Выбрать главу

Паліна ўсё не казала яму пра галоўнае. Цяпер у яе занятак: гледзячы на Франца, параўноўваць, уяўляць, якія вочы, твар, валасы ў яе дзіцяці. Забывалася ва ўсьмешцы, але раптам яе твар (с а м а б а ч ы л а) рабіўся халодным, чужым, як бы пярэчыла каму: а в а м яка я справа? Ну, а д немца, н я ва м яго гадаваць!

Мамачка стала мамай, а тата бацькам для Паліны, будучы такімі старэнькімі. У яе дзіцяці мама будзе зусім маладая. Разам на вечарынкі бегаць будзем! — упарта вяртала ўсьмешку на твар.

А потым усё пачыналася зноўку: абстрэлы, бамбёжкі. Выкрыкнула сваю таямніцу Францу, калі прабіралася па халоднай гразі па калена, раптам спужалася (сосенка ад выбуху, узьляцеўшы, іх абодвух накрыла, балюча хлабыснула па галовах, сьпінах), што заб’юць каго-небудзь або абодвух, а ён так і не даведаецца.

Але Франц, падобна, не расчуў ці не зразумеў, пра якое яна дзіця. Іх столькі навокал, дзяцей; нягледзячы на слабасьць, і Франц стараецца памагаць жанчынам, у каго па трое, а то і болып.

У гарачцы ўжо амаль не прыкмячаў Франц (а спачатку пужаўся), калі побач зьяўляліся людзі са зброяй, партызаны. Яны то рухаліся разам з жыхарамі, то некуды ішлі, зьнікалі. Франц пераконваўся: такія ж, як і астатнія, вясковыя людзі.

Праўда, калі і Францу, пры яго маскарадзе, апратцы, даць зброю, сыдзе і ён за свайго тут.

А аднойчы здарылася такое, што ўсяго перавярнула, як бы ня помніў ужо, хто ён, дзе ён. Такое давялося пабачыць (Паліне), у такім удзельнічаць (Францу) — пра гэта ніколі потым не гаварылі адно з адным і ўспамінаць не хацелася. Не, не самае жорсткае і жахлівае з бачанага, перажытага, бо мера даўно страчана на гэтай вайне, у гэтым жыцьці.

Гэтыя пяцёра зьявіліся пасьля яўна няўдалай апэрацыі, бою. Ніяк супакоіцца не маглі, па выгуках і нэрвовай перапалцы можна было дапетрыць, што толькі яны і вырваліся адтуль жывыя. Двое зь іх параненыя, у руку, у галаву, здавалася, ледзь трываюць на нагах. Спачатку насядалі на чалавека ў пацёртым скураным паліто, з сухім непрыгожым тварам. Ён не аддаў нейкую каманду і сам апынуўся ня там, дзе павінен быў знаходзіцца. Францу цікава было і крыху вусьцішна назіраць за імі: гэта і ёсьць тыя самыя партызаны, якіх так ненавідзяць і так баяцца немцы. А ў скуранцы, мабыць, камандзір, магчыма, камісар. Але ён не габрэй, хаця сярод немцаў лічыцца, што яны запраўляюць усім. Ёсьць і габрэй: гэты, аднак, амаль ня ўдзельнічае ў звадцы, зусім як староньні. Усьсеўся на рэчмяшок і глядзіць проста перад сабой, як быццам цягніка чакае, што вось-вось вынырне з-за дрэваў. А профіль-профіль, ну, проста-ткі карыкатура на «юдэ-камісара» ў салдацкіх газэтах! Нешта прыцягвае ўвагу Франца менавіта да гэтага чалавека. Зрэшты, зразумела: столькі напісана, нагаворана пра габрэйскае племя, якое ўмудраецца ва ўсё ўлезьці і ўсё павярнуць на карысьць сабе і на шкоду іншым, што сустрэча з габрэем, з ж ы в ы м — у Германіі іх ужо няма, — нечакана ўсхвалявала. Не, Франц ня лічыць сябе нацыстамантысэмітам, у іх дома гэтага саромеліся. Але Франц апошнія гады дадому да бацькоў толькі наведваўся час ад часу, а жыў і працаваў у маладзёжных лягерах. Дзе трэба было адпавядаць вобразу маладога і крыважэрнага тыгра-салдата фюрэра. Франц вучыўся адпавядаць. Чакаў, як і іншыя, дзень, калі, як пасьвячэньне, будзе і ў яго пад пахай наколка эсэсаўца. Наколькі, аднак, далёка зайшло, ён і сам ня ведаў: не было блізка і навокал габрэяў, каб праверыць свае пачуцьці. Але помніць, што халадзеў ад жаху і як яго ванітавала, усё ж намагаўся выглядаць ня горш за іншых, калі франтавік з «жалезным крыжам» апавядаў, як весела ваюе СС на Ўсходзе. Недзе ў паўднёвым горадзе: руская жонка прынесла перадачу арыштаванаму габрэю. Ёй вынесьлі, вярнулі посуд. На талерцы, пад ручніком — яго галава!..

I вось габрэй сядзіць перад ім, але сытуацыя зусім супрацьлеглая: ня «юдэ» ў руках у «арыйца», а «арыец» — у поўнай яго ўладзе. Досыць габрэю, даведаўшыся, што гэта немец глядзіць на яго, ткнуць у яго бок пальцам, і зь немцам зробяць тое ж, што заслугоўваюць, паводле перакананьня салдат фюрэра, габрэі.

А тым часам нешта зьмянілася ў сцэне, што разыгралася ў лесе. Дагэтуль закручвалася вакол камандзіра ў скуранцы, якога вінавацілі ў нядаўняй бядзе, пагрозьліва лаялі за неразумныя распараджэньні і, падобна, за трусасьць. Скураны падышоў да седака на рэчмяшку, паглядзеў бессэнсоўна, як бы нешта кемячы, і раптам спытаў гучна: