Выбрать главу

Уладзіслаў АХРОМЕНКА

НЯСВІЖСКАЯ КРЫЗА

Пралог

Жарынкі порхалі, бы курвы, а голыя курвы скокалі праз купальскае вогнішча.

Пунсовы штопар укручваўся ў фіялетавыя нябёсы. Па-над стылымі водамі слаўся хмельны, бы пяршак, дымок. Бяздонная цемрадзь праціналася бутэлечным блямканнем, аргазмічнымі стогнамі і народнымі спевамі.

Старэча з крамянёвым вядзьмарскім тварам відавочна не ўпісвалася ў свята фальклорнай разбэсты. Седзячы каля вогнішча, яна засяроджана варажыла над вялізнай чорнай патэльняй, што стаяла на дзвюх цаглінах. Перакідала нажом залацістыя дранікі, плёхала на распалены чыгун цеста і, здавалася, не зважала ані на прывідныя цені, якія гойсалі праз агонь, ані на барвовыя трасеры, што хаатычна шпокалі наўкол.

Бультыхнула. Пырскі густа накрылі пунсовае вуголле, зашкварчэлі на патэльні. Старая страсянула кроплі з плюшавай душагрэйкі і з дакорам прымружылася на немаладога лысаватага дзядзьку з акуратнымі, нібы ў калгаснага бухгалтара, вусікамі. Стоячы ў вадзе, ён пажадліва абдымаў дзвюх маладзіц, па выглядзе – перадавых прадавачак «Сельпо». Дзявулі, фасоністая бяляўка і вытанчаная чарняўка, выглядалі няўлоўна падобнымі, нібы родныя сёстры. Лагодныя хвалі песцілі іх пругкія цыцкі, а вусаты зачаравана і бессаромна пераводзіў позірк налева-направа.

– Ну, Стасю, ты і жа-а-ба!.. – агучыла дакор старэча. – Хіба не бачыш, што тут людзі балююць?..

Юрлівец схамянуўся, адляпіў позірк ад цыцак і выбачальна прыклаў далонь да грудзей.

– То бяры сястрычак – і гайда дранікі есці, пакуль гарачыя!.. – палагаднела вядзьмарка, крыху павагалася і выцягнула з-пад крыса душагрэйкі біклажку з самагонам. – Дый выпіць не зашкодзіць, каб нячысцікаў адагнаць!

Стась паслухмяна выбраўся на бераг, працягнуў руку сёстрам. Але пакаштаваць вядзьмарчыных гасцінцаў не паспеў: ад вогнішча наляцелі, падхапілі і занурылі ў карагод.

З густой цемры маркотна заскуголіла скрыпка, вухнуў бубен, пругка і згодна загудзелі дудары. Залатыя дровы з шоргатам рассыпаліся сляпучымі згусткамі, вясёлыя жарынкі пырскалі ў нябёсы. Гіганцкія цені кружлялі вакол агню ў шалёным вакханальным рытме. Паветра набрыняла аскомістым водарам разбэсты.

Старэча сарамліва пасміхнулася, нібы прыгадала маладое і брыдкае. Прыклалася да біклажкі, уцерла бяззубы рот і падчапіла відэльцам свежаспечаны дранік.

Шчыльнае металёвае ракатанне спакваля ўвайшло ў слых і дазволіла сябе ўсвядоміць. Неўзабаве яно ўзмацнілася да роўнага механічнага грукату і імгненна засланіла сабою навакольныя гукі. З-пад нізкіх аблокаў міргнуў чырвоны агеньчык, і над галовамі праявілася бліскучае яйка з доўгім страказіным хвастом. Густую цемру рассекла касое лязо пражэктара. Яно дбайна абмацала чарналакавыя воды, карункавую папараць, вогнішча і аголеныя спатнелыя целы.

Верталёт завіс па-над галовамі, акуратна знізіўся і ўпэўнена зафіксаваўся палазамі на паляне. Шугануў вецер з вадзяным пылам, прысутныя інстынктыўна прыкрылі твары.

Лопасці абвіслі. Трап апусціўся. Усярэдзіне верталёта азначыўся няпэўны рух.

– Джон Фіцджэральд Кенэдзі, прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі, – абвесціў нехта нябачны.

Большасць прысутных не адразу ўцяміла пачутае: дэсінхранізацыя карцінкі і гуку была навідавоку. Адэкватна адрэагавалі толькі Стась і ягоныя дзеўкі. Першы паспеў нацягнуць белыя кальсонныя нагавіцы, папляваць на пальцы і прыгладзіць вусы. Чарняўка з бяляўкай незаўважна для ўсіх слізганулі ў трэйлер, што хаваўся ў цёмным гушчары.

З верталёта высыпалі аднолькавыя каржакаватыя хлопцы ў аднолькавых чорных акулярах і аднолькава някідкіх шэрых стройчыках. Яны прафесійнымі позіркамі ацанілі нудыстаў на прадмет зброі і разгрупаваліся на паляне.

Джон Фіцджэральд Кенэдзі абсалютна не адпавядаў свайму тэлевізійнаму вобразу, распрацаванаму іміджмейкерамі яшчэ за часамі перадвыбарчай кампаніі: гэткі гібрыд прагрэсіўнага ўніверсітэцкага выкладчыка і акцёра з рэкламнага роліка зубной пасты. Трыццаць пяты прэзідэнт Злучаных Штатаў выглядаў самотным і засяроджаным; знешнепалітычная сітуацыя не спрыяла братэрскай любові. Ён нервова падцягнуў вузел гальштука, прамакнуў лоб насоўкай і немалым намаганнем волі зацвердзіў добразычліва-афіцыйны позірк.