Вясковыя «лічыльнікі» бацькі з жоўтымі касьцяшкамі чамусьці не забралі, калі быў вобыск, яны дачакаліся ягонага звароту з турмы. Калі вайна пачалася. Прачнулася ноччу Паліна ад спалохана-шчасьлівага крыку маці:
— Дзеці! Дзеці!
Затым усе дружна грэлі ваду, памагалі бацьку мыцца, як немаўля, паставілі яго ў балею — вялізную і нізкую — і палівалі вадой, намыльвалі, церлі вяхоткай. А ён зусім не саромеўся свайго голага цела, непраўдападобна худога, адны косьці. Шапялявіць стаў, зубоў пярэдніх няма. Маці са страхам пытала:
— ІПто ў цябе са сьпінай? Па ўсім целе — што гэта за шнары?
Спачатку бацька нічога не расказваў. Што т а м было, як ён вызваліўся. Вайна ішла, зь лесу сталі наведвацца «акружэнцы», хутка гэтае слова было выцесьнена іншым: «партызаны». У бацькі нейкія справы зь імі пачаліся, адразу ж. Некуды іх вадзіў, зьнікаючы нанач, а то і на некалькі сутак. Аднойчы загаварыў:
— Паслухайце і забудзьце. Невядома, што яшчэ нас чакае ў жыцьці. Але хачу, каб вы ведалі ўсё.
Пра тое, як у менскай турме білі, выбівалі зубы і «прызнаньні» ў шкодніцтве, затым нейкага «пісьменьніка» прыплялі, мабыць, ён ім быў патрэбны больш, чым сам Кучэра. Раскажы, як прыяжджаў чытаць вершы, а сам вэрбаваў для польскай дэфэнзывы, ахранкі! Пра тое, як гэты «нацдэм» падбіраў людзей для сувязі з замежжам. А тут — вайна, Менск сталі бамбіць, турма трэслася ад грымотаў. Па Маскоўскай шашы ўцякалі гараджане, сьледам вялі «ворагаў», некалькі доўгіх калён, у аховы чырвоныя пятліцы, такія ж аколышы фуражак, вінтоўкі з даўгімі рускімі штыкамі. I гэтыя штыкі вартуюць цябе, радзіму ад цябе ахоўваюць. А немец лупіць зьверху, і ты ўжо нібыта зь ім супроць сваіх. Спрабавалі ўгаворваць канвой: адвядзіце нас у ваенкамат, здайце ў армію, ваяваць зь немцам хочам. Заткніся, варожае адродзьдзе! Але вось выстраілі арыштаваных у шарэнгу, самі насупраць зь вінтоўкамі, кулямёты на зямлі: нейкі загад зачытваць будуць. Маёр-энкавэдыст трымае ў руцэ паперку, дачакаўся, пакуль усіх падраўнялі, усе падрыхтаваліся, і, гледзячы ў паперу сваю:
«Аго-онь!» А тут якраз наляцелі самалёты.
— Я ляжу сярод бульбянішча, скашу вочы — крыжы над галавон равуць і адтуль стракочуць. Хто яшчэ жывы, бегчы спрабуе, па тых — энкавэдэшнікі. А адзін, бачу, падбег, штыком на суседа замахваецца, як я нагамі даў яму між ног, аж узвыў. Падскочылі мы і наўцёкі, а збоку бачу: энкавэдэшнік стаў над жанчынай, на абедзьве рукі нагамі, ды я-як штыком ёй у грудзі ці жывот! 3 усяго маху — жанчыну!
Так забівалі царскую сям’ю (сьведчаньне забойцы):
«… Арыштаваныя ўжо ўсе ляжалі на падлозе, сьцякаючы крывёю, а насьледнік усё яшчэ сядзеў на крэсьле. Ён чамусьці доўга ня падаў з крэсла і заставаўся яшчэ жывы. Упрытык пачалі яму страляць у галаву і грудзі, нарэшце і ён зваліўся з крэсла. Зь імі разам быў расстраляны і той сабачка, якога прынесла з сабой адна з дачок…
Ермакоў, бачачы, што я трымаю вінтоўку са штыком, прапанаваў мне дакалоць, хто застаўся жывы. Я адмовіўся, тады ён узяў у мне з рук вінтоўку і пачаў іх даколваць. Гэта быў самы жахлівы момант іх сьмерці. Яны доўга не паміралі, крычалі, стагналі, ператоргваліся. У асаблівасьці цяжка памерла тая асоба — дама. Ермакоў ёй усе грудзі скалоў. Удары штыком ён рабіў так моцна, што штык кожны раз глыбока ўтыкаўся ў падлогу» (Стракоцін).
«Апошняй сканала, каторая абаранялася падушачкай, што знаходзілася ў яе ў руках… (Пакаёўка царыцы Дзямідава). Малодшая доч б/цара ўпала на сьпіну і прытаілася забітай. Заўважаная тав. Ермаковым, яна была забітая стрэлам у грудзі. Ён, стаўшы на абедзьве рукі, стрэліў ёй у грудзі» (Нятрэбін В. Н.)[8].
9
Вырашылі пайсьці зь вёскі — са сьмерцю Кучарыхі, здавалася, яна памерла канчаткова — і пасяліцца ў лесе, куды не дабраліся б ні немцы з паліцаямі, ні партызаны. А як знайсьці такое месцайка? Даганяючы, перасьледуючы, уцякаючы і хаваючыся адно ад аднаго, яны бясьпечных мясьцін на гэтай зямлі не пакідалі.
Але пашанцавала. У густым непраглядным ельніку (праўда, прасека блізка) набрылі на закінутую зямлянку. Мяркуючы па тым, як парасьлі, пакрыліся грыбамі і чагай бярвеньне і жэрдкі, а бляшаная бочка-«буржуйка» афарбавалася ў охру іржы, тут даўно ніхто ня жыў. Магчыма, з восені-зімы 41-га, калі акружэнцы-партызаны таіліся ў лясах, выходзілі адно здабываць харч. Часам абстрэльвалі нямецкія машыны.