У хаце Кучарыхі рагатаў толькі Ота Залеўскі. Астатнім было не да таго. Франц выбег за дзьверы, на вуліцу. Паліна кінулася на печ, да маці пад крыльца. I стаіліся абедзьве.
Раніцой жанчыны ўсталі, як звычайна, раненька, асьцярожна корпаліся ля печы, даілі карову, кармілі кабанчыка, курэй — усё, як заўсёды. Выйшаў да іх Ота, выспаны, дужа задаволены мінулай ноччу. Яны яго абслужылі цёплай вадзічкай: падрэзаў свае вусы, пагаліў змаршчакаватыя шчокі і шыю, часьцей звычайнага паўтараючы: «Данке, гут, гут!» Франц выйшаў са спальні, як выбег, звонячы зброяй і мэталічнымі карабкамі на поясе, адварочваючы падрапаную, з барвовымі шнарамі, фізіяномію. Не павітаўшыся, пабег на вуліцу. Кучарыха правяла яго спалоханымі вачыма, нават Паліна, зусім ціхая, зьбялелая, стаяла ля шафы, вінавата маўчала. Ота ж проста сьвяціўся ўвесь, як новы пятак.
— Лыбіцца, быццам подмазку зьеў! — не стрывала Паліна. Здаецца, яна пакрыўдзілася за Франца. Старая Кучарыха на яе накінулася:
— Ты хоць гэтага не чапай! Хопіць, ужо дагулялася.
Паліна ціхутка шмыганула за дзьверы. Вярнуліся яны абое, зьміраныя, задобраныя (што яна яму там казала, чым суцешыла?), хоць ты іх з іконай бласлаўляй.
— Мама, у нас лой быў, гусіны тлушч. Памазаць — і пройдзе. Выбегла ў кладоўку, а Франц стаіць і зьбянтэжана пасьміхаецца, пагладжваючы шчокі, лоб, шыю.
— Война, матка, крыг! — спрабуе жартаваць.
— Вы ўжо на яе ня гневайцеся, маладое-дурное, што зь яе ўзяць?
Дзякуй Богу, хоць стары немец пайшоў у прыбіральню, ня хутка вернецца. Паліна ўжо нясе шклянку, беланапоўненую, калупнула пальцам.
— У нас так лечаць, — растлумачыла Францу, — калі хто незнарок падрапаецца. Я змажу ранкі, гут? Не балюча, крышачку.
Франц пакорліва схіліўся. Паліна, водзячы пальчыкам, замаўляе:
— Па саломе, па мякіне, няхай пабаліць і пакіне. Пакуль жаніцца — загаіцца. Зажыве да вясельля.
3
Дзень расправы набліжаўся вывераным ваенным крокам. А вяскоўцам як вушы заклала, вочы заляпіла: так ім не хацелася ў гэта паверыць. За ўсе крыўды Германіі, пасьлявярсальскія пакуты нямецкага насельніцтва павінна была расплаціцца беларуская вёска Петухі. Аб тым ведала адна частка людзей (пастаяльцы), другая ж частка (самі жыхары) з кожным спакойна пражытым днём усё болып верыла: пранесла, на іх бяда не абрынулася, хаця б гэты раз.
Апошнюю ноч, калі ўжо быў аддадзены загад ажыцьцявіць на сьвітаньні (а 8.00) акцыю, Франц амаль ня спаў. Ота Залеўскі паведаміў яму агульнае распараджэньне: больш нікога зь вёскі не выпускаць (але тым, хто зь лесу вяртаецца, не перашкаджаць), па магчымасьці трымаць сваіх гаспадароў у хаце, папярэджваючы, што вось-вось можа пачацца бой з партызанамі, яны, маўляў, падыходзяць, акружаюць. Ота спаў адным вокам, некалькі разоў ноччу прачынаўся і курыў на кухні, бегаў вады папіць ці на двор па патрэбе. Франц ліхаманкава думаў, уяўляў, як гэта адбудзецца. Ота ў яго спытаў, ухмыляючыся: ты, вядома, маладую выбраў? Што ж, падабаецца, бітэ, калі ласка, а я па-старэчы прыгрэю старую каргу.
I ўсё-ткі задрамаў Франц, а калі прачнуўся і пачуў на кухні мірныя галасы старой і Ота, што ўсё спрабавалі растлумачыць адно аднаму, якая гэта ліхая штука вайна, яго раптам працяў холад, узялі дрыжыкі. Гэтага яшчэ не ставала! Як жа ён выйдзе да іх, як паглядзіць на Паліну, вачыма сустрэнецца зь яе позіркам? О Божа, лепш бы не прачынацца наогул! Ня жыць, ня ведаць нічога гэтага. Бацька, ты любіў паўтараць словы пра чашу, якую Сыну Божаму назначана было выпіць да дна. За нас, каб і мы свае выпрабаваньні прайшлі з гонарам. Ну а сыну твайму — вось такое выпала. Ня я выбіраю, за мяне Фатэрлянд, фюрэр вызначылі маю ношу. Як зь ёю быць, што рабіць мне? У мяне засталася гадзіна часу, хто, хто падкажа?
Чуў, як з двара зайшла Паліна, грымнула дровамі ля печкі. Перад гэтым у пакой да Франца забег ашалелы стары: ты што, забыў, твая пабегла некуды, за яе ты адказваеш! О Божа, няхай бы яна і’сапраўды ўцякла, ня зьелі б за гэта Франца, ну няхай бы пакаралі як сьлед. Ці няхай, калі ўжо на тое пайшло, Ота ўсё гэта зробіць, яму гэта не навіна.
Чутно, як Паліна мые даёнку, пойдзе карову даіць, а сюды ізноў уляціць гэты ашалелы падганяць Франца. Вось ён, аж задыхнуўся ад гневу, словы ў глотцы заселі.
Франц адно махнуў рукой, навешваючы на плячо аўтамат і кіруючы на кухню. Павітаўся з гаспадыняй, яна паабяцала:
— Зараз Паліна малачка сьвежага прынясе, а вы трошкі шпацырэн. Будзе апэтыт гут. Да чаго здольная да моваў. Што ж, Франц пагуляе, а то яго апякун хутка забрэша ад абурэньня.
Франц накіраваўся да варотаў, выглянуць на вуліцу. Чутно, як у хляве за ня шчыльна прычыненымі варотамі пішчыць, патрабуе кармленьня кабан, далятае голас Паліны, што пакрыквае на неспакойную карову. Усё так мірна, звычайна. I такі сонечны ранак. Самы чорны ў жыцьці Франца. Глянуў з варот на вуліцу, там нейкі рух, заведзены машыны, перабягаюць вуліцу салдаты. А раптам раздумаў штурмбанфюрэр, гэта ў яго ўладзе, раптам аб’явяць: акцыя адмяняецца, адыходзім. Ну няхай другі раз, няхай недзе, але ня зараз, ня тут. Зразумейце ж, Паліна, Паліна! Фюрэр мой, Германія, я дрэнны патрыёт, сам бачу, але я яшчэ набяруся мужнасьці, волі, рашучасьці. Я спатрэблюся ў справе. Але толькі не цяпер!