Выбрать главу

— Ці заўсёды ён даваў вам такія даручэнні?

— Ды не… Увогуле, гэта была справа містэра Бараўза. Я нічым не займалася, апрача чыста літаратурнай работы. Я не была сакратаркай ні ў якім сэнсе слова.

Пуаро запытаўся:

— Як вы лічыце, у сэра Гервазы былі пэўныя падставы прасіць у вас гэтай паслугі замест таго, каб даручыць усё містэру Бараўзу?

Міс Лінгард задумалася.

— Так, маглі быць… Я не думала пра гэта тады. Я думала, так яму проста зручней. А цяпер прыгадваю, што, сапраўды, ён папрасіў мяне не гаварыць нікому, што прыязджае містэр Пуаро. Гэта павінна быць сюрпрызам, сказаў ён.

— Ага! Ён так і сказаў? Вельмі дзіўна, вельмі цікава. І ці гаварылі вы каму-небудзь?

— Вядома, не, містэр Пуаро. Я сказала Снэлу пра абед і каб шафёр сустрэў госця, які прыедзе цягніком у сем пятнаццаць.

— Ці гаварыў сэр Гервазы што-небудзь яшчэ, што магло мець адносіны да справы?

Міс Лінгард задумалася.

— Не… Я не думаю… Ён быў надта напружаны… Добра памятаю, якраз, калі я пакідала пакой, ён прамовіў: «Нічога добрага, што ён зараз прыязджае. Занадта позна».

— І вы не маеце ніякай здагадкі, што ён меў на ўвазе?

— Н-не…

Цьмянае падазрэнне ўзнікла ў Пуаро ад той нерашучасці, з якой яна вымавіла простае «не». Ён, нахмурыўшыся, паўтарыў:

— «Занадта позна»… Гэта ён сказаў, гэта? «Занадта позна».

Маёр Рыдл спытаўся:

— Вы не можаце нам дапамагчы, міс Лінгард, высветліць сутнасць справы, якая так засмучала сэра Гервазы?

Міс Лінгард павольна сказала:

— У мяне ёсць падазрэнне, што гэта нейкім чынам звязана з Х'юга Трэнтам.

— З Х'юга Трэнтам? Чаму вы так думаеце?

— Ну, нічога пэўнага не было, але ўчора папаўдні мы якраз закранулі сэра Х'юга дэ Шэвені, які, баюся, паказаў сябе не з лепшага боку ў вайне Пунсовай і Белай ружы, і сэр Гервазы сказаў: «І трэба ж было маёй сястры выбраць імя Х'юга свайму сыну! Яно заўсёды было няўдалым імем у нашай сям'і. Яна магла б ведаць, што з ніводнага Х'юга не будзе толку».

— Тое, што вы нам кажаце, наводзіць на роздум, — сказаў Пуаро. — Але, гэта падказвае мне новую думку.

— Сэр Гервазы не сказаў нічога больш пэўнага? — спытаўся маёр Рыдл.

Міс Лінгард пакруціла галавой.

— Не, і, вядома, спецыяльна мне ён не казаў нічога. Сэр Гервазы, па сутнасці, размаўляў сам з сабою. Ён, па сутнасці, не гаварыў са мною.

— Абсалютна так, — сказаў Пуаро. — Мадэмуазель, вы, чужы чалавек, былі тут два месяцы. Было б, я думаю, вельмі карысна, калі б вы шчыра падзяліліся з намі сваімі ўражаннямі пра сям'ю і пра ўсіх тутэйшых.

Міс Лінгард зняла сваё пенснэ і задумліва заміргала.

— Ведаеце, напачатку, калі папраўдзе, я думала, што трапіла ў вар'яцкі дом! Лэдзі Шэвені-Гарэ, якая ўвесь час бачыць рэчы, якіх тут няма, і сэр Гервазы, які паводзіць сябе, як… як кароль, і нешта вытварае з сябе самым экстравагантным чынам, — так, сапраўды, я і падумала, што яны самыя дзіўныя людзі, якія мне калі-небудзь сустракаліся. Безумоўна, міс Шэвені-Гарэ абсалютна нармальная. А неўзабаве я пераканалася, што лэдзі Шэвені-Гарэ ў сапраўднасці вельмі добрая, зычлівая жанчына. Ніхто не быў дабрэйшы і зычлівейшы да мяне, чым яна. Сэр Гервазы — так, я сапраўды гэтак думаю, ён быў вар'ят. Яго эгаманія — здаецца, так гэта называецца — з кожным днём усё больш абвастралася.

— А як астатнія?

— Мне здаецца, містэру Бараўзу ў гэты час было нялёгка з сэрам Гервазы. Мяркую, ён быў рады, што наша работа над кнігай трохі вызваліла яго. Палкоўнік Бэры быў заўсёды прыемны. Ён вельмі шанаваў лэдзі Шэвені-Гарэ і выдатна спраўляўся з сэрам Гервазы. Містэр Трэнт, містэр Фобз і міс Кардвэл толькі некалькі дзён тут, таму, зразумела, я мала што ведаю пра іх.

— Дзякуй вам, мадэмуазель. А што наконт капітана Лэйка, агента?

— О, ён вельмі сімпатычны. Усе любілі яго.

— І сэр Гервазы?

— О, так. Я чула, як ён казаў, што Лэйк — найлепшы агент з усіх, якія ў яго былі. Зразумела, у капітана Лэйка таксама былі свае цяжкасці з сэрам Гервазы, але наогул ён спраўляўся з усім даволі добра. Гэта было нялёгка.

Пуаро задумліва сказаў:

— Нешта… нешта яі хацеў запытацца ў вас… адну дэталь… Што ж гэта такое?

Міс Лінгард з цярплівым выразам на твары павярнулася да яго.

Пуаро раздражнёна пакруціў галавой.

— Ша! Яно круціцца ў мяне ў галаве.

Маёр Рыдл пачакаў хвіліну-другую, потым, убачыўшы, што Пуаро па-ранейшаму заклапочана хмурыцца, зноў павёў допыт.