* * *
Нябёсы Нью-Ёрка крэслілі імгненныя люмінесцэнтныя зігзагі. Перуны пераможна каціліся па прыціхлых стрытах і авеню. У празрыстую піраміду пентхаўса лупіла шалёная залева; густыя струмяні звіваліся і разбягаліся па таўшчэзным шкле.
Цішу сакрэтнай лабараторыі ўспарола роўнае наждачнае шкрабанне – відавочна, згары. Ахоўнік з насцярогай узняў голаў. За размытым вадою шклом няпэўна азначыліся мужчынскія сілуэты ў памаранчавых будаўнічых камбінезонах. Зазвінелі развадныя ключы, іржава віскнула зліплая гайка.
Старэча расплюшчыла вочы.
– Нарэшце, – мовіла яна ясна і роўна.
Цяжкая шкляная пліта, падхопленая гумовымі прысоскамі, ссунулася на бок. У пакой шуганула кіслароднай свежасцю, дождж шалёным шротам сыпануў па падлозе. Варажбітка звесіла ногі з ложка, падставіла твар пад ледзяныя пырскі і з асалодай прымружылася.
Нябёсы рассыпаліся грымотамі. У вядзьмарчыных вачах дваіста адбіўся пошуг маланкі. Срэбны пярсцёнак на пальцы бліснуў інфернальнай жарынкай.
– Сыначка, – папрасіла старая ахоўніка, фармуючы словы непаслухмянымі, нібыта змерзлымі вуснамі. – Прынясі бабе вадзічкі. Той самай, што сам п’еш, з бурбалкамі.
Хлопец паслухмяна пасунуўся ў суседні пакой. Але ледзь толькі засіпеў сіфон, у лабараторыю ўварваўся шалёны павеў.
За спінай цээрушніка матлянуліся і бразнулі шкляныя дзверы, вінтовачным затворам адшчоўкнуў электрычны замок. Ахоўнік сутаргава патузаў ручку, але марна.
Ён разумеў, што за матавым шклом адбываецца нешта невытлумачальнае. Паветра скалынулася пругкай вібрацыяй, пранізліва ценькнула шыба, і на падлогу каля вядзьмарчынага ложка паклаўся цяжкі рухомы цень.
Спецслужбовец злякана адскочыў, выцягнуў быў пісталет, каб адстрэліць замок, але ў гэты момант з-за дзвярэй данеслася засяроджанае:
– У лесе наверсе стаіць дуб, на тым дубе сем какатоў, у тых какатах сем калубнёў, у тых калубнях лялькі і маткі. Няньчыцеся, мамчыцеся, вотначай не пускайце, ні сцыклівых, ні дрысклівых, ні крыклівых…
Пранізлівы дзвон закруціўся шалёным штопарам, працяў мозг ахоўніка ільдзяной голкай і імгненна прыбіў непрытомнага да падлогі.
* * *
Станіслаў Альбрэхт Радзівіл прыбыў у сакрэтную лабараторыю толькі на світанку. Пазаду застаўся пералёт над штармавым акіянам, шалёная паездка з мігалкамі па залітаму дажджом Нью-Ёрку і кароткая, але вычарпальная інструкцыя Алена Далеса, якую той даў непасрэдна перад візітам Стэсі ў пентхаўс.
«Вы, містар Радзівіл, – нашчадак славутых літвінскіх феадалаў, – дырэктар ЦРУ засаджваў у Стэсі тэзісы, бы набоі ў абойму. – Вашыя далёкія продкі акурат паходзяць з Нясвіжа, адкуль родам вялікая чараўніца Ганна Рымша. І вы як зямляк тае вядзьмаркі маеце ўсе падставы пераняць ейныя надзвычайныя здольнасці. Калі гэта здарыцца – мы разам з вамі не толькі прадухілім забойства прэзідэнта Кенэдзі, але і ўшчэнт развалім СССР, як тая варажбітка і прадказвала чалавеку на імя Станіслаў, то-бок вам. А ўжо пад такі праект у Кангрэса можна патрабаваць дзясяткі… нават сотні мільёнаў даляраў!..»
Сакрэтная лабараторыя ЦРУ выглядала рыхтык пасля варожага нашэсця: перакуленыя столікі, разбітая апаратура з ашмёткамі рознакаляровых дратоў, густыя чорныя пісягі на сценах… Прамакутная дзірка ў шкляным пірамідальным даху міжволі наводзіла на думкі пра артабстрэл. Падлога блішчэла ртутнымі калюжынамі. Халодны ветрык шаргацеў раскіслымі аркушамі з грыфамі CIA.
Варажбітка камянела ў артапедычным ложку, і шкляныя вочы яе глядзелі ўгару спакойна і шчасліва.
Станіслаў Радзівіл перажыў лёгкае сэрцабіццё. Кашлянуў, памуляўся, зноў кашлянуў і асцярожна памацаў вільготныя пальцы старой.
– Мэм, вы абяцалі распавесці мне пра дранікі… – нечакана для сябе прамовіў нашчадак літвінскіх феадалаў.
Старэча не адрэагавала. Стэсі адпусціў скарлючаную халодную руку і міжволі адзначыў, што на вядзьмарчыным пальцы няма старажытнага срэбнага пярсцёнка, які ён запрыкмеціў падчас святкавання Купалля.
За спінай князя пранізліва віскнула падлога. Ален Далес падышоў да ложка, памацаў пульс варажбіткі і прашаптаў засяроджана:
– Памерла… Памерла, старая сука!
– Супакой Пан Езус яе душу!.. – перажагнаўся Стэсі.
Дырэктар ЦРУ хутка-хутка пашукаў вачыма, прысеў, агледзеўся пад ложкам, пашаркаў рукою і выцягнуў даўжэзнае гуталінава-чорнае пяро.
– Перад смерцю яна напэўна перадала камусьці сваю моц, – канстатаваў спецслужбовец відавочнае. – Але каму?!..
Глава 3
Над Нясвіжам распаўзалася бясконцая шызая хмара. Вадзяная завісь шчыльна запаўняла прастору між зямлёю і небам, фарбавала ў шэрань апусцелыя вуліцы. Сыры вецер лапатаў кумачовай расцяжкай «Дагонім і перагонім Амерыку!», нацягнутай між дамамі на Ленінскай.