Выбрать главу
+
павяртаючыся да ўласнага спаталеньня маю намер парушыць правіла і напісаць словы нашыя разам штотыкажашнічога яксалатацудоўна дзе адказ і дзе запыт мне не істотна у слоўнік жыцьцёвых цяжкасьцей варта занесьці: “Надзвычайная крохкасьць каханка, і як яго песьціць”
+
недапабудаваны дом дрэвы досыць халодныя думкі дзервянеюць толькі аднойчы ўночы калі моцы няма плакаць
+
ні каханьня ў мяне ані кар’еры толькі завушніца ў вусе правым ды адна ў левым ні дачкі ня маю ані сына крумкачоў у полі я чытаць вучыла я бяз крыўды крыўда без мяне кагосьці падзялілі а мяне - не
3
+
калі ты дрэва              а вецер сышоў ад цябе стаяць нерухома можна стагодзьдзямі
і што табе птушкі зь іх звонкімі песьнямі лета
калі ты  дрэва ад якога сышоў вецер
+
як памерці
то на лузе тваёй сукенкі быць атручаным             перасьпелым голасам крыўды расшпіліць да апошняга гузіка
               чэрствасьць і напоўніць сьпевамі рэха грудзі
+
языком баваўняным прадзетым праз тонкае вушка вуснаў ты вышываеш на жываце маім манаграму
+
куды мне спрачацца з жоўтымі сьлівамі што растуць на тваёй радзіме колер мой іншы
+
шукала белую радзімку ў стозе сена а знайшла голку
+
Ісьці па асфальце ў ботах і думаць пра мора кратаючы вейкамі ужо цёплую скуру ветра спыніцца і доўга выбіраць кветку пад колер вачэй тваіх ірыс
+
я бяздомныя рухі цела свайго я бяздомныя рухі цела свайго напаткаю у завані між караблёў п’яных дзе павуціньнем разьвесілі кашаль на дрэвах аглохлых ад вачэй безьлічы дзе шкарлупіньне на шкло налепла мне - не адшкрэбсьці і белая вусьцішнасьць матыльком сядае на сьпіну вольную ад крылаў ад крыкаў ад пацалункаў мая свабода навыварат пляце сабе кокан і кожны з нас вусьцішнасьць і кожны з нас паасобку
+
учора бачыў цябе ў небе ты плыла нібы воблака і я падумаў шкада што я не вецер
+
каб заўважыць прыгажосьць тваіх вачэй                                хопіць імгненьня каб зразумець               - і вечнасьці мала каб адчуць смак тваіх вуснаў                              і пацалунку хопіць а каб навучыцца чытаць па іх                    - і мільярду замала але кожны дзень набліжае мяне да патаемнага.
+
Д                      мае         чоў   оўг     ся      дзі    плы        лых  нах   ней        ія  ме  цы  гру        лі ў цёп    дало      тваіх
+
чырвоны чалавечак носіцца за голубам хоча злавіць яго і распавесьці пра коціка з калыханкі якую сьпявае мама калі нікога няма побач
+
вазьму гэты камень памерам з кулак і разаб’ю аб твае вершы аскепкамі ж напішу паэму пра тое што калісьці тут было маё сэрца
+
буду рабіць гарбату ў адзін кубак класьці сем лыжак цукру а ў іншы дадаваць солі калі ты не ў маім доме нават калі ты не ў маім доме няхай табе будзе салодка