Пуаро спакойна сказаў:
— Мы знаходзімся ў Вэстшыры, праўда? Я вельмі добра ведаю вашага галоўнага канстэбля, маёра Рыдла.
Х'юга сказаў:
— Рыдл жыве прыкладна за мілю адгэтуль. Ён, відаць, сам заедзе сюды.
— Гэта будзе вельмі дарэчы, — сказаў Пуаро.
Ён пачаў уважліва, не спяшаючыся, знаёміцца з пакоем. Адсунуў убок штору і агледзеў французскія вокны[4], злёгку тузануўшы іх. Яны былі зачыненыя.
На сцяне за сталом вісела круглае люстра. Люстра было раструшшчана. Пуаро нагнуўся і падняў нейкі маленькі прадмет.
— Што гэта? — спытаўся Х'юга Трэнт.
— Куля.
— Яна прайшла якраз праз яго галаву і разбіла люстра?
— Здаецца, што так.
Пуаро асцярожна паклаў кулю там, дзе знайшоў яе, падышоў да стала. Нейкія паперы былі ўпарадкаваны, акуратна складзены ў стосы. На блоку прамакальнай паперы ляжаў вырваны аднекуль ліст, упоперак якога вялікімі друкаванымі літарамі няроўным почыркам было напісана слова «даруйце».
Х'юга сказаў:
— Напісаў, мабыць, у апошнія хвілі перад тым, як… зрабіў гэта.
Дэтэктыў задумліва кіўнуў.
Ён паглядзеў на раструшчанае люстра, потым на мёртвага.
Бровы Пуаро трохі нахмурыліся, як быццам ад здзіўлення. Ён падышоў да дзвярэй, якія крыва віселі з разбітым замком. У дзвярах, як ён ведаў, не было ключа, — інакш нельга было б глянуць праз замочную шчыліну. Не было ключа і на падлозе. Пуаро нахіліўся над мёртвым і абшукаў яго.
— Так, — сказаў ён. — Ключ у кішэні.
Х'юга выняў партсігар і запаліў цыгарэту. Ён гаварыў хрыплавата.
— Здаецца, зразумела, — сказаў ён. — Мой дзядзька ўсё пазачыняў і зачыніўся сам, накрэмзаў гэтае пасланне на кавалачку паперы і потым застрэліўся.
Пуаро задумліва кіўнуў. Х'юга казаў далей:
— Але да мяне не даходзіць, навошта ён пасылаў па вас. Якая ў яго магла быць справа?
— Гэта трохі цяжэй растлумачыць. Пакуль мы чакаем, містэр Трэнт, уладаў, якія возьмуць клопат на сябе, магчыма, вы паінфармуеце мяне, хто такія ўсе гэтыя людзі, якіх я ўбачыў сёння вечарам, калі прыехаў?
— Хто яны? — Х'юга адказваў амаль няўцямна. — О, так, вядома. Прабачце. Можа, мы сядзем? — Ён паказаў на канапку ў самым далёкім ад цела нябожчыка куце пакоя. І гаварыў далей адрывіста: — Так, Ванда — мая цётка, вы ведаеце. І Рут, мая кузіна. Але вы знаёмы з а'бедзвюма. Другая дзяўчына завецца Сьюзен Кардвэл. Яна проста гасцюе тут. І яшчэ палкоўнік Бэры. Ён стары сябар сям'і. І містэр Фобз. Ён таксама стары сябар, апрача таго, ён сямейны юрыст і ўсё такое. Абодва старыя былі закаханыя ў Ванду, калі яна была маладая, і па-ранейшаму круцяцца каля яе, верныя і адданыя. Смешна, але даволі кранальна. Яшчэ тут ёсць Годфры Бараўз, старога — я маю на ўвазе майго дзядзьку — сакратар, і міс Лінгард, якая дапамагае яму пісаць гісторыю Шэвені-Гарэ. Яна рыхтуе гістарычны матэрыял тым, хто піша. Вось, здаецца, і ўся кампанія.
Пуаро кіўнуў. Потым сказаў:
— Як я зразумеў, вы сапраўды чулі стрэл, якім быў забіты ваш дзядзька?
— Так, мы чулі. Думалі, гэта быў корак ад шампанскага; прынамсі, я так падумаў. Сьюзен і міс Лінгард лічылі, што гэта была зваротная ўспышка аўтамабіля — дарога зусім блізка, ведаеце.
— Калі гэта было?
— Ну, прыблізна ў дзесяць хвілін дзевятай. Снэл якраз першы раз ударыў у гонг.
— І дзе вы былі, калі пачулі яго?
— У зале. Мы — мы смяяліся наконт гэтага, спрачаліся, разумееце, пра тое, адкуль гэты гук. Я сказаў, што са сталовай, а Сьюзен сказала, што з гасцінай, а міс Лінгард — што грукнула недзе ўгары, а Снэл сказаў — гэта з дарогі, з вуліцы, і даляцеў да нас праз вокны наверсе. А Сьюзен спыталася: «Больш ніякіх тэорый?» А я засмяяўся і сказаў: «Забойствы бываюць заўсёды!» Даволі дурны жарт, як падумаеш.
Яго твар нервова перасмыкнуўся.
— Нікому не прыйшла думка, што гэта, магчыма, застрэліўся сэр Гервазы?
— Не, вядома, не.
— Вы сапраўды не ўяўляеце сабе, чаму ён мог застрэліцца?
Х'юга павольна сказаў:
— О, ну… Я не сказаў бы, што…
— У вас ёсць здагадка?
— Але… ёсць… Гэта цяжка растлумачыць. Вядома, я не чакаў, што ён скончыць жыццё самагубствам, але тым не менш я не надта здзіўлены. Бо мой дзядзька быў вар'ят, містэр Пуаро. Кожны ведаў пра тое.
— Гэта здаецца вам дастатковым тлумачэннем?
— Угу, людзі страляюцца, калі яны трохі звіхнутыя.
— Надзіва простае тлумачэнне.
Х'юга ўтаропіўся ў яго.
Пуаро зноў устаў і пачаў бязмэтна блукаць па пакоі. Пакой быў утульна мэбліраваны, пераважаў цяжкаваты віктарыянскі стыль. Масіўныя кніжныя шафы, вялізныя крэслы з поручнямі і некалькі меншых — сапраўдны чыпендэйл[5]. Тут не было лішняй аздобы, але невялікія вырабы з бронзы на каміне прыцягнулі ўвагу Пуаро і відавочна выклікалі ў яго захапленне. Ён падымаў іх адзін за адным, старанна аглядаў кожны і асцярожна ставіў на месца. З аднаго, крайняга злева, ён скалупнуў нешта пазногцем.
4
Французскае акно — на дзве палавінкі, да падлогі, яно служыць і як дзверы ў сад або на балкон.