Выбрать главу

— О, так — у яго быў даволі добры камуфляж. Ванда, мая маці, выручала яго, як умела. Ён быў такі шчаслівы, важна іграючы ролю Ўсявышняга. Вось чаму, часткова, я рада, што ён нежывы. Гэта найлепш для яго.

— Я не зусім разумею вас, мадэмуазель.

Рут задумліва сказала:

— Яго хвароба прагрэсіравала. Не сёння-заўтра яго запраторылі б у вар'яцкі дом… Людзі пачалі ўжо гаварыць, так яно было…

— Ці ведалі вы, мадэмуазель, што ён абдумваў завяшчанне, паводле якога вы маглі б атрымаць яго грошы толькі тады, калі б выйшлі замуж за містэра Трэнта?

Яна ўскрыкнула:

— Які абсурд! Усё роўна, я ўпэўнена, суд адхіліў бы гэта… Я ўпэўнена, нельга дыктаваць людзям, за каго яны павінны выходзіць замуж.

— Калі ён сапраўды падпісаў такое завяшчанне, ці згадзіліся б вы, мадэмуазель, выканаць гэтую ўмову?

Яна ашаломлена глядзела на яго.

— Я… я…

Дзве-тры хвіліны яна сядзела, нерашучая, пазіраючы на сваю туфлю-лодачку, што звісала з нагі. Маленькі камячок зямлі ўпаў з абцаса на дыван. Раптам Рут Шэвені-Гарэ сказала:

— Пачакайце! — Устала і выбегла з пакоя. Вярнулася хутка з капітанам Лэйкам.

— Гэта павінна выйсці наверх, — задыхаўшыся, сказала яна. — Вы таксама можаце ведаць гэта зараз. Джон і я пажаніліся ў Лондане тры тыдні назад.

10

З іх дваіх капітан Лэйк выглядаў куды больш збянтэжаным.

— Гэта вялікі сюрпрыз, міс Шэвені-Гарэ… міс Лэйк, дакладней кажучы, — вымавіў маёр Рыдл. — І ніхто не ведаў пра гэты ваш шлюб?

— Не, мы ўсё трымалі ў сакрэце. Джону не вельмі падабалася гэта.

Лэйк сказаў, трохі заікаючыся:

— Я… я ведаю, гэта даволі пагана так пачынаць жыццё. Я павінен быў проста пайсці да сэра Гервазы…

Рут перабіла яго:

— І сказаць яму, што ты хочаш ажаніцца з яго дачкой, і вылецець кулём з пакоя, і ён, напэўна, пакінуў бы мяне без спадчыны, зрабіў бы пекла ў доме, і мы з табою захапляліся б, як цудоўна паводзілі сябе! Павер мне, я прыдумала лепш! Што зроблена — тое зроблена. Усё роўна быў бы скандал, але Стары ўрэшце супакоіўся б.

Лэйк па-ранейшаму выглядаў няшчасным. Пуаро спытаўся:

— Калі вы намерваліся паведаміць навіну сэру Гервазы?

— Я рыхтавала глебу, — адказала Рут. — Ён даволі падазрона прыглядваўся да нас з Джонам, і я прыкінулася, што пераключыла сваю ўвагу на Годфры. Натуральна ён раззлаваўся. Я прыйшла да высновы, што навіна пра мой шлюб з Джонам была б палёгкай!

— Ці ведаў наогул хто-небудзь пра гэты шлюб?

— Урэшце я прызналася Вандзе. Я хацела перацягнуць яе на мой бок.

— І вы мелі поспех?

— Угу. Разумееце, яна не надта захаплялася ідэяй майго шлюбу з Х'юга — я думаю, таму, што ён мой кузен. Яна, мабыць, прыкідвала: раз у сям'і ўсе не ў сваім розуме, то ў нас, пэўна, нарадзіліся б зусім дурныя дзеці. Гэта, відавочна, досыць абсурдна, бо я толькі прыёмная дачка, як вы ведаеце. Упэўнена, я дзіця нейкага зусім далёкага сваяка.

— Вы перакананы, што сэр Гервазы ані не здагадваўся аб праўдзе?

— О, не, не здагадваўся.

Пуаро спытаўся:

— Ці так гэта, капітан Лэйк? Вы цвёрда ўпэўнены, што ў вашай размове з сэрам Гервазы сёння пасля поўдня не ўпаміналася гэтая справа?

— Не, сэр, не ўпаміналася.

— Бо, разумееце, капітан Лэйк, ёсць пэўныя сведчанні, якія паказваюць, што сэр Гервазы быў вельмі ўзбуджаны пасля сустрэчы з вамі і што ён гаварыў раз ці два пра сямейную ганьбу.

— Нічога не ўпаміналася, — паўтарыў Лэйк. Яго твар увесь збялеў.

— Вы бачылі тады сэра Гервазы апошні раз?

— Угу, я ўжо гаварыў вам.

— Дзе вы былі ў восем хвілін дзевятай сёння ўвечары?

— Дзе я быў? У сваім доме. У канцы вёскі, можа, з паўмілі адсюль.

— Вы не былі паблізу Гэмбара Клоўз у гэты час?

— Не.

Пуаро павярнуўся да дзяўчыны.

— Дзе вы былі, мадэмуазель, калі ваш бацька застрэліўся?

— У садзе.

— У садзе? Вы чулі стрэл?

— О, так. Але я асабліва не задумалася, палічыла — нехта страляе трусоў. А зараз успамінаю, што тады падумала, як блізка гэта гучыць.

— Якой дарогай вы вярнуліся ў дом?

— Я ўвайшла праз гэтае акно.

Рут паказала паваротам галавы на французскае акно за ёю.

— Хто-небудзь быў тут?

— Не. Але Х'юга, Сьюзен і міс Лінгард увайшлі ў залу амаль адразу. Яны гаварылі пра стрэл, пра забойства і гэтак далей.

— Разумею, — сказаў Пуаро. — Так, здаецца, зараз я разумею…

Маёр Рыдл з сумненнем сказаў:

— Добра, э-э, дзякую. Думаю, пакуль усё.

Рут з мужам павярнуліся і выйшлі з пакоя.