Выбрать главу

Калi яны вярнулiся ў майстэрню, рабочыя снедалi. Балестэр некуды выйшаў. Марку выцiснуў адно: "Лухта", - i пайшоў да свайго працоўнага месца. Эспазiта перастаў жаваць хлеб i запытаўся, што яны адказалi. Iвар сказаў, што яны не адказалi нiчога. Потым пайшоў па торбу, вярнуўся i сеў на лаву, побач з якой працаваў. Ён пачаў быў есцi, калi раптам заўважыў, што Саiд ляжыць на спiне на кучы габлёвак, утаропiўшы позiрк на вялiзныя шыбы, за якiмi сiнела цяпер ужо не такое прамянiстае неба. Iвар запытаўся ў яго, цi ён снедаў? Саiд сказаў, што ўжо з'еў свае смоквы. Iвар перастаў есцi. Пакутлiвае пачуццё, якое безупынна кроiла яму душу пасля гутаркi з Ласалем, раптам знiкла i саступiла месца цёплае спагадзе. Ён устаў, разламаў хлеб на два кавалкi i падаў адзiн Саiду. Той хацеў адмовiцца, але Iвар запэўнiў яго, што праз тыдзень усё будзе лепей, i сказаў: "Тады i ты мяне пачастуеш". Саiд усмiхнуўся. Потым узяў кавалак Iваравага бутэрброда i пачаў есцi - павольна, не спяшаючыся, нiбыта быў зусiм не галодны.

Эспазiта ўзяў стары рондаль, згроб трэскi, габлюшкi, запалiў вогнiшча i паставiў на iм грэцца каву, якую прынёс з сабой у бутэльцы. Ён паведамiў, што гэта падарунак крамнiка з суседняй бакалейнi, якi даў яму кавы на ўсю майстэрню, калi даведаўся, што iх забастоўка правалiлася. Пiлi са слоiчка з-пад гарчыцы, чаргою перадаючы яго адзiн аднаму. Эспазiта падлiваў кожнаму гарачую, ужо падсалоджаную каву. Саiд выпiў яе з куды большай ахвотай, чым еў. Рэшту Эспазiта, прыцмокваючы, выпiў проста з распаленага рондаля i ўвесь час лаяўся, апякаючы сабе вусны. У гэты час вярнуўся Балестэр i сказаў, што пара зноў брацца за работу.

Усе паднялiся i пачалi збiраць у торбы паперу i посуд. Балестэр стаў пасярод майстэрнi i раптам сказаў, што хоць гэта i цяжкi ўдар для iх, i для яго таксама, але нiякай рацыi паводзiць сябе гэтак, па-дзiцячы, няма - тапырся тут цi не, справе гэтым усё роўна не дапаможаш. Эспазiта з рондалем у руцэ павярнуўся да Балестэра, i яго доўгi, мясiсты твар разам пачырванеў. Iвар ведаў, што ён зараз скажа, усе яны думалi тое самае: яны не тапырылiся, iм проста заткнулi рот - маўляў, каму не падабаецца, можа iсцi, - а гнеў i бяссiлле выклiкаюць часам такi боль, што немагчыма нават крычаць. Яны былi людзi, вось i ўсё. I яны не маглi раптам пачаць усмiхацца i выцiскаць з сябе прыязныя мiны. Але Эспазiта нiчога гэтага не сказаў, яго твар урэшце праяснеў, i ён толькi мякка палопаў Балестэра ла плячы. Усе тым часам ужо прымалiся за працу. Зноў загрукаталi малаткi, хлеў напоўнiўся знаёмым гармiдарам, запахла габлёўкамi i старым прапацелым адзеннем. Вiшчала вялiзная пiла, грызучы свежую дошку, якую Эспазiта паволi пасоўваў наперад. Вiльготнае пiлавiнне, якое вылятала з-пад яе зубцоў, нiбы хлебным крошывам пакрывала дужыя валасатыя рукi, што моцна сцiскалi дошку абапал порсткага ляза. Калi адлятала новая адпiлаваная клёпка, вiск сцiхаў, i было чуваць адно бурчанне матора.

Iвар габляваў не разгiнаючыся i ўжо пачынаў адчуваць ламоту ў спiне. Звычайна стома прыходзiла пазней. Гэта натуральна - за тыя тры тыднi, што яны баставалi, ён страцiў звычку. Але прычынай, вiдаць, быў i ўзрост - з цягам часу ручная праца, што патрабуе не толькi дакладнасцi, робiцца ўсё цяжэй. Навярэджаная спiна нагадвала яму пра старасць. Там, дзе галоўнае - мышцы, праца ўрэшце ператвараецца ў пекла, а за ёй стаiць смерць; нездарма пасля цяжкага працоўнага дня падаеш i спiш, нiбы мёртвы. Яго сын хацеў быць настаўнiкам, i ён меў рацыю: тыя, хто шмат агiтуе за фiзiчную працу, не ведаюць, пра што кажуць.