Выбрать главу

— Я адчуваю сябе так! А зараз, мой супердэтэктыў, што мы аглядаем?

— Як што, вывучаем, мадэмуазель, сляды.

— Сляды ёсць.

— Чатыры сляды, — працягваў Пуаро. — Вось, я вам іх паказваю. Два — да акна, два — адтуль.

— Чые? Садоўнікавы?

— Мадэмуазель, мадэмуазель! Гэта адбіткі малых элегантных жаночых туфелек на высокім абцасе. Зірніце, пераканайцеся самі. Ступіце, прашу вас, на зямлю вось тут, побач з імі.

Сьюзен хвілінку павагалася, потым нясмела паставіла нагу на глебу там, дзе паказаў Пуаро. Яна была абута ў невялічкія туфлі-лодачкі з цёмна-карычневай скуры на высокім абцасе.

— Бачыце, вашы амаль такога ж памеру. Амаль, але не зусім. Гэтыя другія зроблены трохі большай, чым ваша, нагой. Магчыма, гэта сляды міс Шэвені-Гарэ, або міс Лінгард, ці нават лэдзі Шэвені-Гарэ.

— Не лэдзі Шэвені-Гарэ — у яе маленькія ногі. Людзі ў тыя часы ўхітраліся мець маленькія ногі. А міс Лінгард носіць смешныя чаравікі з нізкімі абцасамі.

— Дык гэта сляды міс Шэвені-Гарэ… А, так, я памятаю, яна згадвала, што выходзіла ў сад учора вечарам.

Ён павёў яе назад вакол дома.

— Мы ўсё яшчэ ідзём па следу?

— Ну, вядома ж. Зараз мы зойдзем у кабінет сэра Гервазы.

Ён пракладваў дарогу. Сьюзен Кардвэл ішла за ім.

Дзверы па-ранейшаму паныла звісалі. Унутры пакой быў такі ж, як і ўчора вечарам. Пуаро адсунуў шторы і ўпусціў у пакой дзённае святло. Ён пастаяў, пазіраючы на бардзюр хвіліну-дзве, а потым сказаў:

— Мяркую, вы не дужа добра знаёмы з рабаўнікамі, мадэмуазель?

Сьюзен Кардвэл са шкадаваннем адмоўна паківала галавой.

— Баюся, не, містэр Пуаро.

— Галоўны канстэбль таксама не можа пахваліцца сяброўскімі адносінамі з імі. Яго сувязі з крымінальнікамі заўсёды былі строга афіцыйныя. У мяне — не гэтак. Аднойчы я меў вельмі прыемную гутарку з рабаўніком. Ён расказаў мне цікавую штуку пра французскія вокны — трук, які часам можа выкарыстоўвацца, калі запор даволі свабодны.

Гаворачы, ён павярнуў ручку левага акна, прэнт пасярэдзіне выйшаў з адтуліны ўнізе, і Пуаро пацягнуў абедзве палавіны французскага акна да сябе. Ён шырока расчыніў іх, а потым зачыніў зноў — зачыніў, не паварочваючы ручку, каб прэнт не апусціўся ў свой паз. Ён выпусціў ручку, хвілю пачакаў, а потым рэзка стукнуў знізу ўгору па цэнтры прэнта. Ад удару прэнт апусціўся ўніз у паз — ручка сама павярнулася.

— Вы бачыце, мадэмуазель?

— Думаю, так.

Сьюзен аж пабялела.

— Акно зараз зачынена. Немагчыма ўвайсці ў пакой, калі акно зачынена, але можна выйсці з пакоя, пацягнуць створкі звонку, потым стукнуць, як я зрабіў, і запор ідзе ўніз, паварочваючы ручку. Акно, такім чынам, шчыльна зачынена, і кожны, хто паглядзіць на яго, скажа, што яно было зачынена знутры.

— Гэта тое… — Голас Сьюзен злёгку задрыжаў. — Гэта тое, што адбылося ўчора вечарам.

— Думаю, тое, мадэмуазель.

Сьюзен з роспаччу сказала:

— Я не веру ніводнаму гэтаму слову.

Пуаро не адказаў. Ён падышоў да каміннай паліцы. Потым рэзка павярнуўся.

— Мадэмуазель, прашу вас быць за сведку. Я ўжо маю аднаго сведку, містэра Трэнта. Ён бачыў, як я знайшоў гэты маленькі асколачак люстра ўчора вечарам. Я казаў пра яго яму. Я пакінуў яго там, дзе ён быў, для паліцыі. Я нават сказаў галоўнаму канстэблю, што разбітае люстра — гэта важны ключ. Але ён не надаў значэння майму намёку. Зараз вы сведка таго, як я кладу гэты асколачак люстра (на які, памятайце, я ўжо звярнуў увагу містэра Трэнта) у маленькі канверт, — вось так. Сказана — зроблена. І я пішу на ім — так — і запячатваю. Вы сведка, мадэмуазель?

— Але… толькі… толькі я не ведаю, што гэта значыць.

Пуаро перайшоў на другую палавіну пакоя. Ён стаяў перад сталом і пільна глядзеў на раструшчанае люстра на сцяне насупраць.

— Я скажу вам, што гэта значыць, мадэмуазель. Калі б вы стаялі тут учора вечарам, гледзячы ў гэтае люстра, вы маглі б убачыць у ім, як адбывалася забойства.

12

Упершыню ў жыцці Рут Шэвені-Гарэ — зараз Рут Лэйк — прыйшла снедаць своечасова. Эркюль Пуаро быў у зале і адвёў яе ўбок, перш чым яна зайшла ў сталовую.

— У мяне ёсць адно пытанне да вас, мадам.

— Слухаю.

— Вы былі ў садзе ўчора вечарам. Ці ступалі вы хоць раз на клумбу, што за акном кабінета сэра Гервазы?

Рут здзіўлена паглядзела на яго.

— Так, двойчы.

— А! Двойчы. Як двойчы?

— Першы раз я рвала астры нейдзе каля сёмай гадзіны.

— Вам не здаецца, што гэта быў даволі дзіўны час, каб ірваць кветкі?

— Так, праўда. Я нарвала кветак учора раніцай, але Ванда сказала пасля гарбаты, што кветкі на стале не надта свежыя. Я падумала, што нічога, пастаяць і гэтыя, таму не нарвала свежых.