— А, усе яны добрыя! Адных ратаваў, а другіх, можа, караў, мучыў.
— Дзеўка ж казала: ён толькі што з Германіі, калі ён мог пасьпець?
— Ужо нагледзеліся мы на іх! На ўсякіх.
— Не, не, бывае, не кажэце! Вось адна жанчына на гарышчы схавалася, цыбуля там сушылася, дык яна пад яе зашылася. А ён: рып па лесьвіцы, рып-рып… Узьлез, падышоў, адкрыў твар ёй, паглядзелі адно на аднаго, назад паклаў вянок і пайшоў, не чапіў.
— А то расказвалі… Афіцэр адзін, таксама немец, ня вытрываў, як яны тых дзяцей, баб забіваюць, адышоў убок і сабе ў галаву…
— А гэты, калі ён праўда застрэліў свайго, хто ж яго цяпер памілуе, калі ня мы?
Калі пал і сьмяротная слабасьць адступіліся, і Франц стаў пазнаваць Паліну, убачыў людзей каля сябе, ён раптам павітаўся:
— Добры дзень!
— Нічога, можаш гаварыць, — супакоіла Паліна, — людзі ўсё ведаюць.
— А ён па-нашаму гавора! — абрадаваліся бабы.
А калі пераканаліся, што і гаворыць, і разумее добра, распачаліся сапраўдныя палітразмовы. Завадатар гэтых бясконцых размоваў — стары, якога ўсе называюць Бязвухі. Ён без вушэй насамрэч. Калі такімі не лічыць кароткія агрызкі, прыкрытыя рэдзенькім касмыльком валасоў. Бабы, тыя ўсе ведаюць, паведамілі Паліне: у грамадзянскую вайну так удружылі дзеду, адно вуха адрэзалі чырвоныя, другое — балахоўцы, белыя. Не дагадзіў ні тым, ні другім. Мабыць, ім таксама дакучаў, назаляў сваёй асобай, сялянскай праўдай, як зараз во Францу. Бабы ўжо гоняць яго, як авадня.
— Дай хоць чалавеку паляжаць. Да чаго прыставучыдзед.
Каб гэтыя людзі раптам зрабілі Паліне нават вялікае зло, яна не змагла б ім не дараваць — за тыя кружачкі малака, што прыносілі Францу. На ўвесь «цывільны лягер» было дзьве ці тры каровы, каб дабрацца да іх, трэба ажыцьцявіць небясьпечнае падарожжа па балотных купінах, і вось кроплямі малака, што прызначаліся адным толькі дзецям, дзяліліся зь немцам.
А Бязвухі ўсё намагаўся нешта сваё даказаць Францу. I выклікаць яго на спрэчку. «Дзеду-ўсяведу» (яшчэ і так клічуць Бязвухага глумлівыя падлеткі) трэба абавязкова атрымаць пацьвярджэньне, што гэта немцы прыдумалі калгасы. I зрабілі знарок, каб гэтыя дурні на ўсходзе развучыліся і працаваць, і ваяваць. Армія заўсёды трымалася на самастойным гаспадары, а з калгасьніка — што спытаць? Які работнік, такі і воін. А надумаў, зрабіў так усё ўнук «Карлы Маркса», ён пры Гітлеры галоўны дарадца. У Франца галава ішла кругам ад несакрушальнай упэўненасьці Быязвухага. Бабы ж папярэдзілі свайго дзеда:
— Ой, глядзі, адрэзалі табе вушы, і язык адрэжуць!
Хто адрэжа, не казалі, але, мяркуючы па ўсім, ведалі і яны, і сам стары. Таму што гаварун на нейкі час змаўкаў, сыходзіў да сваіх справаў. Але неўзабаве вяртаўся.