Калi Iвар выпрастаўся, каб перавесцi дых i заадно скiнуць дурныя думкi, зноў пачуўся званок. Ён гучаў настойлiва, уладна, нервова зрываючыся - i гэта было да таго дзiўна, што рабочыя нават спынiлiся. Балестэр спачатку таксама застыў i здзiўлена слухаў, але потым схамянуўся i не спяшаючыся рушыў да дзвярэй. Праз некалькi секунд пасля таго, як ён выйшаў, званок нарэшце змоўк. Усе ўзялiся за працу. Але дзверы зноў рэзка адчынiлiся, i да раздзявальнi хутка прабег Балестэр. Амаль адразу ён адтуль выйшаў ужо абуты i, на хаду нацягваючы куртку, кiнуў Iвару: "У малой прыступ. Я пабег па Жэрмэна". I ён знiк за дзвярыма. Жэрмэн быў доктар, якi абслугоўваў майстэрню; ён жыў у гэтым самым прадмесцi. Iвар перадаў навiну без усялякiх каментарыяў. Рабочыя скупiлiся вакол i збянтэжана глядзелi адзiн на аднаго. Было чуваць, як цiха буркоча матор механiчнай пiлы. "А можа, усё гэта - так, нiчога сур'ёзнага", сказаў нехта з iх. Усе разышлiся, i майстэрню зноў напоўнiў грук малаткоў. Але працавалi цяпер не спяшаючыся, нiбы нечага чакалi.
Праз чвэртку гадзiны Балестэр вярнуўся, зняў куртку i моўчкi выйшаў праз заднiя дзверы. Святло за шыбамi пачынала згасаць. Трошкi пазней, калi пiла дагрызала чарговую клёпку, пачулася сiрэна "хуткай дапамогi", спачатку здалёк, потым блiжэй, i вось - падкошаная. "Вось табе маеш!" - прамовiў Марку. Балестэр увайшоў у майстэрню, усе рушылi да яго. Эспазiта выключыў матор. Балестэр паведамiў, што распранаючыся ў спальнi, дзяўчынка раптам упала, нiбы падкошаная. "Вось табе маеш"! - прамовiў Марку. Балестэр пакiваў галавой i зрабiў нейкi невыразны рух, вiдаць, запрашаючы ўсiх працаваць, але выгляд у яго быў узрушаны. Зноў загула сiрэна санiтарнай машыны. Зацярушаныя пiлавiннем, у старых, зашмальцаваных штанах, яны стаялi з бяздзейна апушчанымi загрубелымi рукамi пасярод ацiхлай майстэрнi пад плынню жоўтага святла, што лiлося праз вялiкiя шыбы вокнаў.
Рэшта дня цягнулася марудна. Iвар ужо адчуваў толькi стому i цяжар, якi па-ранейшаму сцiскаў яму сэрца. Ён бы вельмi хацеў пагутарыць. Але яму не было чаго сказаць, i iншым таксама. На iх змрочных тварах чыталiся толькi скруха i нейкая ўпартасць. Часам недзе ў iм пачуццё пачынала складацца ў слова "няшчасце", але, ледзь народжанае, распадалася зноў, як бурбалка, што лопаецца, не паспеўшы ўзнiкнуць. Яму хацелася вярнуцца дадому, да Фернанды, да хлопчыка, на сваю цiхую тэрасу. I вось Балестэр абвясцiў канец работы. Механiзмы спынiлiся. Не спяшаючыся рабочыя пачалi прыбiраць працоўныя месцы, гасiлi горны, потым адзiн за адным пацягнулiся да раздзявальнi. Апошнi застаўся Саiд, ён мусiў усё падмесцi i спырснуць пыльную земляную падлогу вадой. Калi Iвар зайшоў у раздзявальню, Эспазiта, вялiзны i валасаты, ужо стаяў пад душам i, павярнуўшыся да ўсiх спiнаю, шумна намыльваўся. Звычайна рабочыя кпiлi з яго сарамлiвасцi, бо гэты мядзведзь заўсёды ўпарта хаваў свае вартасцi. Але сёння нiхто, здаецца, не звярнуў на гэта ўвагi. Эспазiта задам выйшаў з душа i аперазаўся ручнiком накшталт набедранай павязкi. За iм па чарзе пачалi мыцца iншыя. Калi Марку з асалодай пляскаў сябе па голых баках, вялiкiя дзверы зарыпелi i паволi адкацiлiся на чыгунным колцы. Увайшоў Ласаль.
Ён быў апрануты, як i першы раз, адно валасы былi трошкi раскудлачаныя. Ён спынiўся на парозе, азiрнуў прасторную, апусцелую майстэрню, ступiў некалькi крокаў, зноў спынiўся i глянуў у бок раздзявальнi. Эспазiта, па-ранейшаму аперазаны сваёй набедранай павязкай, стаяў, пераступаючы з нагi на нагу, i збянтэжана глядзеў на гаспадара. Iвар падумаў, што Марку, напэўна, павiнен нешта сказаць. Але Марку адхiнуўся заслонай дажджу i яго не было вiдаць. Эспазiта схамянуўся, схапiў кашулю i спрытна яе нацягнуў. Тады, крыху прыглушаным голасам, Ласаль сказаў: "Усяго добрага", - i пайшоў да заднiх дзвярэй. Калi Iвар падумаў, што яго трэба паклiкаць, дзверы ўжо зачынiлiся.
Не чакаючы сваёй чаргi, каб памыцца, Iвар апрануўся i ад шчырага сэрца развiтаўся таксама. Усе адказалi яму з аднолькавай цеплынёй. Ён хутка выйшаў, сеў на ровар i зноў адчуў ламоту ў спiне. Наблiжаўся вечар, горад быў поўны людзьмi i машынамi. Iвар ехаў шпарка, бо хацеў хутчэй апынуцца дома, на тэрасе. Спачатку ён памыецца ў пральнi, а пасля сядзе i будзе глядзець на мора, якое - вунь ужо выбегла па-за парапетам бульвара, хай цяпер i не такое блакiтнае, як уранку. Але думка пра дзяўчо нiяк не пакiдала яго, i ён не мог, як нi стараўся, пазбавiцца ад яе.
Дома хлопчык ужо вярнуўся са школы i цяпер чытаў часопiсы з малюнкамi. Фернанда запыталася, як усё прайшло. Але Iвар не адказаў i пайшоў мыцца ў пральню. Потым вярнуўся, выйшаў на тэрасу i сеў на лаву, абапершыся спiнаю аб сцяну. Над галавой у яго сушылiся гiрлянды цыраванай i пазалапленай бялiзны. Неба пачынала яснець, а мора цяпер, увечары, рабiлася мяккiм i цiхiм. Фернанда прынесла ганушоўку, дзве шклянкi, глячок з халоднай вадой. Потым села побач з мужам, i ён, трымаючы яе за руку, як было некалi, першы час пасля вяселля, расказаў ёй усё. Ён скончыў i гэтак жа нерухома глядзеў на мора, з-за якога хутка набягаў змрок, з краю ў край захiнаючы далягляд. Iвар уздыхнуў: "Ён сам вiнаваты". Як бы ён хацеў зноў стаць маладым, i каб Фернанда таксама была маладая, i яны паплылi б туды, далёка, за мора - да iншых берагоў.