– Ага – як я кітаец. Вы ўжо дасталі, чувакі: аднаму яўрэі паўсюдна мрояцца, другому – беларусы… І ўвогуле – сто разоў прасіў: не называйце мяне Сцяпанам. Для сваіх я – Сціў, гэтае імя мне пасуе куды больш... Ну што, бізнэс крыху пазней, а пакуль павячэраем?..
Язэп цыркавым рухам расшпіліў пінжак з дзяржаўнай узнагародай. З-за пояса выторкваліся тры вялізныя вінныя пляшкі, бы ў матроса, які збіраецца кінуцца пад фашысцкі танк. Епіфаній сарамліва выцягнуў з кішэні загорнутае ў газету колца каўбасы. Сціў выставіў на стол шырачэзную чыгуновую патэльню, ссунуў накрыўку,і ў столь шугануў чароўны водар дранікаў з зашкваранымі салам і цыбуляй.
– Камон эўрыбадзі! – гаспадар адкаркаваў пляшку і гасцінна схіліў рыльца над гранчакамі. – Ну што, дзіар фрэндс… За перамогу амерыканскага імперыялізму!..
Тост змусіў Епіфанія ўцягнуць голаў у плечы і злякана азірнуцца. Язэп спакойна ўзважыў шклянку ў руцэ, з асалодай выпіў і пацэліў відэльцам у найпрыгажэйшы дранік. Сціў скептычна пасмакаваў віно, адставіў шклянку, выдыхнуў са скрухай:
– І чаму я ў гэтай краіне нарадзіўся? У Амерыцы апошні негрытос ці беспрацоўны такі дрынк нават і нюхаць не стаў бы!
– А мне калісь дзядуля-дваранін расказваў, што ў царскай Расеі за рупь-цэлковы можна было цэлы месяц сыта-п’яна жыць, – паведаміў Епіфаній і прысмактаўся да гранчака, бы немаўля да цыцкі Мадонны.
– А я вось у адной кніжцы чытаў, што раней нашыя нясвіжскія хлопцы-літвіны медавуху пілі, а потым тваіх маскальскіх дваранаў шаблямі шматавалі, бы тых свінняў! – Язэп вачыма паказаў гаспадару, каб той наліваў па новай.
Сціў набулькаў па гранчаках, уключыў радыёлу. Зялёнае вока індыкатара па-канспіратарску падміргнула, чароўным ліхтаром успыхнула шкляная панэль, і на ёй знакамі іншасвету праявіліся словы «Стакгольм», «Франфуркт», «Нью-Ёрк»… Гаспадар засяроджана круціў колца наладкі. Чырвоны слупок пад шклом сунуўся між гарадамі з хуткасцю слімачка. Радыёшоргаты і эфірныя перашкоды праслойваліся мілітарнымі маршамі, касмічным гольчатымі посвістамі і абрыўкамі рэплік на незразумелых мовах. Слупок паволі прапоўз надпіс «Стамбул» і спыніўся за які міліметр ад «Лондана». Радыёла зарохкала сытым парсючком, і па пакойчыку паплыла саксафонная мелодыя Чарлі Паркера – салодкая і шчыльная, бы пасціла.
– Йес, «Голас Амерыкі»! – Сціў пераможна ўскінуў кулак. – Хай жыве рэакцыйная заходняя культура!..
У калідоры пранізліва віскнула маснічына. Маладзён прыклаў палец да вуснаў і на дыбачках пасунуўся да дзвярэй. Прыціснуўся вухам да драўлянай паверхні, пасміхнуўся прасветлена і помсліва.
– Трымай!.. – Сціў з усяе мацы штурхануў дзверы вонкі.
З калідора кантужана заенчыла, загаласіла і залаялася, але гукі гэтыя адразу перакрыліся гудкімі грымотамі ночваў, якія зляцелі са сцяны. Гаспадар вызірнуў з пакоя і тутака ж вярнуўся са стэтаскопам, якім камунальная шпегунка падслухоўвала размовы.
– …заўтра ж, заўтра ж заяўлю на цябе, куды трэба! – заходзілася ветэранша з-пад бляшаных ночваў. – На Калыму пойдзеш!.. Без права ліставання!..
– Заявіце… Калі вам у вар’ятні паперу і асадку дадуць, – спакойна парыраваў Сціў. – Нас тут трое: два камсамольцы і ветэран партызанскага руху, настаўнік моладзі. І ўсе падпішамся, што вы псіхапатка. Ну што, май літл бэйба… падабаюцца перспектывы?
Старая папярхнулася, усхліпнула і загаласіла з інтанацыяй жабрака ў прыгараднай электрычцы:
– Медычны інвентар хоць аддай, падла антысавецкая!.. Я без яго ціск не змагу памераць!..
Гаспадар прыадчыніў дзверы, гідліва выкінуў трафей у калідор.
– Каб вас на ім удавілі!..
…Залаты саксафон салодка спяваў пра капіталістычнае замежжа – далёкае і ірэальнае, бы планета Альфа Цэнтаўра. Вадасцёкавая труба за акном ракатала нябеснай вільгаццю. Гаспадар выцягнуў з-пад канапы куфэрак, правярнуў ключ, выклаў пакет з англамоўным надпісам.
– Ну што, фрэнды, цяпер – бізнэс. У Мінску заўчора быў. Новыя фільмы для падвышэння культурнага ўзроўню працоўных Нясвіжскага раёна атрымаў. З пасланцамі вольнага свету пабачыўся. Вось табе, Епіфаній, «Жыція святых», прынтэд ін Мюнхен. А вось часопіс з голымі бабамі, мэйд ін Амерыка. Усё, як ты і замаўляў, – Сціў урачыста выклаў перад госцем папяровую цагліну з бляклымі стараславянскімі пісьмёнамі на вокладцы і прыкрыў яе глянцавым часопісам з напаўаголенымі прыгажунямі.
Епіфаній пажадліва таргануў папоўскай бародкай, крыху павагаўся і пацягнуўся да часопіса.
– Гэта, вядома ж, справа не мая, а кліента, – свецкім тонам заўважыў Сціў. – Але спалучэнне, пагадзіся, даволі дзіўнае: праваслаўныя святыя і аголеныя барухі.