Выбрать главу

Вольга Гапеева

Няголены ранак

1
+
Іхнія целы я вуснамі вывучала забывалася на ўсіх астатніх што ў мяне былі на тое што трэба дыхаць і есьці што я не яны і іншым пачуцьцям належу І толькі калі імёны іх блытацца пачыналі я адчыняла краны з вадою вокны наросхрыст слоўнікі файлы з докаўскім пашырэньнем
нават званіла ў амбасады каб толькі пачуць што ўсё па-ранейшаму і ўсё на сваіх месцах
У нашых стасунках не было разуменьня пра вочы толькі слых   толькі форма        дотык і постаць вага рытм і рухі націскаў жорсткія пацалункі   тонаў абдымкі                   ды інтанацыі танцы на самотнай пляцоўцы вакзалаў з якіх яны ад’язджалі на шчацэ маёй пакідаючы памадныя петлі
доўга будзе за рот мой трымацца ўсьмешка напэўна так адчувае сябе блазан калі гледачы разышліся
часам няпроста паверыць што вецер -                                                  усяго толькі розніца ціскаў часам словазлучэньне больш                                           чым проста зучэньне двух словаў
+
я застаюся я застаюся павінна табе адну маленькую рэч пакуль пакуль высьпявае яна ў мангравым лесе неба не ба яцца ня трэба пазыкі вяртаць я ўмею проста пакуль яшчэ рана рана не зацягнулася добра і не зацягнула мяне ў ложак
фея паверхам вышэй я абавязкова вярну табе гэту маленькую рэч
вецер гайдае бамбук такі зялёны і горкі як мой паца... па цалафанавым моры я паплыву каб даплыць і вярнуць адну маленькую рэч пекін 31 траўня год невядомы
+
Пакуль ты забываесься на маё імя удзень па літары як ніякае іншае цела я буду ляжаць пад нацягнутымі правадамі на ўскрайку усёдаравальнай электрастанцыі і як ніякая іншая птушка схаплюся рукамі аголеных дротаў каб скараціцца пад вокам левым тваім цягліцай і зьведаць чым ёсьць Імгненьне
+
я сыду калі ніхто не сыходзіць я прыйду калі не прыйдзе ніхто вераснёвая поўня мне грудзі абмывае штоноч малаком ты не сьпіш, ты па вуліцах ловіш чорных цэрбэраў на сваю душу павяртайся дадому, родны не табе і ня я скажу у маіх валасох вецер калыхае сваіх ветранят ты раўнуеш і на сотай дзяўчыне ставіш ейнай цнатлівасьці мат шах!
+
так і буду стаяць ля пад’езду не твайго дому і званіць а дванаццатай ночы чужым людзям мне ніхто не адчыніць і ніхто мяне не прагоніць мокры куст   лужыны             падарунак што застаўся ляжаць ля дзьвярэй зьбеглага сьвята ды абыякавасьць якая рагоча зь мяне такой недарэчнай гэта з ёй пасябрую і магчыма мы пачнём жыць разам а пасьля ў нас нават з’явяцца дзеці якім мы ў свой гонар не дадзім аніякіх імёнаў і каханьне для нас застанецца ніякага роду
+
на новым трамваі я ад’язджаю ад цябе ад нясказаных словаў нехта з нас быў не гатовы нехта з нас напалову галоўнае ня плакаць і не прывязвацца да цёплых словаў з тваёй інтанацыяй знайду сабе пугу каб па позірках хвастаць што мкнуць да цябе ў палон здацца - месца! нават ня думаць пра гэта! прымушаць сябе есьці бараніць ад абсэнту - я з радасьцю з’еду - ну, а я мушу...
мінус мадальнасьць такі вось вечар
+
п а ч ы р в а н е е хворае сэрца што сядае ў хмары на дзень наступны абяцаючы тузін сьнегу ледзь адарваўшы ад замерзлых парэнчаў пяткі стану на тры сантымэтры бліжэй да стомы якую ты разам з хлебам кідаеш качкам хруснула нешта і час цяпер я адлічваю      па тваім пульсе        па птушках што заваркай асядуць на небе я прадкажу адрэсу ананімнага пацалунка          па ўзмаху сьцяжка правадніцы з прычапнога вагону як шкадлівае сонца цяпло абяцаючы