Выбрать главу

— Гэта старадаўняя сям'я, — гаварыў далей містэр Сэтазвэйт. — Сэр Гай дэ Шэвені ўдзельнічаў у першым крыжацкім паходзе. Цяпер, на жаль, род, здаецца, згасае. Стары Гервазы — апошні Шэвені-Гарэ.

— Ён збяднеў?

— Ніколькі. Гервазы казачна багаты. Валодае каштоўнай нерухомай маёмасцю — радовішчамі вугалю, і ў дадатак ён, калі быў яшчэ малады, заснаваў шахту ў Перу ці недзе ў іншым месцы ў Паўднёвай Амерыцы, і яна прынесла яму багацце. Незвычайны чалавек. За што ні возьмецца, заўсёды ўдачліва.

— Зараз ён пажылы чалавек, вядома?

— Так, бедны, стары Гервазы. — Містэр Сэтазвэйт уздыхнуў, паківаў галавой. — Большасць людзей сказала б, што ён вар'ят. Гэта праўда, але часткова. Ён вар'ят не ў тым сэнсе, што ў яго няма памяці або што ў яго галюцынацыі, а ў тым сэнсе, што ён анармальны. Ён заўсёды быў чалавекам вялікай арыгінальнасці.

— І з гадамі арыгінальнасць становіцца эксцэнтрычнасцю? — зрабіў здагадку Пуаро.

— Менавіта. Гэта якраз тое, што здарылася з бедным старым Гервазы.

— У яго, мажліва, раздутае ўяўленне пра сваю асобу?

— Абсалютна. Я думаю, у галаве Гервазы свет заўсёды быў падзелены на дзве часткі: на адной яны, Шэвені-Гарэ, на другой — усе астатнія людзі.

— Гіпербалізаванае пачуццё сваёй радавітасці!

— Але. Усе Шэвені-Гарэ фанабэрыстыя, як д'яблы, — законы дыктуюць яны! У Гервазы, апошняга з іх, гэтага аж занадта. Сапраўды, калі яго слухаеш, можна падумаць, што ён, э-э, усявышні!

Пуаро павольна і задуменна паківаў галавою.

— Так, я падумаў пра гэта. Я атрымаў, разумееце, ад яго ліст. Гэта незвычайны ліст, які не просіць, а кліча!

— Каралеўскі загад, — сказаў містэр Сэтазвэйт, злёгку хіхікнуўшы.

— Менавіта. Гэтаму сэру Гервазы не прыйшло ў галаву, што я, Эркюль Пуаро, салідны чалавек, у якога так многа спраў! Што надзвычай малаверагодна, каб я адкінуў усё ўбок і прыбег, як паслухмяны сабака, як нікчэмны паслугач, які рады атрымаць хоць якое даручэнне!

Містэр Сэтазвэйт прыкусіў губу, каб схаваць усмешку. Ён мог падумаць, што калі гаварыць пра эгаізм, дык тут не было вялікай розніцы паміж Эркюлем Пуаро і Гервазы Шэвені-Гарэ.

Ён прамармытаў:

— Вядома; а калі справа, якой датычылася гэтая позва, была пільная?..

— Не была! — Рукі Пуаро ўзняліся ў паветра, зрабіўшы выразны жэст. — Я павінен быў быць у яго пад рукою, вось і ўсё, на выпадак, калі яму спатрэбіцца выклікаць мяне! Еnfin, jе vous dетепdе![2]

Рукі зноў красамоўна ўзняліся ўгору, лепш за словы перадаючы гнеў містэра Эркюля Пуаро.

— Я зразумеў так, — сказаў містэр Сэтазвэйт, — што вы адмовіліся?

— Я яшчэ не меў магчымасці, — павольна сказаў Пуаро.

— Але вы адмовіцеся?

Новы выраз мільгануў на твары маленькага чалавека. Яго брыво разгублена тарганулася. Ён адказаў:

— Як бы гэта сказаць? Адмовіцца — так, гэта была мая першая рэакцыя. Але я не ведаю… Часам ёсць нейкае прадчуванне. Ці не пахне тут рыбай…

Містэр Сэтазвэйт успрыняў гэтыя апошнія словы сур'ёзна.

— Вось як? — сказаў ён. — Цікава…

— Мне здаецца, — гаварыў далей Эркюль Пуаро, — што чалавек, якога вы намалявалі, можа быць вельмі крыўдлівы…

— Крыўдлівы? — здзівіўся містэр Сэтазвэйт. Гэтае слова было не з тых, якія ў яго звычайна асацыіравалісяі з Гервазы Шэвені-Гарэ. Але ён быў праніклівы і кемлівы чалавек. Ён разважліва сказаў:

— Здаецца, я разумею, што вы маеце на ўвазе.

— Гэта чалавек у латах, так, у латах — у сапраўдных латах! Латы крыжакоў — нішто ў параўнанні з імі, з латамі фанабэрыі, гонару, страшэннай самаўпэўненасці. Гэтыя латы ў пэўным сэнсе абарона: стрэлы, штодзённыя стрэлы жыцця, адлятаюць ад іх. Але тут ёсць і небяспека: чалавек у латах часам можа нават і не ведаць, што яго атакуюць. Ён бачыць запаволена, запаволена чуе, яшчэ павольней адчувае.

Пуаро памаўчаў, потым спытаўся ўжо іначай:

— Якая сям'я гэтага сэра Гервазы?

— Ванда — яго жонка. Яна з Абаснатаў, была вельмі прыгожая дзяўчына. Яна і цяпер прыгожая жанчына. Страшэнна незразумелая, аднак. Адданая Гервазы. У яе, я ведаю, прыхільнасць да акультных навук. Носіць амулеты і скарабеяў і заяўляе, што яна — пераўвасабленне егіпецкай царыцы… Далей, Рут — прыёмная дачка. У іх няма сваіх дзяцей. Вельмі прывабная дзяўчына ў сучасным стылі. Вось і ўся сям'я. Апрача, вядома, Х'юга Трэнта. Гэта пляменнік Гервазы. Памела Шэвені-Гарэ выйшла замуж за Рэгі Трэнта, і Х'юга быў іх адзінае дзіця. Ён сірата. Х'юга не можа атрымаць у спадчыну тытул, вядома, але я думаю, што яму пяройдзе ўрэшце большасць грошай Гервазы. Прыгожы хлопец; служыць у коннай гвардыі.

вернуться

2

Нарэшце, прашу вас! (фр.).