Выбрать главу

— Was steckst du da, Scheisser?[5]

I скіраваў вінтоўку на Паліну. Але Паліна за сьпінай у Франца, і Ота ня можа стрэліць. Стрэліў Франц. Ён і не заўважыў, як рука ўскінула затвор аўтамата, апамятаўся толькі, калі аўтамат забіўся ў яго руках. Скрозь чад, што запоўніў пакой, лёгкія, вочы, сьвядомасьць, Франц бачыць, як Ота, узмахнуўшы рукой і як бы адкідваючы вінтоўку, якая стукнулася аб кухонную шафу, хіліцца да печкі, хапаецца рукамі за яе, быццам узьлезьці на яе хоча. Спаўзае на падлогу, а белая бакавіна печкі заплывае чырвонай, крывавай плямай, што шырыцца на вачах у Франца (і ў вачах Франца).

Нейк адчужана ён пачуў гук свайго аўтамата, што ўпаў пад ногі. Нехта яго штурхае ззаду (Паліна), ён пераступіў аўтамат і апынуўся ля ямы, што вяла пад падлогу. Паліна трымае яго за плечы, нахіляе:

— Туды! Там ёсьць ход! Туды!

Франц паспрабаваў нешта растлумачыць, спытаць, павярнуцца да яе, але чужыя рукі ўчэпіста і ўпарта скіроўваюць яго некуды. Толькі б далей ад гэтага жаху: Франц ступіў на лесьвічку, адразу ж нязграбна сьлізгануў зь яе і ўпаў каленьмі на нешта сьлізкае, коўзкае. Рукі загрузьлі ў бульбе, мокрай, падгнілай.

— О Божа! О Божа! О Госпад Бог!

Старая тут, жывая, але яе не відно. А Паліна закрывае за сабою вечка падпольля. Шэпча:

— У цябе ліхтарык, запалі ліхтарык!

Дзейнічае надзіва ўпэўнена, з разьлікам, быццам ня раз зь ёю такое адбывалася. Гэта прымушае падпарадкавацца і чакаць яе распараджэньняў. Праціснулася каля Франца, скіравала прамень ліхтарыка ў руцэ Франца на патрэбную ёй сьценку і адразу стала зрываць, здымаць зь яе драўляны шчыт.

— Ціха вы, мама! — прыкрыкнула на старую, што охала, стагнала.

За шчытом адкрылася дзірка-лаз. Паліна падсаджвае маці:

— Вы першая. Толькі ціха. Ня бойцеся, татка вучыў вас, вы ж помніце.

Бездапаможна, бы ў жабкі, заторгаліся і зьніклі ў чарнаце скрыўленыя ногі, на Франца жмурачыся (прамень ліхтарыка б’е ёй у вочы) глядзіць Паліна. Вялікія спалоханыя дзіцячыя вочы, ня верыцца, што гэта яна так сурова распараджалася. Просіць:

— Паўзі цяпер ты, а я зачыню за сабой. Там у нас схованка, такі вялікі склеп. Спэцыяльна мой фатэр зрабіў для нас. Нас ня знойдуць, ня бойся.

Франц поўз па халодным пяску, плячыма, локцямі, галавой адчуваючы дошкі вузкай, як труна, нары. Даводзіцца віцца, як чарвяку. Ён ужо і здаецца сабе чарвяком, у адзін міг з самаўпэўненага вясёлага гітлерюгенда, з начытанага, музыкальнага сына паважанага ў навакольлі пастара ператварыўся ў нешта запалоханае, паўзучае, што шукае ратунку. Чуе, як наперадзе цяжка крэкча старая, усьлед за ёю адпаўзае ад усяго ранейшага, ад сябе былога. Як хутка ўсё зьмянілася. Усё было і нічога не засталося. А недзе ззаду — Паліна. Адзінае, што яшчэ засталося на зямлі (пад зямлёй!) для яго, як праменьчык надзеі, — гэтая спалоханая, але такая рашучая дзяўчынка. Франц скіраваў ліхтарык назад і ўбачыў… аголеныя белыя лыткі ног, стаптаныя чаравікі. Паліна паўзла нагамі наперад — скеміў: яна зачыняла лаз шчытом, маскіравала і не змагла разьвярнуцца ў вузкай нары.

— Патушы зараз жа! Ты што? — гнеўны дзявочы голас.

Некуды зьніклі рухавыя ногі старой. На руках Франц споўз, спусьціўся ў нейкую яму, пасьвяціў і агледзеўся. Тут скрынкі, на адной ужо ўселася старая, стаяць бочачкі, вядро і нават кружка ля яго — усё нарыхтавана для працяглага сядзеньня. Старая паказвае: сядайце і вы! Сказаў машынальна: «данке», а ня «дзякуй» — нямецкае слова для самога прагучала па-чужому, адразу павеяла пагрозай. Яны там знойдуць забітага Ота, а можа, ён толькі паранены, раскажа, хто ў яго страляў. Аўтамат Францаў застаўся ў хаце. Лепш бы згарэў дом, так надзейней было б, трэба было падпаліць, раней чым хавацца — з трусьлівай жорсткасцью падумалася Францу. Яму не да самаацэнак. Ды й не пра сябе ён думае, больш баіцца (упэўнены ў гэтым) за родных, калі ўсё раскрыецца, іх у Германіі чакае лягер, ганьба, нянавісьць і пагарда суседзяў.

Пасьпешліва ў склеп сьлізганула Паліна, балюча аб нешта стукнулася, войкнула, сярдзіта паправіла на сабе спадніцу.

— Памажы мне.

Ага, і тут ёсьць шчыт, можа задраіць дзірку-лаз, што вядзе дахаты. Паліна растлумачыла непраўдападобна абыякавым тонам:

— Гэта ад дыму, калі гарэць будзе хата, — і прастагнала: — 0 Божа, што цяпер там?!

4

Дым у зямлянку пранік зусім не з таго боку, адкуль прыпаўзьлі. Паліна растлумачыла:

— Гарыць лазенка. Нам туды выпаўзаць.

вернуться

5

Ты што, засранец, сядзіш? (ням.)