— Wie bei einem Kommando! — і сам пераклаў: — Як па камандзе!
Самае дзіўнае: пачынае здавацца, што ня толькі над галавой выбухаюць пупышкі — бярозавыя бомбачкі! — але і далёкія-далёкія чуеш, гук зьліваецца ў агульны электрычны шэлест.
I тут Паліна і Франц нырнулі на зямлю: як быццам цела пранізаў віск сапраўднай бомбы. Як стаялі, так і ўпалі, схапіўшыся за рукі, пацягнуўшы адно аднаго дадолу: убачылі сярод дрэваў людзей, рух сярод нерухома белых бяроз. Зялёныя мундзіры — немцы! Франц панічна зашнырыў рукой у кішэні, ярасна спрабуе адарвацца ад рук Паліны, адкаціцца ўбок: гэта ён гранату выцягвае — Паліна ўбачыла чорнае яйка і яшчэ болып учэпіста ўпілася ў ягонае рукаво! Кінь, кінь, выкінь!
Няўжо і сапраўды ёсьць нешта страшнейшае за сьмерць? Ды колькі хочаш — у гэтым жыцьці, не адзін чалавек у гэтым пераконваўся. Вось і Франц вырашыў: «крывавае мяса», але толькі каб ня ўзялі яго жыўцом, не прызналі ў ім «свайго», немца! Змог бы ён ці ня змог — калі б нt перашкодзіла Паліна, — хто ведае. Але што ён болmi, чым сьмерці пужаюцца, сваіх спужаўся — гэта было. Такое бывае зь людзьмі.
Зь нейкага часу мяне займае пытаньне: што было ў фюрэрах XX стагодзьдзя, што магло мёртва паралізаваць волю іншых людзей? Ці, можа быць, г э т а знаходзілася, зьмяшчалася ня столькі ў фюрэрах, «правадырах», колькі ў навакольных людзях? Якое такое рэчыва зь лішкам прысутнічала, вылучалася арганізмамі XX веку?
Сцэна. «Пры нас» гэта адбывалася, але зразумець да канца гэта немагчыма нават сучасьнікам, ня кажучы ўжо аб тых, хто ідзе на зьмену.
За сталом сядзяць салідныя людзі — і ня проста, а тыя, каго называюць «людзьмі навукі», «людзьмі мастацтва», у іх вытворчая нарада. Не сядзіць, а ходзіць толькі адзін чалавек, ходзіць за сьпінамі тых, хто сядзіць, раскурвае сьмярдзючую люльку, папыхквае. У нейкі момант, калі галоўныя пытаньні «вырашылі», той, хто праходжваецца, прамаўляе за сьпінамі:
— А цяпер мы павінны разгледзець пытаньне аб варожай дзейнасьці таварыша Н. у галіне тэатральнай справы.
Уявім сабе, што не ўсяго толькі словы прагучалі, а блізкая, «на паражэньне», аўтаматная чарга — як паводзілі б сябе ўсе гэтыя людзі? I той, зь люлькай? Мабыць, апынуліся б пад сталом. Страх сьмерці іх скінуў бы туды, на падлогу. Але каб ускінуцца на стол і пеўнем закукарэкаць (а менавіта гэта адбылося ў рэальнасьці) — тут страху сьмерці мала. Трэба яшчэ, каб волю сваю ты (сам) некаму перадаў. Як кажуць, дэлегаваў — чалавеку-вампіру. Смактуну чужой волі.
У спробе схавацца ў сьмерць Франц, што курчыўся на зямлі, быў адным з такіх — з абязволеных вампірамі. Ну, а па наш бок — ці шмат было зь нявысмактанай воляй? I як нялёгка, няпроста яе сабе вярталі — і тады, у вайну, і шмат гадоў, ды не, дзесяцігодзьдзяў пасьля.
— Ня вашы, ня немцы! — крычала Францу Паліна, а ён быццам аглух, усё вырываецца, хавае пад сябе гранату.
Нарэшце, здаецца, сам разгледзеў, што набліжаюцца людзі, хаця і са зброяй, але ў звычайным цывільным адзеньні, якое і на ім, і толькі адзін зь іх ва ўсім нямецкім. У дзьве рукі, Франц і Паліна, сунулі чорнае яйка сьмерці пад леташняе лісьце і адскочылі ўбок. Гэта не маглі не заўважыць тыя, хто падыходзіў. Адзін зь іх, ва ўсім зялёным, раней, чым наблізіцца да іх, завярнуў да таго месца, дзе пакінулі гранату. Калупнуў чаравіком, нагнуўся і падняў. Гучна хмыкнуў. Калі нарэшце ён павярнуўся сьпінай, на яго нямецкай пілётцы Паліна разгледзела чырвоную зорачку — ззаду, ён чамусьці яе адзеў перадам назад. У двух другіх чырвоныя стужкі — на зімовых шапках. На адным кажушок, на другім сьвітка, ня лепшая, чым Францава. У «немца» варашылаўскія вусікі. (Франц таксама адзначыў: як у фюрэра!) Паліна трымае руку каля рота як бы ад спалоху, але гэта для Франца: падказвае яму, нагадвае, што ён нямы. Пастух калгасны, дурненькі. О Божа, гадзіньнік! Вось яго забыліся зьняць з рукі, схаваць: тоненькі, ня наш, адразу бачна. А яшчэ боты нямецкія! «Немец» прыглядаецца да Франца нейкім паляўнічым позіркам.
— Нямы ён, гэта мой брат, — тут жа затараторыла Паліна, сама адзначыўшы, якім раптам бабскім зрабіўся яе голас.
Прыжмураныя вочы «немца» з вусікамі (ён самы нізкарослы з усіх) не адпускаюць Франца, і той, бедны, стаіць перад ім, як перад начальнікам.
— Адкуль такі? — паказаў на гадзіньнік. — Трафэйны? Боты таксама? I ўвесь час падкідвае на руцэ Францаву гранату.
— Брат, кажаш? — павярнуўся да Паліны і раптам — да Франца: — Як цябе звалі, калі ўмеў гаварыць? Імя як тваё? Што на яе глядзіш, я ў цябе пытаю? Пакажы гадзіньнік. Замаскіраваўся, толькі б дома адседзецца. На цябе можна пліту мінамётную ўзваліць. Станкач неразабраны.