А тым часам яны з Палінай і зь дзецьмі абжываліся на новым месцы. Вечарамі і ранічкаю Франц майстраваўцясьлярыў у доме Каляды, які цяпер і іх дом, Паліна падзяліла абавязкі з гаспадыняй: тая даглядала, колькі мела сілы, за дзецьмі, Паліна клапацілася на кухні, у агародзе. У месцах старых высечак падрыхтавалі агнём і сякераю, разрабілі дзялянку (круглае слова: «ляда») — пад проса. Франц раптам адчуў смак да такога менавіта гаспадараньня, першабытнага, а паводле вызначэньня Паліны — «дзікунскага». Пабачылі б муці і фатэр свайго сына: босы, у чорных ад сажы армейскіх галіфэ, торс, як у афрыканца, і ўвесь у брудных падцёках поту, запрэгшыся ў неверагодную барану — усяго толькі абпаленая вяршынка елкі, сукаваты вожык, — цягаў ён сукамі наперад з канца ў канец паляны, узьдзіраючы пакрытую попелам зямлю. Паліна прыбягала да яго з абедам (салёныя агуркі і грыбы, рыба, бульба, хлеб), як жа яна клапацілася каля беднага свайго, як яна лічыла, катаржніка. I ня верыла, што белазубая «негрыцянская» шчасьлівая ўсьмешка — гэта ўсур’ёз, што такая праца можа некаму падабацца. А Франц і сапраўды перажываў незнаёмае раней адчуваньне паўнаты жыцьця. Спрабаваў растлумачыць жонцы: менавіта так, менавіта з голымі рукамі адзін на адзін з прыродай, і вось, калі ласка, не прапалі б з Палінай і дзецьмі — без усякае дзяржавы, без усялякае ўлады. Вось пабачыш, вырасьце проса, каша будзе, разварыстая — лыжку праглынеш! Глупства, фантазіі, але гэта Франц, не дарэмна яна кахае яго, анікога іншага поруч з сабой уявіць ня можа. Але на ўсякі вьшадак казала:
— Ведаю, чаму табе так хочацца безь людзей, у дзікім лесе жыць. 3 такой жонкай — ні сабе, яі людзям паказаць!
I звыкла трымаецца рукой за шчаку. Левае вока ў Паліны крыху зьліплася, бачыць, але ўсё роўна не як у людзей. Франц не спрачаецца, проста глядзіць, але так, што Паліна, успыхваючы румянкам, сьмела прыбірае руку.
— А, як хочаш! Якая ёсьць, такая ёсьць! — кажа з гульлівай абыякавасьцю, а ў вачах усё роўна блізкія сьлёзы.
Убачыў Франца я, усю яго немалую сям’ю на партызанскай сустрэчы ў лесе побліз вёскі Зубаравічы. Гэта былі ўжо хрушчоўскія 60-я, такія сустрэчы сталі дазволенымі, рэгулярнымі, звычайна 9 траўня. «Рамантыкі сталінізму», а менавіта так хочацца назваць многіх партызан гэтага часу, прынялі з рук выкрываўцы іх «галоўнакамандуючага» тое, да чаго ён сам, Сталін, блізка іх не падпускаў, але «Мікіту» тым ня менш недалюблівалі, а «генэралісімуса» па-ранейшаму ўшаноўвалі. Так і не даведаліся, а даведаліся, не паверылі б, што рыхтаваў і ім крывавую лазьню, можа быць, адразу пасьля габрэяў, і толькі сьмерць перашкодзіла яму аддзячыць іх па-сталінску.
Да таго часу на месцах ужо адбылося «амаладжэньне кадраў», у райкомах і райвыканкомах на зьмену былым партызанам прыйшлі іншыя людзі, але ў цэнтры, у Менску, яны сядзелі шчыльненька, а таму раённыя кіраўнікі такія партызанскія сьвяты арганізоўвалі з усім партыйным размахам. Высылалі на «месцы баёў» буфэты, загадзя будавалі дзе-небудзь на лясной паляне ці ля ракі трыбуну, вылучалі ўласных прамоўцаў, наструньвалі вясковых настаўнікаў, гэтых пакорлівых прыпражных ва ўсіх падобных мерапрыемствах, нават калгасьнікаў стараліся не займаць тэрміноваю працаю, і нават уласнай начальніцкай прысутнасьцю асьвячалі выязныя папойкі. Як калі б да іх наехала начальства з вобласьці ці з самой сталіцы. Улічвалася: заўтра хто-небудзь з гэтых партызанчыкаў папросту сустрэнецца з самым Мазуравым ці Машэравым ды і падзеліцца ўражаньнямі аб пастаноўцы патрыятычнага выхаваньня ў такім вось раёне.
Ну а мы, радавыя народныя мсьціўцы, настроеныя былі мірна-настальгічна нават у адносінах да тых з свайго былога начальства, каго на дух не пераносілі. Самі ж нашы начальнікі працягвалі высьвятляць, хто каго абскакаў пасьля вайны і ці па заслугах. Але здаралася, што жыцьцё і нас сутыкала лбамі. Ды не, не жыцьцё, што нам было дзяліць, а зусім пэўныя, кампэтэнтныя ў такіх справах, органы. Мне, напрыклад, зь нейкага часу езьдзіць на такія сустрэчы расхацелася, хаця многіх пабачыў бы з радасьцю. Але неяк сорамна было сустракацца зь вясёлым сваім камбрыгам, які, прасьцецкая душа, падпісаў супраць мяне генэральскае пісямко ў беларускай газэце з гнеўным палкоўніцкім асуджэньнем «пацыфіста» і «абстрактнага гуманіста». Ну што, высьвятляць зь ім, якія бываюць гуманізмы? Абстрактныя, не абстрактныя? Большае дурноты не прыдумаеш. Або такі ж ліст майго аднагодка, які аж у маскоўскай «Красной звезде» выліў сваю горыч, што давялося яму партызаніць з чалавекам, які паклёпнічаў на нашых гераічных генэралаў.