Выбрать главу

— Ліха яго ведае… — пачаў маёр Рыдл і скончыў даволі безнадзейна: — Усё цяжэй і цяжэй не збіцца са следу.

Пуаро кіўнуў. Ён падняў той маленькі камячок зямлі, што ўпаў з абцаса туфлі Рут, і задумліва трымаў яго ў руцэ.

— Гэта падобна на тое разбітае люстра, — вымавіў ён. — Нябожчыкава люстра. Кожны новы факт, на які мы натыкаемся, паказвае нам нейкі іншы бок нябожчыка. Ён адлюстроўваецца з усіх магчымых пунктаў гледжання. Неўзабаве ў нас будзе поўны малюнак…

Ён устаў і паклаў маленькі камячок зямлі ў кошык для непатрэбнай паперы.

— Я скажу вам адно, дружа мой. Ключ да ўсёй таямніцы — люстра. Зайдзіце ў кабінет і паглядзіце самі, калі вы не верыце мне.

Маёр Рыдл рашуча сказаў:

— Калі тут забойства, дык ваш абавязак даказаць гэта. А як вы спытаецеся ў мяне, я скажу: гэта, несумненна, самагубства. Памятаеце, што дзяўчына сказала пра агента, які быў раней, — ашукваў старога Гервазы? Я ўпэўнены, Лэйк расказаў гэтую казку для сваёй карысці. Ён, напэўна, трохі падкормліваўся за кошт гаспадара; сэр Гервазы гэта падазраваў і паслаў па вас, бо ён ведаў, як далёка зайшло ў Лэйка з Рут. Потым, учора папаўдні, Лэйк паведаміў яму, што яны пажаніліся. Гэта разгневала Гервазы. Было «занадта позна», каб што-небудзь зрабіць. Ён вырашыў пазбыцца ўсяго гэтага. Сапраўды, яго розум, які ніколі не вызначаўся цвярозасцю і ў лепшыя часы, памутнеўся. Вось што, на маю думку, адбылося. Што вы можаце сказаць на гэта?

Пуаро, як і раней, стаяў на сярэдзіне пакоя.

— Што я магу сказаць? Вось што: нічога не магу сказаць супраць вашай тэорыі — але на ёй далёка не паедзеш. Ёсць некаторыя нюансы, якіх яна не прымае пад увагу.

— Напрыклад?

— Супрацьлеглыя ацэнкі ўчарашняга настрою сэра Гервазы, знаходка алоўка палкоўніка Бэры, сведчанне міс Кардвэл (яно вельмі важнае), сведчанне міс Лінгард — у якім парадку людзі сыходзіліся на абед, тое, дзе стаяла крэсла сэра Гервазы, калі таго знайшлі, папяровы мяшок, у якім захоўваліся апельсіны, і, нарэшце, самы галоўны ключ — разбітае люстра.

Маёр Рыдл здзіўлена глядзеў на Пуаро.

— Вы хочаце сказаць мне, што гэтая лухта мае значэнне? — спытаўся ён.

Эркюль Пуаро мякка адказаў:

— Я спадзяюся, што зраблю, каб да заўтрашняга дня гэта мела значэнне.

11

Якраз развіднела, калі назаўтра Эркюль Пуаро прачнуўся. Яму адвялі спальню ва ўсходнім крыле дома.

Устаўшы з ложка, ён адцягнуў убок штору і ўсцешыўся, што сонца ўзышло і што раніца такая цудоўная.

Ён пачаў апранацца, як і заўсёды, педантычна-старанна. Скончыўшы туалет, захутаўся ў тоўстае паліто і заматаў шыю шалікам.

Потым на дыбачках выйшаў з пакоя і прабраўся праз маўклівы дом у гасціную. Бязгучна адчыніў французскае акно і выйшаў у сад.

Сонца якраз толькі паказвалася. У паветры стаяла смуга, смуга цудоўнай раніцы. Ідучы па ступеньчатай дарожцы вакол дома, Эркюль Пуаро падышоў да вокнаў кабінета сэра Гервазы. Тут ён спыніўся і агледзеўся.

Адразу ж перад вокнамі паралельна з домам цягнулася паласа травы, акаймаваная шырокім бардзюрам. Астры ўсё яшчэ былі прыгожыя. Перад бардзюрам была зарослая дарожка, дзе і стаяў Пуаро. Трава расла і на дарожцы за бардзюрам да самай веранды. Пуаро ўважліва агледзеў дарожку і пакруціў галавой. Ён перавёў сваю ўвагу на бардзюр абапал веранды. Зноў задумліва паківаў галавой. На правай клумбе на мяккай глебе выразна выдзяляліся сляды. Ён, хмурачыся, уважліва глядзеў на іх, але раптам пачуў нейкі гук і рэзка ўзняў галаву.

Уверсе над ім адчынілі акно. Паказалася рыжавалосая галава. Як у залаціста-чырвоным арэоле ўбачыў ён разумны твар Сьюзен Кардвэл.

— Што, не магу ўцяміць, вы робіце тут у такі час, містэр Пуаро? Гэта тое месца, адкуль вы высочваеце злачынцаў?

Пуаро пакланіўся з надзвычайнай карэктнасцю.

— Добрай раніцы, мадэмуазель! Але, так яно і ёсць, як вы кажаце. Зараз вы бачыце дэтэктыва — вялікага дэтэктыва, можна сказаць — у дзеянні, як ён раскрывае злачынства!

Фраза была трохі квяцістая. Сьюзен схіліла галаву набок.

— Я павінна адзначыць гэта ў сваіх мемуарах, — сказала яна. — Мне сысці ўніз і дапамагчы вам?

— Я быў бы ў захапленні.

— Спачатку я прыняла вас за рабаўніка. Як вы выбраліся з дому?

— Праз акно ў гасцінай.

— Адну хвілінку, і я буду з вамі.

Яна была верная свайму слову.

Як відаць, Пуаро быў дакладна там, дзе і тады, калі яна ўпершыню ўбачыла яго.

— Вы вельмі рана прачнуліся, мадэмуазель?

— Я кепска спала. У мяне быў якраз такі агідны стан, які бывае ў пяць раніцы.

— Цяпер не зусім так рана, як вы думаеце!