— Паранілі цябе?
— Ды ерунда!
У яго ўсё глупства, драбяза. Раптам прыкінула: а яны, бадай, аднагодкі з Францам, васямнаццаці няма.
— Донька, дзе вы там ходзіце? А ён дзе? — спытала Кучарыха. Сказала, расказала пра Франца, пра немца!
— Ну дзе твой фрыц? — пацікавіўся Павал.
Лазарчук, што стаяў ля каня, глядзіць дапытліва. Вочы незнаёма жорсткія. Аброс так, што і хвацкія бакенбарды яго зьніклі. Як часнык у лебядзе ў дрэннай гаспадыні.
— Ой, мама! — Паліне чамусьці лягчэй сваю нечаканую выдумку-хлусьню паведамляць усім праз маці. — Забралі Франца! Нейкія зь ня ведаю яккога атраду. Забралі гадзіньнік, боты, як я пабачылі шкарпэткі з блакітным паяском: «А, немец!» I павялі. Я ўжо ім і пра тое, як ён нас выратаваў, што ён не забіваў, не паліў, — не паверылі, забралі. Ня ведаю, што зь ім зробяць.
— А што зь ім рабіць? — глуха вымавіў Лазарчук. — Ясна што.
— Ён жа нас ад лютай сьмерці… — узмалілася Кучарыха.
— Дайце, маці, за зло расквітацца. А ўжо затым астатняе, — абарваў яе Лазарчук. Умяшаўся Павал:
— Мы вас, мама, з Палінай забяром у атрад, калі назад паедзем. Што вам тут цяпер заставацца? Праз пару дзён. А то яшчэ карнікі вернуцца. У нас тут у яме бялізна ёсьць, хлопцам, ды і мне — пераапрануцца. Завашывелі.
— А як жа! I сала, і сухары. Вось Паліна, злазь, дачушка.
А празь нейкі час брат непрыкметна адвёў Паліну ўбок.
— Дык, кажаш, павялі?
— А вы б што зь ім? А, Паўлік?
— Ня ведаю, як у атрадзе. Вунь у Лазарчука ўсю сям’ю выбілі, нікога не пакінулі. Ох, і палітыкі вы з мамай! Калі недалёка павялі яго, няхай ён ідзе. Раз вы кажаце, што ён такі.
— Дык ён забіў немца, яму нельга вяртацца!
— Ну ня ведаю.
8
Воддаль, над лесам, а часта і проста над спаленай вёскай пралятаюць самалёты. Франц, прыхіліўшыся да дрэва, з хлапчукоўскай дасьведчанасьцю абавязкова паведаміць марку: «мэсэршміт», «фокевульф», Паліна ў такія хвіліны раўніва заўважае, як позірк яго на час некуды аддаляецца, затуманьваючыся. Гэта ягоная Германія лётае. А сам жа ад яе хаваецца і больш за ўсё баіцца, што яна яго адшукае. Маці таксама ўсё часьцей адыходзіць у сваю далеч, усё менш у яе размоваў з жывымі, яна цалкам — зь нябожчыкамі.
— У сьне прыходзяць: «ПІто ж ты нас, Кучарыха, нашы белыя косьці зямелькаю не прысыплеш?» Трэба ім, дзеткі, магілкі выкапаць.
Цяпер Паліна з Францам ходзяць усьлед за ёю, закопваюць тое, што яна сабрала на пажарышчах. 3 рыдлёўкай, з кашом пераходзяць з двара ў двор. Франц на агародзе рые невялікую, але як мага глыбейшую яму («Каб, дзеткі, не адкапалі іх ваўкі, сабакі не расьцягвалі»), Паліна, сабраўшы ў кош тое, што засталося ад сямейкі, нясе да ямы — закопваць. Перад гэтым магілку высьцілаюць расквечанымі галінкамі з гаспадаровай ігрушкі ці вішанькі, прысыпаўшы, Франц спэцыяльным валікам з круглага паленца выціскае на вільготным пяску крыж. Моўчкі перахрысьціцца, і Паліна таксама. Няпраўдай было б сказаць, што яна раней ніколі гэтага не рабіла. Гэта яе таямніца, салодкая і саромная. I не набожнасьць у ёй тады прачыналася, а, бадай, нешта зусім іншае. Спачатку яна рабіла гэта ў гумне, на таку, што соладка пах нагрэтымі снапамі, сенам. Зладзейкавата пракрадалася туды, станавілася наўколенцы на зацьвярдзелую гліну і пачынала шчыра хрысьціцца і класьці паклоны. Перад гэтым пасьпешліва і груба мазала вусны памадай, падоранай ёй дачкой лясьнічага Эвірай, хвалюючы пах нецяперашняй, чаканай жаночай долі дадаваў сораму і забароненасьці. Зойдуць і пабачаць, і што ты будзеш казаць? Стала гэта рабіць у хаце, перад маміным абразком, і менавіта тады, калі нехта блізка быў: на кухні ці за вакном гамоняць маці з суседкай або з бацькам — вось-вось зойдуць! Нават у школе рызыкавала гэта рабіць, калі ўсе пабягуць на перапынак (у той жа Эвіры спэцыяльна дзеля гэтага выпрасіла маленькі авальны абразок) — вось дзе пачуцьцё сорму і забароны было самае вострае. Забягуць, пабачаць — пасьля гэтага жыць стане немагчыма. Толькі памерці!
Успамінала яна цяпер пра гэта? Куды ад памяці схаваесься? Але цяпер нават сьмерць ня дужа хвалявала, болып пужала — грубай прастатой і канчатковасьцю. Гэтыя паўсатлелыя косткі нядаўна жывых знаёмых ёй баб, мужчын, дзіцячыя, яны пазбаўлялі цябе ўсякай надзеі. Кладучы крыж усьлед за Францам, але справа налева, як мама хрысьціцца, як гэтыя некалі хрысьціліся (хто старэйшы быў і чые косткі перад вачыма), Паліна толькі адгароджвала сябе ад памерлых, набліжэньня не адбывалася. Хаця нават у Франца, чужога тут, яна бачыла, было інакш. Што ж яна за вырадак такі? Вось тады — незразумелая страсьць шукаць саромна-забароненае (і дзе, у чым?!), а цяпер — натужная няздольнасьць далучыцца д а нечага, што яна ўжо ведае: ёсьць, ёсьць, і с н у е, але ёй пазнаць ня дадзена.