму — хай вяселле рыхтуе?
Кацярына. Ні за што на свеце!
Кудрачок. Ну вось што, Несцерка, не муці ваду. Не мяшайся не ў сваё.
Кацярына. Не, тата, не пайду за Пшэбыеўскага.
Кудрачок. Эх, дачушка. Не ўсё ж табе сямнаццаць год будзе. Затое будзеш пані. У вышэйшым свеце.
Несцерка. Адусюль па злодзеі — вось і вышэйшы свет.
Кудрачок. А з панам жыць — не з мужыком. Які ні ёсць, а культура.
Несцерка. Вазьмі розум у зубы. Бачыў я свіней панскае пароды. Думаеш, салодка жыць з такім? Ён жа, як певень, вакол кожнае дзеўкі скача.
Кацярына. Татачка, кахаю я Андрэя. З ім мне і жыць, а без яго — хоць у ваду.
Кудрачок. А, дык вы дамовіліся! У роднага бацькі за спіною?! Ну дык садзіце мяне ў астрог, рэжце, рабіце што хочаце. (Хоча пайсці з пакоя.)
Кацярына. Не, чакайце, не. Будзе гэтак, як тата кажа. Знаць, такая мая доля.
Несцерка. Ну, не! Апошняе слова будзе за мною. Слухай, стары дурань. Хацеў я цябе па-добраму ўгаварыць, хацеў, каб ты гонар свой успомніў. Ну дык ведай. Не збіраецца Пшэбыеўскі вянчацца з тваёй дачкою. Наняў ён татарына, каб адслужыў замест ксяндза, забярэ Кацярыну, пацешыцца ды і аддасць табе назад.
Кудрачок. Ды ты што?! Брэшаш, прыдумаў усё.
Несцерка. Сваімі вушамі чуў. А не верыш — праверыць лёгка. Бачыш — тройка едзе. Гэта татарын па Кацярыну. Вось мы яго спытаем.
Несцерка бярэ мяшок і становіцца ля дзвярэй. Уваходзіць кухар-татарын.
Кухар. Мая прывёз…
Несцерка накрывае яго мяшком, валіць і завязвае.
Несцерка. Бач ты, нехрысць, вочы ў сабакі пазычыў, а ну, што тут у яго. (Дастае адзенне ксяндза.) Бачыш? (З кішэні адзення дастае пісьмо і чытае.) «Той, хто перадасць гэтае пісьмо, адвязе вас па маіх справах. Пшэбыеўскі». Ага, гэта мне спатрэбіцца. Ну, што пан загадаў рабіць увечары?
Кухар. Мая твая не разумей.
Несцерка. Зараз зразумееш. (Бярэ нагайку і б’е.) Што пан загадаў рабіць увечары?
Кухар. Стой, стой, разумей, мая твая разумей!
Несцерка. Кажы, а то яшчэ ўсыплю.
Кухар. Вянчаць пана з Кацярынаю загадаў — я не хацеў, але пан загадаў — а яго спалохаўся.
Несцерка(б’е). Не палохайся пана, падпанак чортаў.
Кудрачок. О Божа! Я ж стары дурань — сам сваю дачку на гэткае аддаваў!
Несцерка. Паверыў?
Кудрачок. Прабач, што я, стары дурань, нарабіў бы! Але гэта так проста яму не сыдзе. Я да губернатара дайду — найду ўправу.
Несцерка. Э, кінь. Там, наверсе, яшчэ толькі лапці плятуцца, каб пайсці на людское гора паглядзець. I заўсёды хто-небудзь знойдзецца, каб гэтыя лапці паціху расплесці.
Кудрачок. Ды што ж, гэта яму ўсё так і сыдзе?
Несцерка. Не, брат, спускаць нельга. Толькі не жаліцца. Што, мы самі не знойдзем на панскі розум мужыцкай хітрасці?