Выбрать главу

— Добра, сэр.

Лэйк сеў на крэсла насупраць іх.

— Калі вы апошні раз бачылі сэра Гервазы?

— Сёння, гадзіне а трэцяй. Трэба было праверыць некаторыя рахункі і яшчэ вырашыць пытанне пра новага арандатара адной фермы.

— Доўга вы з ім былі?

— Магчыма, паўгадзіны.

— Падумайце добра і скажыце мне, ці не заўважылі вы чаго-небудзь нязвыклага ў яго паводзінах?

Малады чалавек задумаўся.

— Не, наўрад. Ён быў, бадай, трошкі ўзбуджаны, але гэта не было нязвыкла для яго.

— Можа, ён быў хоць крыху прыгнечаны?

— О, не, ён быў у гуморы. Ён цешыўся жыццём менавіта цяпер, пішучы гісторыю роду.

— І як даўно ён заняўся гэтым?

— Пачаў месяцаў шэсць назад.

— Тады, як прыехала сюды міс Лінгард?

— Не. Яна прыехала прыкладна два месяцы назад, калі ён убачыў, што сам не справіцца з даследчай работай.

— Дык вы думаеце, ён быў у добрым настроі?

— О, проста ў цудоўным! Ён сапраўды лічыў, што на свеце нішто не мае значэння, апрача яго роду.

У голасе маладога чалавека раптам прамільгнула горыч.

— Значыцца, наколькі вы ведаеце, у сэра Гервазы не было ніякай трывогі?

Паўза, вельмі кароткая, але паўза была, перш чым капітан Лэйк адказаў:

— Не.

Пуаро нечакана кінуў пытанне:

— Вы думаеце, сэр Гервазы зусім не быў заклапочаны сваёй дачкой?

— Сваёй дачкой?

— Менавіта.

— Як мне вядома, не, — стрымана адказаў малады чалавек. Пуаро больш нічога не гаварыў. Маёр Рыдл сказаў:

— Добра, дзякуй вам, Лэйк. Мусіць, вам лепш пабыць недзе тут на выпадак, калі мне спатрэбіцца яшчэ што ў вас запытацца.

— Вядома, сэр. — Лэйк устаў. — Я магу што-небудзь зрабіць?

— Вы можаце прыслаць сюды дварэцкага. І, можа, вы пацікавіцеся для мяне, у якім стане лэдзі Шэвені-Гарэ і ці магу я трошкі пагутарыць з ёю зараз; ці яна занадта засмучаная…

Малады чалавек кіўнуў і пакінуў пакой хуткім рашучым крокам.

— Прыемная асоба, — сказаў Эркюль Пуаро.

— Але, цудоўны хлопец, і спраўны на службе. Яго ўсе любяць.

5

— Сядайце, Снэл, — сказаў маёр Рыдл сяброўскім тонам. — У мяне багата пытанняў. Разумею, гэта быў шок для вас.

— О, сапраўды, сэр. Дзякуй, сэр. — Снэл сеў з такім сціплым, нясмелым выглядам, што гэта, па сутнасці, было тое самае, калі б ён застаўся стаяць.

— Служыце тут ужо ладны кавалак часу, ці не так?

— Шаснаццаць гадоў, сэр, з той самай пары, як сэр Гервазы, э, асеў, як кажуць.

— Ага. Вядома ж, ваш гаспадар быў у свой час вялікі падарожнік.

— Але, сэр. Ён прымаў удзел у экспедыцыі на полюс і ў многія іншыя цікавыя мясціны.

— Добра, Снэл, прашу, скажыце мне, калі апошні раз вы бачылі свайго гаспадара сёння вечарам?

— Я быў у сталовай, сэр, сачыў, каб як след быў сервіраваны стол. Дзверы ў залу былі адчынены, і я бачыў, як сэр Гервазы сыходзіў па лесвіцы, ішоў праз залу, а пасля па калідоры пайшоў у кабінет.

— А каторай гадзіне гэта было?

— Якраз каля васьмі. Магчыма, ужо было без пяці восем, — спакойна адказаў Снэл.

— І тады вы бачылі яго апошні раз?

— Але, сэр.

— Вы чулі стрэл?

— О, так, сэр; але, вядома, я і не падумаў, што гэта стрэл. Ды і як я мог падумаць?

— А што вы падумалі?

— Я палічыў, што гэта аўтамабіль, сэр. Шаша зусім блізка ад паркавай агароджы. Або гэта мог быць стрэл у лесе — браканьер, можа. Я ніяк не думаў…

Маёр Рыдл перабіў яго:

— Калі гэта было?

— Роўна восем хвілін дзевятай, сэр.

Галоўны канстэбль рэзка запытаўся:

— Як вы можаце памятаць час з такой дакладнасцю?

— Проста, сэр. Я толькі што даў першы гонг.

— Першы гонг?

— Але, сэр. Паводле загаду сэра Гервазы, гэты гонг заўсёды павінен быў гучаць за сем хвілін да сапраўднага абедзеннага гонга. Ён заўсёды пільна сачыў, сэр, каб усе ўжо былі ў сталовай, калі ўдарыць другі гонг. Дык вось, даўшы другі гонг, я падышоў да дзвярэй сталовай і абвясціў абед, і ўсе ўвайшлі.

— Я пачынаю разумець, — сказаў Эркюль Пуаро, — чаму ў вас быў такі здзіўлены выгляд, калі вы сёння абвясцілі абед. Сэр Гервазы, звычайна, быў у сталовай?

— Ніколі раней не здаралася, каб ён у гэты час не быў там, сэр. Гэта быў проста шок. Я падумаў, што…

Маёр Рыдл зноў спыніў яго:

— І астатнія таксама звычайна былі там?

Снэл кашлянуў.

— Ніводзін чалавек, які спазніўся на абед, сэр, ніколі не запрашаўся ў дом другі раз.

— Гм, вельмі сурова.

— Мой гаспадар, сэр, наняў кухара, які раней быў ва ўладара Маравіі. Сэр Гервазы нярэдка гаварыў, сэр, што абед — гэткая ж важная справа, як і рэлігійны рытуал.