Маладжавы дзядзька з абліччам местачковага настаўніка пільна аглядаў фасад двухпавярховіка, размытага дажджом. У вуглавым верхнім акне цьмяна зелянеў фікус, якога яшчэ паўгадзіны таму не было.
– Сцёпа на месцы. Бач, сігналізуе, што ўжо можна ў госці, – абвесціў ён вынікі агляду спадарожніку, што стаяў за спінай.
Спадарожнік прыўзняўся на дыбачкі, прыгладзіў вузкай інфантыльнай далонькай мокрыя кудлы і нервова пачухаў кволую, бы ў маладога папа, бародку.
– Мінулым разам Сцяпан самавар у акно выстаўляў, – прыгадаў ён прыдушаным фальцэтам. – А цяпер чамусь вечназялёную расліну. Нешта тут, Іосіф, не тое!
– Усё слушна, хлопча. Умоўныя знакі трэба мяняць. Закон канспірацыі. І ўвогуле, Фіма, перастань называць мяне Іосіфам, як людарэза Сталіна! Звяртайся да мяне па-наску, па-беларуску: дзядзька Язэп.
– То і ты не называй мяне больш Фімам! – паказальна абурыўся суразмоўца. – У мяне ёсць прыгожае рускае імя Епіфаній. А Фімамі, Хаімамі і Абрашамі хай розныя пархатыя называюцца!
Дождж злітна шчоўкаў у бліскучых лістах. Глянцавы асфальт дыміўся вадзяным пылам. Язэп з Епіфаніем шпарка праскокалі праз калюжыны да пад’езда, затупацелі па сходах, страсанулі кроплі перад камунальнымі дзвярыма.
Суха пракруціўся ключ, бразнуў ланцужок. У дзвярным праёме намалявалася ссушаная карга з круглымі вочкамі істэрычкі і з ордэнам Леніна на зашмальцаваным халаце. Яна аблапала незнаёмцаў бессаромным ліпучым поглядам і канстатавала нядобра:
– А вось і сябручкі нашага дармаеда Сцёпкі… Што – зноў свае антысавецкія бугі-вугі слухаць будзеце?..
Епіфаній збянтэжана адступіў і завібраваў, бы стрэлка компаса ў анамальнай зоне. Язэп нетаропка расшпіліў плашч, дэманструючы медаль «Партызану Айчынай вайны» на штрыфелі пінжака.
– У нас мерапрыемства, – добразычліва-афіцыйным голасам патлумачыў ён.
– Якое такое мерапрыемства? – не зразумела старая.
– Якое, якое… Партызанскае!
За спінаю каргі прашаркалі тапкі. Хлопец з інтэлігентным тварам і высокай набрыялінінай чупрынай далікатна адсунуў бабку, прапусціў гасцей у цёмны калідор, завешаны анучнымі вузламі, драбінамі і тазамі.
– Гэта мае фрэнды. А вы да сябе лепш ідзіце, пакуль я добры.
– Ведаю я тваіх хрэндоў! – вышчарылася камунальная суседка, назіраючы, як з дажджавікоў гасцей нацякаюць густыя калюжыны. – Ідэалагічныя дыверсанты, якія пад савецкіх людзей маскуюцца… як і ты сам!.. Ат, заяўлю на вас у адно месца – будзеце ведаць!..
Гаспадар вырачыў вочы і з дэманстратыўным тупатам насунуўся на старэчу – тая зляканым пацучком шмыгнула ў свой пакой. Бразнулі металёвыя дзверы, з кулямётнай хуткасцю зашчоўкалі засаўкі.
– Ну забіце, забіце мяне, вычварэнцы!.. Чуеце?.. Забіце!.. – беспакарана завішчэла яна.
– А ну ціха, старая курва, а то зараз санітараў выклічу, – лянотна адрэагаваў Сцяпан і адчыніў дзверы свайго пакоя. – Пліз, май фрэнд!..
– Я табе, смаркач малалетні, не курва, а ветэран Вялікай Айчыннай і ўдарнік сацыялістычнай працы! – інтанаваны істэрыкай фальцэт працінаў нават з-за жалезных дзвярэй.
Цёмны пакойчык лашчыў вока свойскай утульнасцю. Каля чэхаславацкай канапы цёплым золатам праменіўся модны таршэр. Са здымкаў на сценах паглядалі Элвіс Прэслі, Мэрылін Манро і Эрнэст Хэмінгуэй. Фікуса на падваконні ўжо не было – у акне шарэла нацягнутая коўдра.
– А святламаскіроўка нашто? – Епіфаній з сарамлівай пажадлівасцю ўтаропіўся ў эратычную паставу галівудскай зоркі. – Гэта, напэўна, нейкая прадажная дзеўка імперыялізму?
– Вокны пры нашых сустрэчах лепш завешваць. Тут жа паўсюль КГБ, самі павінны разумець! – сур’ёзна патлумачыў гаспадар. – А на здымку – так, самая клёвая гёрл ін зэ Юнайтэд Стэйтс. Ат, я б ёй засадзіў па самыя памідоры!..
– Ды ў яе, Сцяпан, тыпова семіцкі твар, – Епіфаній высілкам волі адвёў вочы ад вуснаў галівудскай акторкі. – Гэта яна наўмысна ў бяляўку пафарбавалася і прозвішча змяніла, каб нас, славянаў, у зман звесці!..
– А я вось чуў, што яе сапраўднае прозвішча – Марыя Манарэвіч і што бацька гэтай дзявулі з нашых ваколіц, які ў Амерыку да рэвалюцыі эміграваў, – паведаміў Язэп з кансператыўна-патрыятычнымі інтанацыямі. – Мне неяк адзін дзядок з калгасу «Чырвоны шлях» расказваў. І валасы ў Мэрылін Манро льняныя, і вочы блакітныя, як у нашых беларускіх дзяўчатак, найпрыгажэйшых у свеце... Сур’ёзна, Сцёпа: наша яна, тутэйшая!