Выбрать главу

— Снэл быў апошні, хто бачыў яго.

— Бачыў, так, але не размаўляў з ім.

Бараўз не адказаў.

Маёр Рыдл спытаўся:

— Каторая была гадзіна, як вы пайшлі наверх апрануцца на абед?

— Прыкладна пяць хвілін восьмай.

— Што рабіў сэр Гервазы?

— Я пакінуў яго ў кабінеце.

— Ці доўга ён звычайна пераапранаўся?

— Ён звычайна аддаваў на гэта аж тры чвэрці гадзіны.

— Значыцца, калі абед быў у пятнаццаць хвілін дзевятай, ён, верагодна, пайшоў бы наверх, самае позняе, а палове восьмай?

— Вельмі верагодна.

— Вы самі пайшлі пераапранацца рана?

— Але, я вырашыў, што пераапрануся і тады пайду ў бібліятэку і вазьму патрэбныя мне даведкі.

Пуаро задумліва кіўнуў. Маёр Рыдл сказаў:

— Добра. Я думаю, пакуль усё. Вы не запросіце міс — як яе завуць — да нас?

Маленькая міс Лінгард шмыгнула ў пакой амаль імгненна. На ёй было некалькі ланцужкоў, яны ціха звінелі, калі яна сядала і запытальна пераводзіла позірк з аднаго мужчыны на другога.

— Усё гэта вельмі… э-э… сумна, міс Лінгард, — пачаў маёр Рыдл.

— Сапраўды, вельмі сумна, — сказала міс Лінгард, як ёй і належала сказаць.

— Вы… калі прыйшлі ў гэты дом?

— Месяцы два назад. Сэр Гервазы напісаў свайму сябру ў Музеі — палкоўніку Фозэрынгею, і палкоўнік Фозэрынгей парэкамендаваў мяне. Я зрабіла нямала гістарычных даследаванняў.

— Сэр Гервазы быў цяжкі для вашай сумеснай работы?

— О, не. Трэба было, вядома, трохі ўлагоджваць яго. Але ж, я ведаю, гэта заўсёды даводзіцца рабіць з мужчынамі.

З нялёгкім пачуццём, што міс Лінгард, мабыць, улагоджвае яго ў гэтую хвіліну, маёр Рыдл гаварыў далей:

— Вы павінны былі дапамагаць сэру Гервазы ў рабоце над кнігай, якую ён пісаў?

— Але.

— Што ў гэта ўваходзіла?

Нейкі момант міс Лінгард выглядала зусім па-чалавечы. Яе вочы міргалі, калі яна адказвала:

— Ну, ведаеце, фактычна — напісанне кнігі! Я збірала інфармацыю, і рабіла нататкі, і апрацоўвала матэрыял. А потым, пазней, рэдагавала, што напісаў сам Гервазы.

— Напэўна, вам давялося праявіць нямала такту, мадэмуазель, — сказаў Пуаро.

— Такту і цвёрдасці. Патрэбны і тое, і другое, — адказала міс Лінгард.

— Сэра Гервазы не абурала ваша… э… цвёрдасць?

— О, зусім не. Вядома, я пераканала яго, што ён не павінен звяртаць увагі на дробязі.

— О, так, я разумею.

— На самай справе гэта было зусім проста, — сказала міс Лінгард. — Сэрам Гервазы можна было проста кіраваць, толькі належным чынам.

— А цяпер, міс Лінгард, адкажыце мне: ці не ведаеце вы чаго-небудзь, што магло б праліць святло на гэтую трагедыю?

Міс Лінгард адмоўна паківала галавой.

— Баюся, не. Ведаеце, ён, натуральна, ніколі не раскрываў мне сваю душу. Я, па сутнасці, яму чужая. Ва ўсякім разе, я думаю, ён быў занадта ганарысты, каб гаварыць з кім-небудзь пра сямейныя турботы.

— Дык вы лічыце, менавіта сямейныя турботы — прычына яго самагубства?

Міс Лінгард як быццам трохі здзівілася.

— Ну, вядома ж! Хіба ёсць якая іншая?

— Вы ўпэўнены, што былі сямейныя справы, якія турбавалі яго?

— Я ведаю, што ў яго былі цяжкія душэўныя пакуты.

— Як, вы ведаеце гэта?

— Ну так, вядома.

— Скажыце мне, мадэмуазель, ці гаварыў ён з вамі па сутнасці справы?

— Невыразна.

— Што ён казаў?

— Дайце падумаць. Я заўважыла, што ён як быццам не чуе, што я кажу…

— Адну хвілінку. Пардон. Калі гэта было?

— Сёння папаўдні. Мы звычайна працавалі з трох да пяці.

— Прашу вас, гаварыце.

— Як я сказала, сэру Гервазы, здавалася, было цяжка засяродзіцца — сапраўды, ён так і сказаў, дадаўшы, што некалькі важных спраў не даюць яму спакою. І ён сказаў… Дайце падумаць… Нешта накшталт (вядома, я не ўпэўнена ў дакладнасці слоў): «Гэта жахліва, міс Лінгард, калі на сям'ю, адну з самых гордых на зямлі, «падае грэх».

— І што вы сказалі на гэта?

— О, толькі нешта суцяшальнае. Мне здаецца, я сказала, што кожнае пакаленне мае і сваіх слабых сыноў — што гэта частка расплаты за веліч — але што іх памылкі рэдка памятаюцца наступнымі пакаленнямі.

— І гэта дало жаданы эфект, на які вы спадзяваліся?

— Больш-менш. Мы вярнуліся да сэра Роджэра Шэвені-Гарэ. Я знайшла вельмі цікавае ўпамінанне пра яго ў тагачасным манускрыпце. Але сэр Гервазы зноў стаў няўважлівы. Урэшце ён сказаў, што сёння больш не будзе працаваць. І яшчэ — што ў яго быў шок.

— Шок?

— Менавіта гэта ён сказаў. Вядома, я не стала задаваць ніякіх пытанняў. Проста сказала: «Мне сумна чуць гэта, сэр Гервазы». І потым ён папрасіў мяне перадаць Снэлу, што прыедзе містэр Пуаро і каб той перанёс абед на восем пятнаццаць, і паслаў машыну на вакзал, цягнік — у сем пятнаццаць.