— Калі апошні раз вы бачылі сэра Гервазы?
— Калі мы пілі гарбату, у гэтым пакоі.
— Які быў яго стан тады? Нармальны?
— Нармальны, як і заўсёды.
— Ці адчувалася якое-небудзь напружанне сярод блізкіх і гасцей?
— Не, я думаю, кожны адчуваў сябе зусім звыкла.
— Куды пайшоў сэр Гервазы пасля гарбаты?
— Ён, як заўсёды, узяў з сабой у кабінет містэра Бараўза.
— І гэта апошні раз, калі вы яго бачылі?
— Але. Я пайшла ў маленькі пакой, дзе працую, і друкавала раздзел кнігі са сваіх нататак, якія ўзгадніла з сэрам Гервазы, да сямі вечара, а тады паднялася наверх адпачыць і апрануцца на абед.
— Вы сапраўды чулі стрэл, як я разумею?
— Так, я была ў гэтым пакоі. Пачуўшы нешта падобнае на стрэл, я выйшла ў залу. Містэр Трэнт быў там, і міс Кардвэл. Містэр Трэнт запытаўся ў Снэла, ці ёсць шампанскае на абед, і нават пажартаваў. Нам і ў галаву не прыйшло, што гэта нешта сур'ёзнае. Мы засталіся ўпэўненыя, што гэта была зваротная ўспышка аўтамабіля.
Пуаро запытаўся:
— Вы чулі, як містэр Трэнт сказаў: «Забойствы бываюць заўсёды»?
— Я ўпэўнена, ён сказаў штосьці накшталт гэтага — жартам, вядома.
— Што было потым?
— Мы ўсе ўвайшлі сюды.
— Вы можаце ўспомніць, у якім парадку ўсе прыйшлі на абед?
— Міс Шэвені-Гарэ была першая, мне здаецца, а тады містэр Фобз. Потым палкоўнік Бэры з лэдзі Шэвені-Гарэ, містэр Бараўз адразу ж за імі. Я думаю, такі быў парадак, але не зусім упэўнена, бо яны ўсе зайшлі амаль разам.
— Іх сабраў першы гонг?
— Але. Кожны заўсёды спяшаўся, калі чуўся гэты гонг. Сэру Гервазы пунктуальнасць увечары была страшэнна важная.
— Калі ён сам звычайна сыходзіў?
— Ён амаль заўсёды ўжо быў у пакоі, калі гучаў першы гонг.
— Вас здзівіла, што яго на гэты раз не было ўнізе?
— Надта.
— Ага, так! — усклікнуў Пуаро.
Калі другія двое запытальна паглядзелі на яго, ён сказаў:
— Я ўспомніў, пра што хацеў спытацца. Сёння ўвечары, мадэмуазель, калі мы ўсе ішлі ў кабінет, пачуўшы ад Снэла, што ён замкнуты, вы нагнуліся і нешта паднялі.
— Я падняла? — Міс Лінгард, здавалася, вельмі здзівілася. — Але, якраз, калі мы паварочвалі ў калідор, які вядзе да кабінета. Нешта маленькае і бліскучае.
— Вось дык дзіва — я не памятаю. Пачакайце — ага, успомніла. Проста я не падумала. Хвілінку — гэта павінна быць тут.
Адкрыўшы сваю чорную атласную сумачку, яна высыпала ўсё, што ў ёй было, на стол.
Пуаро і маёр Рыдл з цікавасцю агледзелі рэчы. На стале ляжалі дзве насоўкі, пудраніца, малы звязак ключоў, футарал на акуляры і яшчэ адна рэч, якую прагна схапіў Пуаро.
— Божа мой, куля! — сказаў маёр Рыдл.
Рэч, якая па форме сапраўды нагадвала кулю, на самай справе была маленькім алоўкам.
— Вось гэта я падняла, — сказала міс Лінгард. — Я зусім забылася.
— Вы ведаеце, чый ён, міс Лінгард?
— О, так — палкоўніка Бэры. Ён загадаў зрабіць гэты аловак з кулі, якая трапіла — ці, правільней, не трапіла, калі вы разумееце, што я маю на ўвазе — на паўднёваафрыканскай вайне[12].
— Калі апошні раз гэты аловак быў у яго?
— А, ён быў у яго сёння папаўдні, калі яны гулялі ў брыдж, бо я заўважыла, ён ім запісваў лік, як я прыйшла піць гарбату.
— Хто гуляў у брыдж?
— Палкоўнік Бэры, лэдзі Шэвені-Гарэ, містэр Трэнт і міс Кардвэл.
— Я думаю, — мякка сказаў Пуаро, — няхай ён пабудзе ў нас, мы самі вернем яго палкоўніку.
— О, калі ласка. Я такая забыўлівая і магла б забыцца зрабіць гэта.
— Ці не маглі б вы, мадэмуазель, запрасіць сюды палкоўніка Бэры?
— Добра. Я зараз жа пайду і знайду яго. — Яна хуценька выйшла. Пуаро ўстаў і пачаў бязмэтна хадзіць па кабінеце.
— Мы пачынаем, — сказаў ён, — рэканструяваць гэты поўдзень. Цікава вось што. А палове трэцяй сэр Гервазы займаецца рахункамі з капітанам Лэйкам. Ён трохі заклапочаны. А трэцяй ён абмяркоўвае кнігу, якую піша з міс Лінгард. Ён у страшэнна цяжкім душэўным стане. Міс Лінгард звязвае гэты цяжкі душэўны стан з Х'югам Трэнтам на падставе выпадковай рэплікі. На вячэрняй гарбаце яго паводзіны нармальныя. Пасля гарбаты, кажа Годфры Бараўз, ён быў у добрым настроі ад чагосьці. У пяць хвілін восьмай ён ідзе наверх, заходзіць у свой кабінет, крэмзае «даруйце» на кавалачку паперы і страляецца!
Рыдл павольна сказаў:
— Я разумею, што вы маеце на ўвазе. Тут няма паслядоўнасці.
— Дзіўныя змены настрою ў сэра Гервазы Шэвені-Гарэ! Ён заклапочаны — ён моцна засмучаны — ён у звычайным стане — ён у гуморы! Нешта вельмі дзіўнае! І яшчэ, гэтая фраза: «Занадта позна». Што я прыязджаю сюды занадта позна. Так, гэта праўда. Я прыехаў сюды занадта позна — каб убачыць яго жывога.