Містэр Фобз быў надзвычай стрыманы і асцярожны ў сваіх заявах, але яго адказы вызначаліся беззаганнай дакладнасцю. Ён прызнаўся, што самагубства сэра Гервазы аглушыла яго. Ён ніколі не палічыў бы сэра Гервазы такім чалавекам, які можа адмовіцца ад свайго жыцця. Ён не ведаў ніякай прычыны для такога кроку.
— Сэр Гервазы быў не толькі мой кліент, але і вельмі даўні сябар. Мы пазнаёміліся яшчэ падлеткамі. Я б сказаў, ён заўсёды любіў жыццё.
— Пры такіх акалічнасцях, містэр Фобз, я хачу прасіць вас гаварыць абсалютна адкрыта. Ці не вядомы вам тайная трывога або перажыванні сэра Гервазы?
— Не. У яго, як і ў большасці людзей, былі такія-сякія турботы, але нічога сур'ёзнага.
— Ніякай хваробы? Ніякіх спрэчак з жонкай?
— Не. Сэр Шэвені-Гарэ і лэдзі Шэвені-Гарэ былі адданыя адно аднаму.
Маёр Рыдл асцярожна сказаў:
— У лэдзі Шэвені-Гарэ, як быццам, трохі дзіўныя погляды.
Містэр Фобз усміхнуўся — паблажлівая мужчынская ўсмешка.
— Жанчынам, — адказаў ён, — трэба дараваць іх дзівацтвы.
— Вы займаліся ўсімі юрыдычнымі справамі сэра Гервазы? — гаварыў далей галоўны канстэбль.
— Так, мая фірма «Фобз, Оджыльві і Спэнс» апякуецца сям'ёй Шэвені-Гарэ больш за сто гадоў.
— Ці былі якія-небудзь скандалы ў сям'і Шэвені-Гарэ?
Бровы містэра Фобза ўзняліся.
— На самай справе, я вас не разумею.
— Містэр Пуаро, вы не дасце містэру Фобзу ліст, які паказвалі мне?
Пуаро моўчкі ўстаў і з лёгкім паклонам працягнуў гэты ліст містэру Фобзу.
Той стаў чытаць, і бровы яго ўзняліся яшчэ вышэй.
— Проста незвычайны ліст, — сказаў ён. — Цяпер я разумею ваша пытанне. Не, нічога з таго, што мне было вядома, не вымушала пісаць такі ліст.
— Сэр Гервазы не сказаў вам пра яго?
— Ні слова. Мушу сказаць, мне вельмі дзіўна, што ён не зрабіў гэтага.
— Ён давяраў вам?
— Думаю, ён лічыўся з маёй думкай.
— І ў вас няма ніякіх здагадак — чаго датычыўся гэты ліст?
— Я не хацеў бы рабіць паспешлівых здагадак.
Маёр Рыдл ацаніў далікатнасць гэтага адказу.
— А зараз, містэр Фобз, можа, вы азнаёміце нас з тым, як сэр Гервазы размеркаваў сваю спадчыну.
— Калі ласка. У мяне няма ніякіх пярэчанняў супраць гэтага. Сваёй жонцы сэр Гервазы пакінуў шэць тысяч фунтаў гадавога прыбытку з маёнтка і на выбар — Даўэр-Хаўс або гарадскі дом на плошчы Лаўндыс, што яна пажадае. На яе накладаліся, вядома, абавязацельствы выплаціць некалькім асобам пэўную суму і перадаць пэўную нерухомую маёмасць, але нічога значнага. Спадчына, ужо без таго, што аддавалася па даравальных запісах, была пакінута яго прыёмнай дачцэ, Рут, пры ўмове, што, калі яна выйдзе замуж, яе муж возьме прозвішча Шэвені-Гарэ.
— Яго пляменніку, містэру Х'юга Трэнту, не пакінута нічога?
— Было, так, пяць тысяч фунтаў.
— Дык трэба разумець, што сэр Гервазы быў багаты чалавек?
— Нават вельмі багаты. Апрача маёнтка, валодаў вялізнай прыватнай маёмасцю. Вядома, быў не такі заможны, як даўней. Фактычна, увесь прыбытак з капіталу, укладзенага ў бізнес, паступаў з натугай. Апрача таго, сэр Гервазы страціў нямала грошай праз адну кампанію — «Пэраган сінтэтык рабэ сабстыт'ют»[11], куды палкоўнік Бэры пераканаў яго ўкласці значную суму.
— Не дужа мудрая парада?
Містэр Фобз уздыхнуў.
— Адстаўныя вайскоўцы — найбольшыя няўдачнікі, калі яны ўключаюцца ў фінансавыя аперацыі. Я пераканаўся, што іх даверлівасць пакідае далёка за сабой даверлівасць удоў, а гэтым сказана многа!
— Але тыя няўдалыя інвестыцыі рэзка не зменшылі прыбыткаў сэра Гервазы?
— О, не, не вельмі. Ён усё роўна заставаўся багатым чалавекам.
— Калі было складзена гэтае завяшчанне?
— Два гады назад.
Пуаро сказаў:
— Ці не было яно трохі несправядлівым да містэра Х'юга Трэнта, пляменніка сэра Гервазы? Ён усё-такі найбліжэйшы кроўны сваяк сэра Гервазы.
Містэр Фобз паціснуў плячыма.
— Трэба ўзяць у рахубу і сёе-тое і з гісторыі роду.
— Напрыклад?
Містэр Фобз, здавалася, не надта хацеў гаварыць далей.
Маёр Рыдл сказаў:
— Прашу вас, не думайце, што мы надта любім корпацца ў старых скандалах і плётках. Але гэты ліст сэра Гервазы містэру Пуаро павінен быць вытлумачаны.
— Бясспрэчна, тут няма нічога скандальнага — чаму сэр Гервазы так ставіўся да свайго пляменніка, — хутка сказаў містэр Фобз. — Проста сэр Гервазы сваё становішча галавы сям'і заўсёды ўспрымаў вельмі сур'ёзна. У яго былі малодшыя брат і сястра. Брат, Энтані Шэвені-Гарэ, забіты на вайне. Сястра, Памела, выйшла замуж, і сэр Гервазы не прыняў яе замужжа. Ён, словам, лічыў, што яна абавязана была атрымаць яго згоду. І што сям'я капітана Трэнта недастаткова знакамітая, каб парадніцца з Шэвені-Гарэ. Сястру гэта толькі забаўляла. У выніку, сэр Гервазы ніколі не быў прыхільны да свайго пляменніка. Мяркую, гэтая непрыхільнасць магла паўплываць на яго рашэнне ўдачарыць Рут.