Гуго Анри
Нябожчыкi i прывiды (на белорусском языке)
Анры Гуго
Нябожчыкi i прывiды
Пераклад: Л. Казыра
12 верасня 1322 года манах Сiкрэ, сакратар суда Святой iнквiзiцыi горада Тулузы, вёў пратакол допыту Жана Цiсрана. Справа была самая звычайная, калi не сказаць дробная. Пра гэта сведчыла i спакойная абстаноўка, якая панавала на працэсе. Праўда, Жан Цiсран абвiнавачваўся ў даволi рэдкiм злачынстве, аднак здзейснена яно было без умяшання сатаны, i таму, напэўна, галоўны абвiнаваўца епiскап Турб'е - хударлявы суровы чалавек не надта багатага, але надзвычай вострага розуму - лагодна, амаль што па-бацькоўску вёў допыт. Такую лагоднасць у наш час зрэдку дазваляюць сабе камiсары палiцыi, калi маюць справу з маладымi неспрактыкаванымi злачынцамi. Падобна было на тое, што змiрыўся са сваёй няшчаснай доляй i Жан Цiсран, якi ўсё жыццё быў парабкам i наймаўся на службу да заможных людзей. Вось якiя паказаннi ён даў на судзе:
- Перад самым вялiкаднем з волi боскай i мiласцi пробашча царквы св. Эцьена быў я прыняты на службу. Занятак мой быў вельмi просты: штодня пасля вячэрняй службы павiнен я быў прыбраць, падмесцi i памыць падлогу ў царкве. Неяк апоўначы, калi ўсе ўжо даўно разышлiся, я заўважыў каля калоны чалавека ў багатай дарагой вопратцы. Ён паказаў мне знакам падысцi блiжэй. Я падышоў, асвяцiў лiхтаром яго твар i не паверыў сваiм вачам: перада мной стаяў пан Гiём Давi - знатны купец, у якога я калiсьцi служыў. Усю маю iстоту ахапiў жудасны страх, бо я добра ведаў, што пан Гiём Давi паўгода таму назад памёр. Я ўпаў на каленi i пачаў малiцца, нi на секунду не сумняваючыся, што перада мной прывiд нябожчыка.
Ён цiхенька папрасiў мяне ўстаць i сказаў вось гэтыя словы:
"Дарагi Жан, перад табой здань мая, якая вярнулася з таго свету, каб папрасiць цябе зрабiць мне адну паслугу. Незадоўга да маёй смерцi я пазычыў чатыры залатыя экю ў свайго дваюраднага брата Арно, якога ты добра ведаеш. Не паспеў я вярнуць гэты доўг. Таму прашу цябе: сёння ж зайдзi ў мой дом. Там, у матрацы на маiм ложку, ты знойдзеш кашалёк. Вазьмi яго i занясi Арно. Папрасi ў яго прабачэння за такую затрымку i перадай, што я яму вельмi ўдзячны".
Я паабяцаў пану Гiёму, што зраблю ўсё, як ён прасiў. Трохi пасмялеўшы, запытаўся ў яго, цi даводзiлася яму сустракаць на тым свеце анёлаў i д'яблаў. Ён неяк жаласна паглядзеў на мяне, нiчога не адказаў i знiк з маiх вачэй. Больш я яго нiколi не бачыў.
- А цi ведаеш ты, сын мой, - з усмешкай спытаўся епiскап Турб'е (ох, як добра я сабе ўяўляю гэтую паблажлiвую епiскапскую ўхмылачку), - цi ведаеш ты, сын мой, што не ў каталiцкiм гэта звычаi - сустракацца з нябожчыкамi? Мацi наша царква вучыць, што месца нябожчыкаў дзе? Або пекла, або чысцец, або рай. Нiякiх прывiдаў i зданяў нябожчыкаў мы не прызнаём, а значыць, бачаннi твае, сын мой, ерэтычныя.
З пакорлiвай наiўнасцю, уласцiвай беднякам, Жан стаў прасiцца:
- Няхай бог баронiць мяне ад ерасi, монсеньёр! Усё жыццё быў я адданы царкве. I цалкам пагаджаюся з вамi, што бачаннi мае не да твару сапраўднаму каталiку. Прашу вас, монсеньёр, лiчыце, што нiякiх бачанняў у мяне не было.
- Але ж, - зноў загаварыў епiскап Турб'е, - пан Арно засведчыў нам, што нябожчык Давi быў вiнаваты яму чатыры залатыя экю, якiя ты яму i вярнуў. Якiм жа чынам даведаўся ты, што Гiём Давi пазычыў гэтыя грошы ў Арно?
- Монсеньёр, я пра гэты доўг нiчога не ведаў. Ды i як мог я пра гэта ведаць, калi ўжо два гады не служу ў Гiёма Давi?!
...На гэтым пратакол допыту Жана Цiсрана заканчваецца. Хутчэй за ўсё iнквiзiтар стамiўся ад шчырых прызнанняў сваёй ахвяры, спынiў усе размовы i засудзiў бедака на дзесяць гадоў ссылкi.