Франц у баявое падразьдзяленьне патрапіў проста з Бабруйскага вакзалу, разам зь цяжкім узбраеньнем, што прыбыло спэцыяльна для гэтага батальёну. Так што вёска Петухі — яго першае баявое хрышчэньне. Кажуць, тут самы гадзючнік партызанскі. Як выказаўся штурмбанфюрэр, тут і курыца — партызан.
Аднак, Францу ў гэта нялёгка было паверыць, калі ён бачыў тутэйшы люд — што ў Бабруйску, што ў гэтай вёсцы. Запалоханы і нейкі прыгнечаны: ахвотна саступаюць тратуар, дарогу, у вочы, праўда, пазьбягаюць глядзець (дзеці, тыя пазіраюць з пужлівай цікаўнасьцю), але калі немец пакліча, паслухмяна падыдуць і нават колькі словаў па-нямецку скажуць, якія ведаюць. «Шксфарштэйн» — нават з гонарам, што таксама могуць па-нямецку.
Калі па праўдзе казаць, дык Францу нашмат болып не падабаюцца мясцовыя паліцаі: ілжыва-дагодлівыя, а тым ня менш у руках у іх зброя. Што ён там насамрэч думае і што зробіць у наступны міг — хіба ведаеш? Сытуацыя, у якой ён адразу ж апынуўся ў Петухах, ня простая для любога. А Францу, навічку, як яму нават уявіць, што сёньня ён вось з гэтымі людзьмі жыве ў адной хаце, яны яму грэюць ваду, смажаць яечню, зь імі ён гамоніць, сьмяецца, а заўтра ён іх усіх заб’е? Прачнецца раніцай, павітаецца, пачысьціць зубы, пасядзіць за сталом, пераглядваючыся з Палінай, маладой гаспадыняй, а затым яны з Ота паглядзяць на гадзіньнік і бразнуць затворамі…
Пераглядвацца і пасьмейвацца пачалі не адразу, толькі на другі дзень — Франц зь дзяўчынай. Спачатку яму здалося, што ў гэтай хаце — дзьве бабулькі. Старая, сівая бабулька зь нейкай бязглуздай вечнай усьмешкай і бабулька маладзейшая, ані не харашэйшая за тую, першую. Нават больш брудная і ўся закручаная ў нейкія анучы, ды яшчэ і кульгае, горбіцца.
Але назаўтра раніцай другая бабулька некуды зьнікла, а аб’явілася амаль дзяўчынка, чарнавокая, з падкарочанымі валасамі, цікаўна і як бы сьмеючыся прыглядаецца да Франца. Спадніца тая ж, па-вясковаму даўгая, бруднага колеру, але кофта беленькая, нават зь нейкімі вышыванкамі. Не падазраючы, што Франц паруску разумее (бацька яго быў у расейскім палоне, і дома ў іх нямала расейскіх кніг, нават Біблія ёсьць славянская), старая шыпіць на сваю, відаць, дачку, не паварочваючы да яе твару:
— Што гэта ты сабе дазваляеш, язьві тваю душу? Перад кім ты выфранцілася? Што гэта з табой робіцца?
Ота, хаця па-іхнаму ані слова, тым ня менш бачыць і разумее тое, што адбываецца, лепш за Франца. Растлумачыў. Яны тут усе так, хто маладзей і харашэй, прыкметней: твар, шыю ў сажу запэцкаюць, вьшажуць, амаль ня ў гной — рукі, ногі, апрануцца, быццам хлеў ім чысьціць, яна табе і кульгавая, і гарбатая — адно ня руш яе! Не спакушайся на яе хараство! А гэта, бач ты, адразу зьмяніла тактыку, як толькі ты аб’явіўся, — ганарыся, Франц!
Старому Ота даручаны яго бацькоўскай апёцы маладзён, проста з гітлерюгенду, нават спадабаўся. Хаця гараджане, ды яшчэ гарластыя, нахабныя юнцы, яму ня надта да душы. Ад іх старому, ды яшчэ вяскоўцу, заўжды трэба чакаць нейкае насьмешкі, непрыемнасьці. Адзін ужо быў у яго такі, хуценька адхапіў пасаду цугфюрэра, узводам камандуе, і Ота цяпер яму падпарадкуецца. Начыста забыў, якім быў рахманым першыя дні, як зазіраў у рот бываламу салдату, лавіў кожнае яго слова, параду, а цяпер на Ота глядзіць заўжды з насьмешачкай, штораз нры пастраеньні пацікавіцца: «Hast du dein Scheiss beendigt?», ці пасраў гер Ота, а то цуг, узвод можа яго і пачакаць.
А з гэтым Францам яшчэ і такое магчыма: падстрэліць па дурноце, усё не нацешыцца атрыманым шмайсэрам, важдаецца, як з цацкай, зараджае, перазараджае. На Ота пазірае, бы шкадуючы, у старога ўсяго толькі вінтоўка. Зь імі, з гэтаю дзявухай па-іхнаму гамоніць, хіхікаюць, ці ня з Ота? Калі пасьпеў і дзе так насабачыцца па-руску.
2
Прыгледзеўшыся да немцаў, што пасяліліся ў іх хаце, паслухаўшы, што суседзі расказваюць пра сваіх пастаяльцаў, Паліна сапраўды перастала баяцца. Не, страх, жах перад тым, што немцы вычварылі ў суседніх Борках і Каменцы, не зьнікаў, душыў. Але ж ня Франца ёй баяцца, гэтага дылду-хлапца, які ня можа з уласнымі рукамі-нагамі справіцца, падобны да ястрабяня, што вывалілася з гнязда. Шаснаццаць гадоў — гэта шаснаццаць гадоў. Менавіта столькі споўнілася Паліне ў студзені. Так хочацца верыць у лепшае. Ну а немцу гэтаму — ці на шмат болып? Хаця і ўзьдзеў мундзір, рамянямі і нейкімі тэрмасамі абвешаны, як пудзіла агароднае, з аўтаматам і спаць кладзецца, сьмярдзіць конскім потам і нейкімі памадамі, адэкалёнам. Бязь сьмеху глянуць на яго нельга. I ўвесь час бачыш яго блакітныя вочы. Нават сьпінаю адчуваеш.