Выбрать главу

Пераапрананьне ажыцьцёўлена было тут жа, яшчэ бульбу Кучарыха не пасьпела зварыць. ІПтаны і пінжак, некалі купленыя ў сельпо, даўно страцілі фабрычны колер, ну, а кашуля, бялізна — наогул саматканыя. I сьвітка на ім — таксама з рудога самаробнага палатна. На ногі Паліна не знайшла нічога. Няхай застаюцца на ім нямецкія боты, іх цяпер і партызаны носяць, Затое бялізну адшукала новенькую, з свайго палатна. Так, шорсткае, ня так яго адбельвалі раней, да вайны, затое неапрананае. (Колькі яно пакут пасьля прынясе беднаму Францу, не здагадвалася.)

Франц схаваўся ў яшчэ бязьлістыя кусты і там пераапранаецца. Час ад часу радасна паказвае, што зьняў зь сябе і што апранае. Паказаў рэмень з усёй салдацкай аснасткай, дыскамі аўтаматнымі, з круглым карабком супрацьгазу. Паліна махае рукой: кінь і гэта! Калі свайго жыцьця не шкада, гэтага не шкадуй.

Вярнуўся з кустоў зусім іншы Франц. Хоць ты зь ім на петухоўскую вечарынку ідзі. Не, вядома, не на вечарынку ў гэтых караўках, хутчэй на калгасны сход ці ў абору. Але гэта тое, што трэба, — зноў жа калі жыць хочаш. Немец сумленна паказаў: круглую гранату ён сабе пакідае. Паднёс да ўсьмешлівага твару і прадэманстраваў, як ён адкруціць блакітную галоўку гранаты, як пацягне за яе і… Рукой, пальцамі зьмяў свой твар, як памідор. I растлумачыў:

— Butiges Fleisch[7]. Ніхто не пазнае немца Франца. Што яго фатэр і мутэр жывуць у Дрэздэне.

Паліна бачыць, што на руцэ ў яго (рукавы кароткія) паблісквае, кідаецца ў вочы, «ня наш» гадзіньнік, але не выкідаць жа і яго. Будзе насіць у кішэні. Ён ужо нечага напхнуў туды.

— Добра, што ты па-нашаму кеміш, але вымова — ну проста гарачая бульба ў роце. Зробім так: ты будзеш нямы, а гаварыць буду я!

6

— Пайду схаджу да Пархімчыкаў. Або:

— Адведаю бабку Капусьціху.

I ідзе. Да суседзяў, ледзь не на ўвесь дзень. Гэта яна наведваецца да нябожчыкаў. Паліну палохае, зь якім спакоем, як сур’ёзна гучыць яе: «схаджу», «адведаю». Ні сьлязінкі ў голасе, а твар, вочы маці — нейкія нетутэйшыя. Каб жа, ратуй Божа, не кранулася з розуму.

Яна пастарэла за гэтыя дні. Староньнія называлі яе бабуляй даўно, яшчэ калі Паліна дзяўчынкай была. Не згаджалася:

— Няпраўда! Мая мама самая маладая!

Паліну нарадзіла, калі ёй пяцьдзясят ужо было, Паўліка — на год з палавінай раней. А датуль усё не было ў сям’і дзяцей. Вось і атрымалася: малыя дзеці, а маці — «бабуля». Але ў вёсцы на гэта ніякай увагі, старых могуць назваць — «дзеўкі», маладзіц — «бабкі»: хоць гаршком назаві, адно ў печ ня стаў!

Паліна высачыла, куды і чаго маці ідзе зранку. Нічога, толькі зьбірае на пажарышчах костачкі, чарапы спаленых і складвае ля печы. Як каля помніка. Прачытаўшы малітву, пераходзіць у наступны двор. I так увесь дзень. Паліна стала прыносіць ёй паесьці, папіць. Моўчкі прыме чорнымі ад сажы рукамі, з адсутнымі, пустымі вачыма пад’есьць, на пытаньні не адказвае. Паліна таксама змоўкне, пасядзяць побач, і Паліна вяртаецца. Цяпер ідзе да Франца. Ён звычайна сядзіць ля вогнішча, добра, калі ёсьць занятак — сачыць, ці сьпяклася бульба, а то ня ведае, куды сябе падзець, увесь час шукае вачыма Паліну. Яна ў іх за развадзяшчага ці, калі па-даваеннаму, за брыгадзіра. За ўсіх павінна галава балець.

Паліна і Франц цяпер начаваць ідуць у лес, хаця і недалёка. Каб, калі што, яны першыя, а ня іх, прыкмецілі. Акрамя іх траіх у вёсцы жывымі засталося яшчэ колькі курэй, кошкі, сабакі. Прыцемкі ўжо ня пахнуць каравякамі. Але ў жывых у кожнага свой занятак, свой клопат. Паліна выявіла, што сабакі, якія ня зьбеглі ў лес (сустрэнеш і палохаесься: воўк!), таксама вышукваюць курыныя яйкі, жаруць іх раЗам з шкарлупіньнем. А яна сама ўзялася яйкі зьбіраць, каб «карміць сям’ю» — маці, Франца. Сьмешна ўспамінаць, але дзед Пархімчык так тлумачыў нянавісьць немцаў дагабрэяў: і тыя, і другія любяць яйкі, для ўсіх не хапае. Як цяпер у Паліны з сабакамі.

Так пражылі тыдзень, другі. Дні не занятыя, доўгія. Бадзяліся па лесе, белым ад бяроз, запоўненым вясновым сонцам і птушынымі галасамі, не сядзець жа на месцы. У адну зь цёплых травеньскіх раніц здарыўся цуд. Ці як гэта назваць? Жыцьцё такое, што ўвесь час услухоўваесься. А тут — нейкі шэлест, крадком, як бы дробны дожджык па лісьці прабег. Але на небе ні хмурынкі, і на дрэвах лісьця ўсё яшчэ няма. Тут Паліна ахнула: гэта ж пупышкі, лісьце бярозавае распускаецца! Мільярды адначасова, аднамомантавыя электрычныя зарады выбухаюць! Зацерабіла Франца: чуеш?! Чуеш?! Ён глянуў на шчасьлівую Паліну, глянуў уверх і — малайчына! — адразу скеміў, пра што яна.

вернуться

7

Крывавае мяса (ням.)