Аб чым жа яны так сярдзіта, нават грозна гамоняць са старым, калі не дзеля Франца прыбылі? Нешта шукаюць: чутно, як тупаюць па столі, над галавой. ПІто тых самых беглых паліцаяў, дэзэртыраў шукаюць?
Былі хвіліны, калі Францу ўсё ж хацелася, каб яго знайшлі. Думка здрадніцкая ў адносінах да Паліны, да Паўліка і да таго, хто народзіцца, але што можа чалавек зрабіць, калі любы яго крок насустрач уласнаму інтарэсу — ужо здрадніцтва. Тады, у першай нары, хаваўся здрадні к Германіі, фюрэра. А цяпер, тут? Але не павесяць жа яго: ён выратаваў савецкіх людзей, ён забіў фашыста. Хіба за гэта тут караюць?
Раптам пачуў Паліны крык:
— Тата, тата! Што гэта? Куды вы яго забіраеце, куды ведзяце? Вы людзі ці хто вы? Што ён вам зрабіў дрэннае?
I гучны голас Кучэры:
— Нічога, дачушка, табе нельга так. А мяне патрымаюць і выпусьцяць. Маёр абяцае: зараз прышлюць акушэрку. Чуеш? (Так гучна крыкнуў, што Франц скеміў: папярэджвае яго.) Сюды прыедуць людзі. Так што чакайце. А прыйдзе з Каралёва Стану… цётка, тады рашайце самі, як быць. За мяне ня бойся. Не прапаў і не прападу.
Ад парога Кучэра азірнуўся яшчэ раз на Паліну і раптам убачыў прысеўшага за яе ложкам… Франца. Вылез! Што ён робіць? Загубіў! Думае, што ратуе, дурань, а губіць канчаткова. Адчайны позірк старога змусіў Франца дапасьці да падлогі, затаіцца.
— Нічога, нічога, — з-за пляча Кучэры прагучаў чужы голас, — не непакойцеся, жанчына. Мы не зьвяры. (I засьмяяўся.) Зьвяры ня мы.
18
У Каралёў Стан пад крыло бестурботнага Каляды, у леспрамгас, трапілі ня хутка. Яшчэ год пражылі ў сваім доме, пакуль Паліна гадавала другога хлопчыка ды ўсё пісала ў Менск і езьдзіла ў раённы цэнтар, дабіваючыся праўды, ратуючы бацьку. Каляда таксама стараўся. Але, як звычайна, болып размовамі, крыкам.
— Змрок і туман! — тлумачыў Францу. — Быў такі ў фашыстаў шыфр, у гестапа: чалавек зьнікае бязь сьледу. Каб астатніх да пят праняло. Але не на тых яны напалі. Вось паеду яшчэ раз у Менск…
Нямко Калядзе падабаўся ўсё больш, асабліва, калі піў зь ім нароўні, стаміўшыся аднеквацца. Тады Паліна падыходзіла і канфіскоўвала бутэльку.
— Не хапала мне яшчэ п’яніцы-мужа! Каляда ўсё адукоўваў нямка:
— Усё таму, што ў Палітбюро ніводнага партызана. Ёсьць у Маскве адзін чалавек Панамарэнка Панцеляймон Кандратавіч, кажуць, ён прыёмны сын Сталіна. Так што партызаны яшчэ екажуць слова. Вярні, Паліна, бутзльку, так ня робяць. Цябе Кучэра не пахваліў бы за гэта.
Сьмех і бяда з такімі памочнікамі. Але калі давялося амаль уцякаць зь Петухоў — не станавіцца ж і Францу калгасьнікам, бяспраўным на ўсё жыцьцё, а да гэтага ішло, — Каляда быў адзіным сьвятлом у вакенцы. Хату прадалі (за рэчы найболын, апратку ды абутак) бежанцам з галадаючых раёнаў Украіны і накіраваліся ў глуш палескую, куды даўно клікаў Каляда. Грошай толькі і было — даехаць. Дзе машынай, цягніком, а апошнія дзесяць вёрст — чыгуначнай дрызінай па вузкакалейцы.