— Я-ак до-обр-ра-а, соладка!
Калі Паліна міжволі пацягнула руку, каб памагчы вараняці, яно са страху — дзе і сіла, і ўменьне ўзялося — узьляцела і села на ніжні сук сіратліва, у яловай засені выраслай бярозы. Гайданулася, каб ня ўпасьці, умацавацца. I ўхапілася атрасаць вільгаць роднага гнязда, саскрабаць дзіцячую ліпучку зь пер’я, прапускаючы празь дзюбу то адно, то другое крыло. Усім добра. А што людзям дрэнна, дык хто ў гэтым вінаваты, калі не яны самі?
Павячэралі бульбай і падсмажанымі на распаленай блясе ўюнкамі (Франц запэўніваў, што нічога больш смачнага ня еў, будзе мутэр сваёй расказваць).
На гэты раз спаць уладкаваліся моўчкі, як бы баючыся словаў, яны адно перашкаджаюць. Расьсьцялілі Францаву вясковую саматканую сьвітку — гэта пад ніз будзе, акрыцца — плюшаўка Паліны. Усё бяз словаў, і быццам заўсёды так вось спалі і нічога асаблівага няма.
— Холадна табе?
— Крыху. Я бачу, і табе таксама холадна.
— Беднае варанятка. 3 гнязда выпала.
— Цікава, якія цяпер у муці сны? Яна любіць іх пераказваць, і мы абавязаныя слухаць, як урадавую зводку. Крыўдзіцца. Вярнуся калі, яна мне іх абавязкова раскажа.
— Табе ж холадна. Акрыйся добра. Сьпі, сьпі. Нядыхай так! Чуеш, ня дыхай так! Хацела адсунуцца, а ён спалохана і вінавата аціх.
Беднае варанятка! Працягнула сама да яго ў цемры рукі, ён прыціснуўся да іх гарачымі шчокамі, прыціснуўся да яе, як схаваўся. Такі бездапаможны, такі разгублены… Калі боль пранізаў яе і, галоўнае, спалох, што г э т а ўж о адбылося, здарылас я (падкраўся, гад!), яна адштурхнула яго зь сілай, якой сама не чакала!
— Зьвер! Фашыст! Фашыст пракляты!
— Я ж цябе кахаю, Паліна.
— Воўк — кабылу! — і зарыдала.
Печка выгарала, згасла, у зямлянцы няўтульна, сыра, пах закінутасьці і нейкай безвыходнасьці. За дзіравым акенцам насьмешлівы, зьдзеклівы хор жаб. Загарнуўшыся ў свой плюш, ціха ўсхліпвала Паліна. Аціхлы, быццам і няма яго тут, ляжыць Франц. Ён, здаецца, мацней за яе аглушаны тым, што здарылася. Ціхенька ўстаў, разьдзьмуў у печцы агеньчык, падкінуў дроваў. Пад смалістае пастрэльваньне агню заснуў.
Крык уварваўся ў расчыненыя дзьверы:
— А ну выходзь! Фэрфлюхтэр, маць вашу! I проста над галавой — у акенца:
— Кідаю гранату! Язьві вашу душу: выходзь!
Гэта маміна «язьві» падзейнічала асабліва паралізуюча.
— Ой, дзядзечка, ня трэба, мы вясковыя!
Адштурхнуўшы Франца, выйшла, выбегла першаю, папярэджваючы крыкам:
— Там брат, ён нямы, зусім нямы!
Плямісты нейкі чалавек (плашч-накідка і голеная галава — усё ў яго ў плямах) адкінуў Паліну:
— А мы зараз пабачым. I Франца аўтаматам адштурхнуў убок:
— А ну, выпенцюх! Хто яшчэ там?
— Нікога, паночак, толькі мы! — сьпяшае адказаць Паліна.
— Правер, — загадаў плямісты другому ў такім жа плашчы, але ў гэтага на галаве нямецкая каска.
— Бач, бандыцкія морды! — нядобрымі вачыма разглядвае голенагаловы злоўленых. — Хочаце пабачыць беларускую птушку бусла? Пакажам вам, сталінскія бандыты!
I ўжо да сваіх, чалавек шэсьць іх, жалезнагаловых.
— Мала было Сталіна гэтым бульбянікам, не нацешыліся калгасамі. Вы за што гэта ваююце?
— Мы цывільныя, дзядзечка, брат, ён нямоглы зусім, хворы, — галасіла Паліна, а сама думала: ня горш за бабку Адарку, яна кармілася тым, што аплаквала нябожчыкаў. Адно каб Франц ня ўздумаў памагаць.
А плямістагаловы ўсё шукае, да чаго прычапіцца. Вось ужо свой яму не дагадзіў:
— Іваноў, ты куды? У кусты ўсё цягне? Ой, глядзі! Можа, як Валошын рашыў? Бяжыце, бяжыце, вас бандыты прылашчаць!
— Скуль ты ўзяў? — агрызнуўся ўласавец у акулярах (Паліна ўжо разумее, хто гэта). — Чалавеку пасц… нельга?
Франц жа пра сваё ўсё думаў, трывожыўся: на просецы адразу ж убачылі немцаў. Некалькі афіцэраў у такіх жа плашч-накідках, але высокія фуражкі на іх, а ня каскі і не пілёткі. I галоўнае, глядзяць так — яны і астатнія на іх, — што адразу разумееш: самыя вялікія начальнікі — гэтыя.
Франц з усяе сілы стараецца не спужацца, не прыцягнуць іх увагу. Але ўсё-ткі гэта былі першыя немцы пасьля ўсяго, і сам ён ня мог не перажываць наймацнейшых пачуцьцяў, дзе былі ня толькі трывога, страх, але і шчымлівы боль за сябе, за свой вось так пакручаны лёс.