Выбрать главу
+
прымусовае шчасьце раздавалі ўчора на нейкай там штрасэ да мяне падышлі і сказалі у вас такія няправільныя вочы вазьміце сабе кавалак я прынесла яго дадому паставіла ў шафу інструкцыю не прачытала а аказалася зь ім трэба было жыць
+
Хутка восень Іржу Дастаю з шафы Мы ідзем на шпацырку На табе вянок з летніх красак Ты яшчэ так далёка Маё вечнае лета І казытлівае лісьце Тваіх пацалункаў Я зьбіраю для сушкі Каб узімку імі лячыць сваё беднае горла
+
  такі непрыкметны   чырвоны матыль на чырвоным драконе
+
Раніца        у якой не існуе нічога апроч тваёй сьмерці                    калі ты паміраеш не са мной                    з кімсьці іншай разрывае мяне на кавалкі і парваную прымушае жыць далей калі так ня хочацца
+
маленькі поні катае маленькіх дзяцей за грошы што плацяць бацькі ягонаму гаспадару але іх ўсё адно не хапае каб кожны дзень есьці салодкую моркву таму на вячэру сёньня маленькі поні будзе есьці сухую траву
я не падобна да поні і да маленькіх дзяцей не падобна можа я морква а можа трава якую ты перажоўваеш ужо каторы год
быў час калі я ня ўмела чытаць і гэта рабіла мама тады ў кніжцы было напісана што маленькі поні катае маленькіх дзяцей проста так

+

МАНІФЭСТ вершаў

Вершы бываюць розныя.

Яны бываюць высокія і ня вельмі. Жанчыны і ня

вельмі.

Вершы таксама растуць, але паліваць іх ня трэба, яны

ня дрэвы, а Вы не вада.

Каб верш вырасла ці вырас іх трэба калыхаць.

Трапляюцца некаторыя вершы без нагі ці рукі, але

тужыць ня трэба, іх можна адрасьціць, як яшчаркі,

што губляюць свае хвасты, а потым зноўку іх

знаходзяць.

Праўда ў некаторых вершаў так ніколі і ня

вырастаюць крылы, альбо вырастаюць і

адвальваюцца. Напэўна ім не хапае кальцыю ў

арганізьме, ці што?

Але гэта ўсё потым.

Спачатку верш трэба злавіць.

Вершы... яны разьбягаюцца, гуляюць у хованкі,

маскіруюцца пад прозу і ўсё такое.

Таму лепш узяць з сабой сачок.

Самі яны чапляцца ня стануць, толькі калі бяжыш ці

едзеш куды, яны разам з ветрам асядаюць на валасах,

шчакох, застаюцца на табе як на ветравым шкле, тады

толькі пасьпявай іх запісваць.

У нерухомым стане складаней, прынада.

Вершы-драпежнікі будуць радыя кроплі

крыві, ласуны - тоненькаму струменьчыку мёду,

што зьбягае з лыжкі назад у слоік..

А потым іхнія трупікі (калі іх назьбіраецца і ня будзе,

дзе захоўваць) можна прыбіць да папяровых старонак,

выдаць кніжку і будуць у вас свае могілкі.

Хаця ёсьць іншыя падыходы і больш падрабязныя

клясыфікацыі, згодна зь якімі вершы таксама людзі і

занадта блізкія кантакты зь імі могуць выклікаць

аргазмічны або шызафрэнічны стан.