— Вядома, маёр Рыдл. Пытайцеся што хочаце.
— Добра. Першае і галоўнае, гаворачы проста, без хітрыкаў: ці ёсць у вас свае ўласныя здагадкі, чаму сэр Гервазы скончыў жыццё самагубствам?
— Абсалютна ніякіх. Я ажно аслупянеў, пачуўшы пра гэта.
— Вы чулі стрэл?
— Не, я ў той час, мусіць, быў у бібліятэцы, так я разумею. Я спусціўся досыць рана і пайшоў у бібліятэку ўзяць патрэбную даведку. Бібліятэка — гэта якраз з другога ад кабінета боку дома, таму я не мог нічога чуць.
— Ці быў хто-небудзь з вамі ў бібліятэцы? — спытаўся Пуаро.
— Нікога.
— Ці не ведаеце вы, дзе ў той час былі астатнія сямейныя?
— Большасць, мабыць, пераапраналася наверсе.
— Калі вы прыйшлі ў гасціную?
— Якраз перад прыездам містэра Пуаро. Тады ўсе былі там — акрамя сэра Гервазы, вядома.
— Ці не здзівіла вас тое, што яго не было?
— Але, здзівіла, па праўдзе кажучы. Звычайна ён прыходзіў у гасціную да першага гонгу.
— Ці не заўважылі вы ў апошні час якой-небудзь змены ў паводзінах сэра Гервазы? Ці не быў ён заклапочаны? Ці ўстрывожаны? Мо прыгнечаны?
Годфры Бараўз задумаўся.
— Не, не думаю. Трохі — так, заклапочаны, бадай што.
— А ён не здаваўся ўстурбаваны якой-небудзь пэўнай справай?
— О, не!
— Ці не было ў яго якіх клопатаў, звязаных з фінансамі?
— Ён трохі непакоіўся за справы адной кампаніі, а дакладна — «Сінтэтык пэраган рабэ компані».
— Што ён, уласна кажучы, гаварыў пра гэта?
Механічная ўсмешка Годфры Бараўза бліснула зноў, і зноў яна здалася трохі ненатуральнай.
— Ну што ж… Ён сказаў літаральна так: «Стары Бэры альбо дурань, альбо махляр. Мяркую, што дурань. Я павінен быць тактоўным з ім дзеля Ванды».
— А чаму ён сказаў: «дзеля Ванды»? — запытаўся Пуаро.
— Усё ў тым, што палкоўнік Бэры дужа падабаўся лэдзі Шэвені-Гарэ, і ён моцна любіў яе. Хадзіў за ёю, як сабака.
— Сэр Гервазы не быў… раўнівы хоць трохі?
— Раўнівы? — Бараўз вылупіў вочы, а потым засмяяўся. — Сэр Гервазы раўнівы? Ён не ведаў, што гэта такое. Ды яму ніколі і ў галаву не прыйшло б, каб хто калі мог аддаць перавагу не яму, а другому чалавеку. Разумееце, такога проста не магло быць.
Пуаро мякка зазначыў:
— Мне здаецца, вы не вельмі любілі сэра Гервазы Шэвені-Гарэ?
Бараўз пачырванеў.
— Не, не вельмі. Хаця б таму, што ўсе такія рэчы даволі смешныя ў наш час.
— Якія «ўсе такія рэчы»? — запытаўся Пуаро.
— Ну, феадальныя перажыткі, калі хочаце. Гэты культ продкаў і фамільная фанабэрыя. Сэр Гервазы быў вельмі здольны ў многіх адносінах чалавек, і ён жыў цікавым жыццём, але сам быў бы цікавейшы, калі б разумеў, што ёсць яшчэ нешта апрача яго і яго эгаізму.
— А дачка сэра Гервазы была згодна з вамі ў гэтым?
Бараўз успыхнуў зноў — на гэты раз колер быў цёмна-пурпуровы.
Ён адказаў:
— Я думаю, міс Шэвені-Гарэ самая сучасная жанчына! Зразумела, я не павінен дыскутаваць з ёю пра яе бацьку.
— Але сучасныя людзі якраз дыскутуюць пра сваіх бацькоў колькі хочаце! — сказаў Пуаро. — Гэта цалкам у сучасным стылі — крытыкаваць сваіх бацькоў!
Бараўз паціснуў плячыма.
Маёр Рыдл спытаўся:
— І больш нічога не было — ніякіх іншых фінансавых клопатаў? Сэр Гервазы ніколі не казаў, што яго ашуквалі?
— Ашуквалі? — вымавіў Бараўз вельмі здзіўлена. — Ды не!
— А вы самі былі ў добрых адносінах з ім?
— Безумоўна. Чаму ж не?
— Я пытаюся ў вас, містэр Бараўз.
Малады чалавек панурыўся.
— Мы былі з ім у найлепшых адносінах.
— Ці ведалі вы, што сэр Гервазы напісаў ліст містэру Пуаро з просьбай прыехаць сюды?
— Не.
— Сэр Гервазы звычайна сам пісаў свае лісты?
— Не, амаль заўсёды ён дыктаваў іх мне.
— Але ён не зрабіў так гэтым разам.
— Не.
— Чаму, як вы думаеце?
— Не ведаю.
— Вы не можаце знайсці ніякай прычыны, чаму гэты ліст яму спатрэбілася пісаць самому?
— Не, не магу.
— А! — сказаў маёр Рыдл, дадаючы спакойна: — Даволі дзіўна. Калі вы бачылі сэра Гервазы апошні раз?
— Якраз перад тым, як пайшоў апрануцца на абед. Я прынёс яму падпісаць некалькі лістоў.
— У якім стане ён быў тады?
— У зусім нармальным. Наогул, я сказаў бы, ён быў як быццам задаволены сабой у сувязі з нечым.
Пуаро варухнуўся ў сваім крэсле.
— А? — сказаў ён. — Дык у вас было такое ўражанне, што ён быў нечым задаволены? І, аднак, неўзабаве страляецца. Дзіўна!
Годфры Бараўз паціснуў плячыма.
— Я толькі перадаю вам свае ўражанні.
— Так, так, яны дужа каштоўныя. Апрача ўсяго, вы, мабыць, адзін з апошніх людзей, што бачылі сэра Гервазы жывога.