А вось на яго вясельлі нашых было мала. Па-мойму, не захацеў нас бачыць у сябе. А дакладней, каб мы бачылі.
Толькі ў дзень яго пахаваньня, Івана Іванавіча — праз доўгія гады, — я пабачыў яго жонку, пабываў у кватэры. Ляжаў ён у труне ў такім нязвыклым на ім касьцюме (заўсёды ж у чорнай, усё адной і той жа, гімнасьцёрцы), а на крэсьле каля яго сядзела жанчына, увесь час адвярнуўшыся. Я ведаў, мы ведалі, а тут я ўпершыню разгледзеў: шчака чорная, як застаецца ад блізкага выбуху, вока адно жудасна нерухомае, устаўное. Ёй самой, магчыма, было ўсё роўна, як яна выглядае, адварочвалася ж (раптам падумалася) дзе ля нябожчыка. Раз ён ня клікаў нас да сябе, значыць, не хацеў, каб бачылі.
А ведалі ж яго гісторыю, на рэдкасьць рамантычную ў наш ня дужа рамантычны час. Помню, я перажываў яе амаль са сьлязой, калі неяк пачуў. Сам ён і расказаў. У групе яго падрыўнікоў, якую Ваня вадзіў на «жалезку», той раз апынулася ў ёй, магчыма, сама напрасілася, гэта здаралася, маладзенькая дзяўчына. Калі адыходзілі пасьля ўзрыву эшалёну, уцякалі, яна напаролася на міну. Некалькі вёрст ён нёс яе на руках. Успамінаючы, сказаў: «Прыціснулася, худзенькая, дрыжыць, як дзіця…». Вось гэтая памяць іх і пажаніла. Мабыць, ён ганарыўся сваім учынкам: ня тым, ля чыгункі, а пасьляваенным. А былі ці не шчасьлівымі — хто ведае? Было гора на твары ўдавы, але дабраты, здаецца, няшмат. А Ваня і запіваў моцна і ўвесь час на сухоты хварэў. Сын іх трапіў у турму, на пахаваньні бацькі яго не было.
Каб за ўсё добрае ўздавалася поўнаю меркаю — было б проста жыць. А жыцьцё ня простае.
15
На сконе лета 1944 году над размытымі і зарослымі лебядой папялішчамі Петухоў чуўся адзінокі гук. Нямоцны, вялы, як бывае, калі счэсваюць кару, звонкі, сухі, калі проста на зрубе высякаюць канаўку, каб пакласьці мох, — дзеля злучэньня з наступным вянцом бярвёнаў.
На ўзьлеску стаяць двое і ўслухоўваюцца. Зрэшты, іх трое — на руках у жанчыны, загорнутае ў марлевы шматок, прыкметна забруджаны, сьпіць малое. I хусьцінка на галаве ў жанчыны з марлі, ад гэтага асабліва прыкметныя чорныя крапінкі на зьнявечанай левай шчацэ, на лбе. Ля ног мужчыны армейскі рэчмяшок, сам ён у рускім шынялі, як на яго кароткім, увесь у бурых плямах, заношаным.
— Гэта татка, мой татка! — шэптам ускрыквае жанчына. — Я як голас яго чую.
— I прыйшлі яны ў Бэтлеем…
— Мне ня верыцца, што мы зноў тут!
— I прыйшлі ў Бэтлеем, бо казаў Аўгуст адправіцца кожнаму туды, дзе нарадзіўся. Язэп пайшоў запісацца з Марыяй, абручонаю яму…
Па дарозе Франц ужо некалькі разоў узгадваў пра біблейскі перапіс, а наогул жа яны з Палінай вельмі ўзрадаваліся, калі ў ваенным шпіталі ім выдалі паперку, адну на дваіх (са згадкай пра дзіця): «Пераправаджаюцца па месцы даваеннага пражываньня».
У тым шпіталі яны прыжыліся надоўга. Франц працаваў на нарыхтоўцы дроваў, Паліна, крыху акрыяўшы, пры кухні і санітаркай, а затым надышоў час раджаць. Выявіла, што за час, пакуль хварэла, яе «нямко» стаў агульным любімцам у шпіталі, мэдсёстры яго шкадавалі, падкормлівалі. Нават прыраўнавала:
— Ты цяпер мяне такую памяняеш. Я ведаю.
А Франц усьміхаўся так, што хацелася верыць: пачварна склеенае яе вока і гэтая жахлівая чарната, якую ня змыць з шчакі, для Франца як бы нябачныя.
Стары Кучэра здалёк убачыў і стаў углядацца: што гэта за жанчына так сьпяшае, кіруючы да яго селішча, сядзібы. Белая хусьцінка то ўзьнікае, то хаваецца ў бярозавай зеляніне. Апошні раз цюкнуў сякерай і, ня злазячы з высокага зрубу, сачыў за жывой плямай вачыма, стомленымі ад шматдзённага бязьлюдзьдзя. Калі ўбачыў на руках у жанчыны дзіця, нясьмелая думка — а раптам Паліна? — стала чэзнуць. Але ўсё адно цікава, хто гэта — а раптам знайшоўся яшчэ адзін петухоўскі нсыхар?
Паліна ўжо бачыла, пазнала бацьку: галава зусім-зусім белая, а твар прыгожа-загарэлы і вусы, барада ўсё яшчэ цёмныя. Татка, татка! Камяк сьлёз не выпускаў голасу, крыку.
I калі яна выбегла з кустоў з заплаканым дзіцём, якому перадалося хваляваньне, і выкрыкнула-ткі: «Тата!», — стары невядома як апынуўся на доле. Кульгаючы (Паліна спужалася, што стукнуўся, зьлятаючы з зрубу), рушыў ёй насустрач. Паліна, дачка! Але што гэта ў яе з тварам, з шчакой? I чыё малое на руках? Як жа яна нагадвае сваю маму! Маладую, беламорканальскую.