Выбрать главу

Алесь Адамовіч

Нямко

Нявыдуманая гісторыя

Ich werde dich schützen[1]

Памяці брата

Ад аўтара

«Здымаюць скальпы (нават зь дзяцей), кастрыруюць, праз маленькую дзірку ў цемені выцягваюць з жывога чалавека мозаг, ірвуць ногі» — гэта хто, фашысты 40-х гадоў? Не, гэта сёньняшнія газэтныя паведамленьні з нашых «блізкіх» рэгіёнаў-дзяржаваў аб высьвятленьні нацыянальных, кланавых і палітычных прэтэнзіяў адно да аднаго. Гэта мы з вамі. Калі ў 41-м немцы-фашысты забівалі савецкіх ваеннапалонных на вачах у жыхароў майго пасёлку, старая, ушчэнт раздушаная бессэнсоўнай гібельлю ў засьценках НКВД яе мужа (поруч зь яшчэ васьмю дзясяткамі заводзкіх рабочых), галасіла ў сьлязах: «Чаго хацець ад чужых, калі свае вунь што тварылі?..» О, гэтыя «чужыя» і гэтыя «свае»! Як лёгка асуджаем іншых і як цяжка паварочваецца язык сказаць жорсткую праўду сабе, уласнаму народу, нават калі верх у ім бяруць ці ўзялі ўжо «свае» падонкі і расісты (як бы яны сябе ні называлі). Ці шмат мы чулі самаасуджальных галасоў хаця б ад вядомых усёй краіне інтэлігентаў з Азэрбайджану і Армэніі, з Кіргізіі і Узбэкістану, з Малдовы і Таджыкістану? Сьвет пахаладзеў ад Сумгаіта і Хаджы, ад Фэрганы і Ошы, ад Бэндэр і Курган-Цюбэ. Мільёны людзей ва ўсіх краінах у жаху, а наша нацыянальная інтэлігенцыя адмоўчваецца. I ў Прыбалтыцы маўчаць, і ў Грузіі, ніхто не сказаў, не гаворыць «на ўвесь голас» уласнаму народу, што шавінізм «малога» народу такі ж агідны, як і любы іншы, што імпэрскія замашкі ў дачыненьні да ўласных «меншасьцяў» падрываюць і твае правы на самастойнасьць. I дабром гэта ніколі не заканчваецца. Сьведчаньнем таму — Асэтыя, Абхазія, Прыднястроўе. Прарасейскіх і ўкраінскіх «нашых», якія адкрыта і ў самазабыцьці дэманструюць свой нацысцкі радавод, і гаварыць ня хочацца, хаця разумеем: вірусы расізму ў такім вялізным целе — небясьпека ўжо для ўсёй плянэты.

Ня будзем недаацэньваць падобную ж небясьпеку і для адносна спакойных Беларусі ці Казахстану. Мы пераканаліся ўжо: г эта прарываецца нечакана і, здавалася б, «зь нічога».

Бачачы ўсё, перажываючы, суперажываючы зь іншымі — а непакоіць, мучыць гэта ўсіх, — я раптам прыгадаў рэальную гісторыю беларускай дзяўчынкі і маладога нямецкага салдата — зь мінулай вялікай вайны, з часоў фашысцкага азьвярэньня цэлых краін і кантынэнтаў. Яны, амаль яшчэ дзеці, змаглі пераступіць праз наймагутнейшыя нацыяналістычныя і дзяржаўна-ідэалягічныя міты, догмы і выканаць на зямлі сваю Чалавечую місію — быць братам, сястрой, быць каханьнем, быць чалавекам для іншага чалавека.

У нас перасыхае горла, перахоплівае дыханьне, калі трэба сказаць жорсткую праўду пра нас самых. Тады няхай яны яе нам скажуць, за нас — дзяўчынка і юнак адтуль, з самай ночы фашызму і сталінізму. Гэта — аўтарскі адказ на зусім законнае, верагоднае пытаньне: зноў пра вайну, навошта?

11 верасьня 1992 г.

1

У вёсцы Петухі вырашылі затаіцца і адседзецца колькі дзён. Gross Dorf Pietuchi[2]. Праца эйнзацкаманды ўзбударажыла ўсё навакольле. На кожным узьлеску засады, абстрэлы, на дарогах міны. Узварушылі партызанскае гняздо. А гэтая вёска ад лесу адгароджаная рачулкаю, сама на горцы. Выкапалі акопы для кулямётаў, парасстаўлялі ў садах лёгкія танкі і бронетранспарцёры ды зажылі мірна. Па два, па тры салдаты ў кожнай хаце, на сям’ю. Каравул разьмясьціўся ў зручна пастаўленых у канцы вуліцы былой школе і калгаснай канторы. Загадалі, і тутэйшыя кабеты вычысьцілі, вымылі загаджаныя пакоі, ім за гэта заплацілі па тры маркі. Няхай ніхто ня кажа, што ў штурмбанфюрэра Дзірлевангера служаць не салдаты, а бандыты, крымінальнікі.

Штурмбанфюрэр уласнаю асобаю меў палітычную суразмову з малодшымі афіцэрамі, а тыя — з салдатамі: як паводзіць сябе на гэты раз, у гэтай вёсцы. Аніякіх пагроз і канфіскацыяў, за паслугі дзякаваць і нават плаціць, сьмела ўступаць у асабістыя кантакты — усё, як у цывілізаванай краіне. А калі надыдзе дзень акцыі (аб чым будзе ў час паведамлена), усіх гаспадароў свайго дому ліквідаваць, дом і ўсе забудовы падпаліць. Словам, далей дзейнічаць, як і ў іншых вёсках. Быдла, як і раней, асабліва буйное, не зьнішчаць, выгнаць з хлявоў, перадаць пагоншчыкам.

Пры тым кожны абавязаны: зь першага ж дня зафіксаваць, колькі чальцоў сям’і пад ягоным кантролем, разьмеркаваць, хто і за каго асабіста адказвае ў дзень акцыі, каб не ўцяклі, не схаваліся. Асабліва важныя апошні дзень і ноч перад ліквідацыяй: яны, як жывёла, чуюць блізкую разьніцу.

Маладога салдата Франца Ш. (малады сапраўды, сямнаццаць гадоў, прызваны татальнай мабілізацыяй) прымацавалі да напарніка вопытнага, надзейнага, праверанага ў справе. Ота Залеўскі, паводле нармальных армейскіх мерак, можна сказаць, ужо стары, ён зь вясковых жандараў. Таксама татальнік, але не з 1943 году прызыву, а з 1942-га. Пасьля Маскоўскай бітвы, тады як Франца фюрэр паклікаў пасьля Сталінградзкай.

вернуться

1

Я цябе абараню (ням.)

вернуться

2

Вялікая вёска Петухі (ням.)