— Забойца, — сказаў Пуаро, — выйшаў праз акно. Я пакажу вам як.
Ён паўтарыў свой вопыт з акном.
— Бачыце? Вось як гэта было зроблена! З самага пачатку я не мог лічыць верагодным, што сэр Гервазы скончыў жыццё самагубствам. У яго была рэзка выяўленая эгаманія, а такі чалавек не забівае сябе. І былі яшчэ іншыя рэчы! Відавочна, перад сваім самагубствам сэр Гервазы сеў за пісьмовы стол, накрэмзаў слова «даруйце» на аркушы паштовай паперы і тады застрэліўся. Але перад гэтым апошнім учынкам ён з нейкай прычыны пераставіў крэсла, павярнуўшы яго бокам да стала. Чаму? Павінен быць адказ. Я пачаў што-нішто разумець, калі знайшоў знізу на цяжкай бронзавай статуэтцы прыліплы маленькі асколачак люстра…
Я задаў сабе пытанне: як асколак разбітага люстра трапіў туды? І адказ прыйшоў сам. Люстра было разбіта не куляй, а ўдарам цяжкай бронзавай статуэткі. Гэтае люстра было разбіта наўмысна. Але навошта? Я вярнуўся да стала і агледзеў крэсла. І тады я ўбачыў, што ўсё было не так. Ніякае самагубства не павярнула б крэсла кругом, не нахіліла б яго самога на край і тады застрэліла. Усё было падроблена. Самагубства было фальшыўкай!
А цяпер я пераходжу да вельмі важнага. Сведчанне міс Кардвэл. Міс Кардвэл сказала, што яна бегла ўніз па лесвіцы ўчора вечарам, бо ёй здалося, што гэта гучаў другі гонг. Такім чынам, яна думала, што ўжо чула першы гонг.
Цяпер разважце, калі сэр Гервазы сядзеў за сваім сталом у нармальнай позе і быў застрэлены, куды б трапіла куля? Летучы па прамой лініі, яна прайшла б праз дзверы, калі яны былі адчынены, і ўрэшце трапіла б у гонг!
Вы разумееце цяпер значнасць заявы міс Кардвэл? Ніхто больш не чуў той першы гонг, але ж яе пакой — непасрэдна над гэтым, і, такім чынам, у яе была найлепшая магчымасць чуць яго. Яна сцвярджае, што чула толькі адзін гук, памятайце.
Не можа быць ніякай гаворкі пра самагубства сэра Гервазы. Мёртвы чалавек не здольны ўстаць, зачыніць дзверы, замкнуць іх і ўсесціся ў патрэбнай позе! Нехта іншы паклапаціўся, і, такім чынам, гэта было не самагубства, а забойства. Нехта, чыя прысутнасць не выклікала пярэчанняў сэра Гервазы, стаяў каля яго збоку, размаўляючы з ім. Сэр Гервазы нешта пісаў, магчыма. Забойца падносіць пісталет да яго правай скроні і страляе. Злачынства ўчынена! Цяпер хутчэй, за работу! Забойца надзявае пальчаткі. Дзверы замкнуты, ключ пакладзены ў кішэню сэра Гервазы. Але што, як адзін моцны гук гонга быў пачуты? Тады стане зразумела, што дзверы былі адчыненыя, не зачыненыя, калі з пісталета стрэлілі. Таму — крэсла павернута, цела перасунута, пальцы нябожчыка сціскаюць пісталет, люстра наўмысна разбіта. Потым забойца выходзіць праз акно, хітрамудра яго зачыняе, ступае не на траву, а на клумбу, дзе сляды можна будзе пасля знішчыць; потым абыходзіць сцяну і ідзе ў сталовую.
Пуаро зрабіў паўзу, пасля працягваў:
— Толькі адзін чалавек быў у садзе, калі стрэлілі. Той самы чалавек пакінуў свае сляды на клумбе і адбіткі сваіх пальцаў на вонкавым баку акна.
Ён накіраваўся да Рут.
— І матыў меўся, так? Ваш бацька даведаўся пра ваш тайны шлюб. Ён рыхтаваўся пазбавіць вас спадчыны.
— Гэта хлусня! — Голас Рут быў звонкі і поўны пагарды. — У вашай гісторыі няма ні слова праўды. Хлусня ад пачатку і да канца!
— Доказы супраць вас, мадам, вельмі моцныя. Суд прысяжных можа паверыць вам. Ён можа і не паверыць!
— Ёй не трэба будзе станавіцца перад судом.
Усе павярнуліся, ашаломленыя. Міс Лінгард устала са свайго месца. Яе твар зусім змяніўся. Яна ўся дрыжала.
— Я застрэліла яго. Прызнаюся! У мяне былі прычыны. Я… я чакала пэўны час. Містэр Пуаро не памыляецца. Я пайшла за ім сюды. Пісталет узяла з шуфляды раней. Я стаяла побач з ім, размаўляючы пра кнігу, і я застрэліла яго. Было якраз пасля васьмі. Куля ўдарыла ў гонг. Я ніколі не думала, што яна так пройдзе праз яго галаву. Не было калі выходзіць і шукаць кулю. Я замкнула дзверы і паклала ключ яму ў кішэню. Потым павярнула крэсла, разбіла люстра і, накрамзоліўшы на кавалку паперы «даруйце», выйшла праз акно і зачыніла яго так, як містэр Пуаро паказаў вам. Я ступіла на клумбу, але разраўняла сляды маленькімі граблямі, якія там загадзя паклала. Потым пайшла ў гасціную. Пакінула акно адчыненым. Я не ведала, што Рут выходзіла праз яго. Мы, відавочна, абышлі дом з розных бакоў. Я мусіла прыбраць граблі пад паветку, як вы разумееце. Я пачакала ў гасцінай, пакуль не пачула, як нехта спускаецца ўніз і Снэл ідзе да гонга, а тады…
Яна паглядзела на Пуаро.
— Вы не ведаеце, што я зрабіла тады?