Выбрать главу

Калi вы глядзелi фiльм "Генэралы пяшчаных кар'ераў", дык мусiце памятаць кульгавага хлопчыка, што на колькi дзён трапляе ў багаты дом. У адрозьненьне ад хлопчыка, я пакуль што не кульгавы, не распавядаю сьлязьлiвых гiсторыяў пра таткаву сьмерць i ня маю сувязяў у крымiнальным сьвеце. Усё астатняе вельмi падобнае да фiльму.

У доме спадарынi Ядзьвiгi, апрача яе з мужам Хельмутам, жывуць трынаццаць катоў на чале з заснавальнiцай гэтай кашэчай дынастыi Паўлiнай, якая сыта вуркоча ўжо цэлую чвэртку стагодзьдзя. Каты, якiм я прывёз прывiтаньне ад iхняй самотнай менскай супляменьнiцы Басоты, падзяляюцца на "сацыялiстычных", што кватаруюць на цокальным паверсе, i "капiталiстычных", якiя па-гаспадарску пачуваюцца наверсе. Падзел чацьвераногiх гаспадароў паводле сацыяльна-эканамiчных фармацыяў чыста ўмоўны, бо розьнiца ва ўзроўнi iх жыцьця ў лiтаральным сэньсе палягае ў прасторы. Проста "сацыялiсты" схiльныя да самоты й ня любяць чужых людзей. За колькi тыдняў да майго прыезду менавiта "сацыялiстычны" паверх гэтай Мурлындыi, узьняўшы страшэнны вэрхал, папярэдзiў гаспадароў, што ў дом залезьлi злодзеi.

Колькасьцi катоў у доме прыкладна адпавядае колькасьць гадзiньнiкаў. Усе яны з боем, прычым iдуць з разьбежкаю, i раней за дванаццаць ночы спаць нязвыкламу чалавеку тут лепей ня класьцiся, бо апоўначы ў пакоях пачынаецца праўдзiвы канцэрт.

У адведзеным мне пакоi, якi разы ў тры большы за ўсю маю менскую двухпакаёўку, стаiць на столiку фатаграфiя немаладога афiцэра ў эсэсаўскай форме са стамлёнымi разумнымi вачыма. Гэта ня бацька гера Хельмута. Гэта першы муж спадарынi Ядзьвiгi Фрыц. Iхняе каханьне пачалося ў 1941-м у Калодзiшчах, пад Менскам, дзе стаяла Фрыцава вайсковая частка. За сувязь са славянкаю, а мабыць, i за iншыя грахi, накшталт лiбэралiзму з палоннымi, Фрыца перавялi ў Нямеччыну, але туды вывезьлi й Ядзю Рымашэўскую, i яны не маглi зноў не сустрэцца.

Фрыц напiсаў на iмя фюрэра рапарт з просьбаю дазволiць шлюб. Дазвол быў атрыманы з умоваю неадкладнай адстаўкi, што азначала застацца бяз сродкаў i жыць пад каўпаком спэцслужбаў. Iшоў 1944-ты. На шлюбным фота спадарыня Ядзьвiга ў чорнай сукенцы.

Фрыца няма ўжо болей за трыццаць гадоў. Перад ягонаю фоткаю кожны дзень стаяць кветкi. Побач з кветкамi ляжыць Фрыцава люлька (мая гаспадыня пяшчотна называе яе пiпачкай). Дваццаць гадоў пасьля мужавай сьмерцi спадарыня Ядзьвiга, гледзячы на "пiпачку", чула выразны пах дыму, i яе душа заходзiлася ад адчуваньня блiзкай прысутнасьцi каханага.

Гiсторыя другога замуства дачкi беларускага шляхцiца Адама Рымашэўскага таксама вартая калi не раману, дык аповесьцi. Назаўтра пасьля хаўтураў фраў Шмiт прыйшла на клады, выпiла пляшачку гарэлкi, абняла сьвежую магiлу й прачнулася ўначы памiж надмагiльных помнiкаў. Удава прыходзiла на клады штодня - то сама, то з сынам. Аднойчы да яе ў дзьверы хтосьцi пазванiў. На парозе стаяў малады чалавек з букетам. Яго звалi Хельмут. Адрас ён даведаўся на могiлках ад вартаўнiка. Прырода любiць раўнавагу. Фрыц быў гадоў на дваццаць старэйшы за жонку, Хельмут - амаль на столькi ж маладзейшы, аднак на фотаздымку зь iхняга вясельнага падарожжа абняўшыся стаяць аднагодкi. Пра здымкi апошнiх гадоў можна, далiбог, сказаць тое самае. На маё паведамленьне, што фраў Хедзьвiг Ноак - равесьнiца "Великого Октября", Мiрэла зь Сiльвiяй толькi недаверна пераглянулiся й смыканулi плячыма.

Увечары, за кухлем пiва, я слухаю ўспамiны спадарынi Ядзьвiгi й разглядваю альбомы - вось дом у Калодзiшчах, дзе яны з Фрыцам сустрэлiся, вось касьцёл сьвятога Роха са зьбiтым сьпiчаком (фота рабiў у 1941-м Фрыц). Мы абмяркоўваем нядаўнюю тэлеперадачу пра сэксуальныя пэрвэрсii, дзяўчынак-фiлiпiнак зь нелегальных прытонаў i шлюбы лесьбiянак. Мая гаспадыня рашуча супраць такiх навацыяў, а я, бадай, не адмовiўся б на колькi дзён пераўвасобiцца ў сямейную лесьбiянку, каб дасьледаваць у такой ячэйцы грамадзтва, напрыклад, праблему адзюльтэру. Пытаньне выглядае даволi неадназначна: як, скажам, ацэньваць сытуацыю, калi нехта зь лесьбiйскай сям'i трапiць у абдымкi да мужчыны?

Мы глядзiм "вiдзiкi" пра разбурэньне Бэрлiнскае сьцяны й пра першыя гады акупацыйнага рэжыму саюзьнiкаў. Я даведваюся, як сардэчна ставiлiся савецкiя салдаты да нямецкiх дзяцей i як яны без разбору гвалтавалi нямецкiх жанчын, дзяўчат i дзяўчынак, перасягнуўшы ў гэткiх подзьвiгах i нямецка-фашыстоўскiх i татара-мангольскiх захопнiкаў. (Адзiнаццацiгадовую сястру майго бэрлiнскага знаёмца ўратавала адно тое, што на голаў п'яному салдату, якi цягнуў дзяўчо ў ложак, ягоны яшчэ больш п'яны сябрук скiнуў з другога паверху кватэры грамафон.)

Ураньнi, зьеўшы на дэсэрт трускавак або вiшняў з саду, што глядзiцца ў вокны маiх гаспадароў, я выпраўляюся швэндацца па Бэрлiне, ловячы сябе на думцы, што ўжо ведаю яго, прынамсi, значна лепей за Маскву. У голаў, вядома, лезуць згадкi, аналёгii й алюзii.

Белакаменную я пераведваў разы чатыры. Кожны быў напоўнены мноствам незабыўных хвалюючых уражаньняў, але асаблiва ўразаўся ў памяць нейкай адной адметнаю падзеяй.