Выбрать главу

— О, ведаю. Я знайшоў папяровы мяшок у кошыку. Ваша ідэя была вельмі разумная. Вы зрабілі тое, што любяць рабіць дзеці. Вы надзьмулі папяровы мяшок і ляснулі па ім. Гэта быў усё ж моцны гук. Выкінуўшы мяшок у кошык, вы паспяшаліся ў залу. Вы «ўстанавілі» час самагубства і забяспечылі сабе алібі. Але заставалася адна рэч, якая вас турбавала. У вас не было часу падняць кулю. Яна, вядома, ляжала недзе каля гонга. Было важна, каб кулю знайшлі ў кабінеце дзе-небудзь паблізу люстра. Я не ведаю, калі ў вас з'явілася ідэя ўзяць аловак палкоўніка Бэры…

— Менавіта тады, — сказала міс Лінгард. — Калі мы ўсе прыйшлі з залы. Я здзівілася, убачыўшы ў пакоі Рут. І зразумела, што яна прыйшла з саду няйначай як праз акно. Тады я заўважыла аловак палкоўніка Бэры на стале для брыджа. Я сунула яго ў сумку. Калі б пазней хтосьці ўбачыў, як я падымаю кулю, я магла б сказаць, што гэта аловак. Праўду кажучы, я не думала, што нехта бачыў, як я падняла кулю. Я кінула яе паблізу люстра, пакуль вы аглядалі цела. Калі вы загаварылі са мной наконт гэтага, я вельмі ўсцешылася, што падумала пра аловак.

— Але, гэта было разумна і зусім збянтэжыла мяне.

— Я баялася, нехта мог пачуць стрэл, але ведала, што ўсе апраналіся на абед, за сценамі пакояў. Слугі былі ў сваіх памяшканнях. Толькі міс Кардвэл, магчыма, чула яго, і яна, відаць, падумае, што гэта зваротная ўспышка аўтамабіля. Тое, што яна чула, быў гонг. Я думала… я думала, усё было зроблена — камар носа не падточыць…

Містэр Фобз павольна і выразна вымавіў:

— Проста незвычайная гісторыя. Няма як быццам ніякага матыву…

Міс Лінгард цвёрда сказала:

— Быў матыў…

І са злосцю дадала:

— Ідзіце, званіце ў паліцыю! Чаго вы чакаеце?

Пуаро ветліва звярнуўся да ўсіх:

— Ці не будзеце вы ласкавы, усе, пакінуць пакой? Містэр Фобз, пазваніце маёру Рыдлу. Я пабуду тут, пакуль ён прыедзе.

Павольна, адзін за адным, усе выходзілі з пакоя. Нічога не разумеючы, ашаломленыя, шакіраваныя, яны кідалі збянтэжаныя позіркі на акуратненькую прамую фігуру з яе гладкім сівым праборам.

Рут была апошняя. Яна стала ў дзвярах, вагаючыся.

— Я не разумею. — Яна гаварыла злосна, з выклікам, з асуджэннем Пуаро: — Дык што, вы думалі, я ўчыніла гэта?

— Не, не, — Пуаро пакруціў галавой. — Не, я ніколі так не думаў.

Рут павольна выйшла.

Пуаро застаўся з маленькай афіцыйна-стрыманай жанчынай сярэдняга веку, якая толькі што прызналася ў дасканала прадуманым і спакойным забойстве.

— Не, — сказала міс Лінгард. — Вы не думалі, што яна гэта зрабіла. Вы абвінавачвалі яе, каб прымусіць гаварыць мяне. Праўда?

Пуаро схіліў галаву.

— Пакуль мы чакаем, — проста сказала міс Лінгард, — вы маглі б адкрыць мне, што прымусіла вас падазраваць мяне?

— Некалькі фактаў. Па-першае, ваш расказ пра сэра Гервазы. Горды чалавек накшталт сэра Гервазы ніколі не гаварыў бы з пагардай пра свайго пляменніка чужому, тым больш каму-небудзь з вашага кола. Вы хацелі ўзмацніць тэорыю самагубства. І яшчэ вы з усіх сіл стараліся навязаць ідэю, што прычынай самагубства была нейкая ганебная справа, звязаная з Х'юга Трэнтам. Пра гэта, зноў-такі, сэр Гервазы нават не заікнуўся б чужому. Потым — прадмет, які вы паднялі ў зале, і вельмі важны факт — вы не ўпамянулі, што Рут увайшла ў сталовую з саду. І яшчэ я знайшоў папяровы мяшок — надзвычай неадпаведны прадмет для кошыка ў гасцінай такога дома, як Гэмбара Клоўз! Толькі вы адна былі ў гасцінай, калі чуўся «стрэл». Трук з папяровым мяшком сам прыйшоў у галаву жанчыне — хітрамудрае дамашняе прыстасаванне. Такім чынам, усё супадае. Спроба скіраваць падазрэнне на Х'юга і адцягнуць ад Рут. Механізм злачынства — і яго матыў.

Маленькая сівая жанчына варухнулася.

— Вы ведаеце матыў?

— Думаю, што ведаю. Шчасце Рут — гэта было матывам. Я мяркую, што вам даводзілася бачыць яе з Лэйкам — вы ведалі пра іх каханне. І потым, дзякуючы лёгкаму доступу да папер сэра Гервазы, вам трапіўся накід яго новага завяшчання — Рут не атрымлівае спадчыны, пакуль не выйдзе замуж за Х'юга Трэнта. Гэта прымусіла вас учыніць свой суд, выкарыстоўваючы той факт, што сэр Гервазы папярэдне пісаў мне. Вы, мабыць, бачылі копію гэтага ліста. Якое цьмянае падазрэнне і які страх схілілі яго напісаць мне, я не ведаю. Ён, напэўна, падазраваў, што Бараўз альбо Лэйк пастаянна абкрадваюць яго. Няпэўнасць у вызначэнні пачуццяў Рут змусіла яго шукаць дапамогі ў прыватнага дэтэктыва. Вы гэты факт выкарысталі і наўмысна рыхтавалі сцэну для самагубства, падмацоўваючы яе сваім сведчаннем пра тое, што ён быў вельмі прыгнечаны чымсьці, звязаным з Х'юга Трэнтам. Вы паслалі мне тэлеграму і паведамілі, быццам сэр Гервазы сказаў, што я прыязджаю «занадта позна».