Выбрать главу

— Вам ніколі не прыходзіла, хоць на момант, думка, што сэр Гервазы мог застрэліцца? — запытаўся Пуаро.

— Ну, як такое магло прыйсці мне ў галаву? Стары, здавалася, цешыўся жыццём і сабою. Я не магла і падумаць, што ён зробіць такое. І не магу здагадацца, чаму ён гэта зрабіў. Відаць, толькі таму, што быў ненармальны.

— Нешчаслівая падзея.

— Вельмі, для Х'юга і мяне. Ён, як быццам, нічога не пакінуў Х'юга, ці амаль нічога.

— Хто вам сказаў гэта?

— Х'юга выпытаў у старога Фобза.

— Ну што ж, міс Кардвэл… — Маёр Рыдл хвілінку падумаў. — Відаць, гэта ўсё. Як вы лічыце, міс Шэвені-Гарэ адчувае сябе дастаткова добра, каб прыйсці і пагаварыць з намі?

— О, я думаю, яна зможа прыйсці. Я скажу ёй.

Пуаро ўмяшаўся:

— Адну хвілінку, мадэмуазель. Ці бачылі вы гэта раней?

Ён працягнуў аловак, падобны на кулю.

— Ага, бачыла, калі мы гулялі ў брыдж сёння пасля поўдня. Гэта старога палкоўніка Бэры, я думаю.

— Ён забраў яго пасля робера?

— Чаго не ведаю, таго не ведаю.

— Дзякую, мадэмуазель. Гэта ўсё.

— Добра, я скажу Рут.

Рут Шэвені-Гарэ ўвайшла ў пакой, як каралева. Твар яе быў свежы, галава высока ўзнята. Але вочы, як і вочы Сьюзен Кардвэл, пазіралі ўважліва. На ёй была тая ж сукенка бледна-абрыкосавага колеру, што і тады, калі Пуаро прыехаў. Сукенку аздабляла прышпіленая да пляча ружа густога колеру самон[15]. Гадзіну назад яна была свежая і яркая, а цяпер прывяла.

— Дык што?.. — абазвалася Рут.

— Мне вельмі няёмка турбаваць вас, — пачаў маёр Рыдл.

Яна перабіла яго:

— Вядома, вы павінны патурбаваць мяне. Вы павінны патурбаваць кожнага. Аднак, я магу сэканоміць ваш час. Я ўяўлення не маю, чаму Стары скончыў жыццё самагубствам. Адзінае, што магу вам сказаць: гэта ані не падобна на яго.

— Вы не заўважылі ў яго сённяшніх паводзінах чаго-небудзь нядобрага? Ці не быў ён у дэпрэсіі або празмерна ўзбуджаны — ці хоць што было анармальнае?

— Не думаю. Я не заўважыла…

— Калі вы апошні раз бачылі яго?

— Калі мы пілі гарбату.

Пуаро спытаўся:

— Вы не заходзілі ў кабінет — пазней?

— Не. Апошні раз бачыла яго ў гэтым пакоі. Ён сядзеў вось тут.

Яна паказала на крэсла.

— Зразумела. Вам знаёмы гэты аловак, мадэмуазель?

— Аловак палкоўніка Бэры.

— Вы яго бачылі нядаўна?

— Я сапраўды не памятаю.

— Вам вядома што-небудзь пра… нязгоду паміж сэрам Гервазы і палкоўнікам Бэры?

— Вы маеце на ўвазе гісторыю з «Пэраган рабэ компані»?

— Але.

— Думаю, што так. Стары быў раз'юшаны гэтым!

— Ён, магчыма, лічыў, што яго ашукваюць?

Рут паціснула плячыма.

— Ён нічога не разумеў у фінансах.

— Ці магу я задаць вам пытанне, мадэмуазель, — сказаў Пуаро, — трохі дзёрзкае пытанне?

— Вядома, калі вы жадаеце.

— Яно такое: ці шкадуеце вы, што ваш… бацька памёр?

Яна са здзіўленнем паглядзела на яго.

— А як жа, шкадую. Я не ўпадаю ў сентыментальнасць, але мне будзе не хапаць яго… Я любіла Старога. Так мы, Х'юга і я, называлі яго заўсёды. «Стары» — разумееце, нешта некшталт першабытнага антрапоіда-малпы — сапраўднага патрыярха радавой справы. Гэтыя словы гучаць як быццам непаважліва, але за імі — глыбокая прыхільнасць. А так ён быў самы безгаловы асёл на свеце!

— Вы мяне зацікавілі, мадэмуазель.

— У Старога быў авечы розум! Шкада, што даводзіцца так гаварыць, але гэта праўда. Ён быў няздатны ні да якой разумовай працы. Майце на ўвазе, гэта была яркая асоба. Фантастычна адважная і гэтак далей! Ён мог смела ісці на полюс альбо біцца на дуэлях. Я ўпэўнена, ён так выхваляўся таму, што ведаў — у галаве ў яго мала клёку. Кожны мог узяць верх над ім.

Пуаро дастаў ліст з кішэні.

— Прачытайце, мадэмуазель.

Яна прачытала ліст і аддала яму назад.

— Дык вось што прывяло вас сюды!

— Ці не наводзіць вас на якую-небудзь думку гэты ліст?

Яна адмоўна паківала галавой.

— Не. Гэта, напэўна, чыстая праўда. Любы мог абіраць беднага старога небараку. Джон кажа, апошні перад ім агент ашукваў Старога направа і налева. Разумееце, ён быў такі велічны і фанабэрысты, што ніколі не апускаўся да таго, каб заглыбіцца ў дэталі! Ён быў як запрашэнне махлярам.

— Вы, мадэмуазель, ствараеце зусім іншы вобраз сэра Гервазы, чым той, агульнавядомы.

вернуться

15

Аранжава-ружовы колер.