Выбрать главу

– Сам вялікі падзвіжнік Іаан Кранштацкі вучыў, што чалавека трэба любіць і ў граху, – Епіфаній са здранцвелым ад напругі тварам шаргацеў старонкамі. – А таму спярша трэба дазнацца, што ёсць грахом…

– Ледзь не забыўся: з цябе яшчэ дзесяць рублёў. Натуральна – новымі грашыма, – дадаў фарцоўшчык.

– За што? Я ж з табою мінулым разам наперад разлічыўся!

– За рызыку, май дзіар фрэнд. Гэта, як ты не ў курсе, – адразу два артыкулы крымінальнага кодэкса. Калі знойдуць – са мною пракурор наперад разлічыцца!.. Гадкоў гэтак мінімум на восем …

Шчымлівы блюз Чарлі Паркера змяніўся завадным «You can’t catch me» Чака Бэры. Сціў разняволена пасміхнуўся, пляснуў у далоні і заторгаўся пад рок-н-рольны рытм.

– Цяпер ты, Язэп. Твой старажытны кінжал я прадаў супервыгадна. Сорак даляраў, з якіх мае дзесяць – камісійныя, – гаспадар працягнуў госцю тры купюры з партрэтам прэзідэнта Гамільтана. – Імперыялісты пытаюцца, ці ёсць яшчэ што падобнае?

– Пакуль няма, – Язэп з цікаўнасцю разглядаў экзатычныя купюры, якія адным сваім выглядам сімвалізавалі капіталістычную эксплуатацыю прыгнечанага пралетарыяту. – Але па хуткім часе штось абавязкова з’явіцца. Хлопцы каля замка ўвесь час нешта выкопваюць – і да мяне, у школьны музей Баявой славы…

– Амерыканскія грошы схавай куды падалей, гэта гатовы артыкул па валютных махінацыях, – папярэдзіў Сціў. – Між іншым, таксама зразумець не магу: а нашто табе ў Нясвіжы тыя даля…

Апошнія словы гаспадара патанулі ў жахлівым металёвым грукаце – нібы на дах зваліўся стратэгічны бамбавоз.

Чака Бэры ў радыёле зрэзала, як не было. Сціў злякана скамянеў у мудрагелістым рок-н-рольным па. Язэп хутка-хутка сунуў даляры пад абрус і паклаў рукі на стол, бы на допыце. Епіфаній збляднеў, абхапіў голаў ружовымі далонькамі і палез пад стол.

Згары хаатычна бразгацела, рыпела і валтузілася, аднак неўзабаве пачварныя вібрацыі аформіліся ва ўпэўненыя мерныя крокі. Важка спружыніў бляшаны дах, гатовы праваліцца ў кожны момант. На тварах прысутных з’явіўся выраз, які бывае ў навабранцаў пры масаваным артабстрэле. Раптам злавесныя гукі сцішыліся, але, калі Сціў і ягоныя госці ўсё ж наважыліся набраць ратамі паветра, з-за акна ржава і пагрозліва заскрыгатала, танютка ценькнула шыба, і пранізлівы жаночы лямант з-за сцяны пугаю сцегануў па вушах.

Ці не хвіліну з пакою ветэраншы нібы раўла сірэна супрацьпаветранай абароны, і на гэты немы гук, бы на шампур, нанізваліся рыканне, хрумсценне, скавытанне і мяўканне. Гарматным ядром гахнулі металёвыя дзверы, па калідоры панічна прачвякалі старэчыя падэшвы, гудка адшчоўкнуў замок…

І ўсё сцішылася.

Першым прыйшоў да цямы Епіфаній. Ён вылез з-пад стала, ніякавата агледзеў цёмную пляму ў прамежнасці ўласных нагавіцаў і сутаргава прапхнуў праз спаралізаваную гартань:

– Гэта быў КГБ!..

* * *

Начальнік Нясвіжскага райаддзела КГБ Вікенцій Дамінікавіч Пяткевіч дапытваў пацярпелую мо з паўгадзіны. Пацыентку даставілі ў райбальніцу амаль аголенай – калі не лічыць ашмётка кумачовай расцяжкі з надпісам «…гонім Амерыку!», якой яна была абгорнутая. Са слоў ветэраншы, яна падабрала тканіну на вуліцы Ленінскай, калі ўцякала ад амерыканскага гвалтаўніка-дыверсанта, які амаральна распрануў небараку ў камунальным пакоі.

– Дык ён вас згвалціў? Ці хаця б спрабаваў? – спагадліва запытаў таварыш маёр мо ў пяты раз. – Факт злачынства меў месца? Вы толькі не хвалюйцеся – гэта застанецца выключна між намі. Слова чэкіста і камуніста!..

– …я ж вам кажу: разбіў шыбу – і да мяне!.. – шкляным ад слязлівасці голасам енчыла ветэранша. – Без букета, без пацалункаў, без пяшчотаў… хіба не хабёл?!.. Нават слова добрага не прамовіў, усё гырчэў і гырчэў, бы той сабака. А калі ордэн Леніна садраў разам з халатам – я не вытрымала і ўцякла!

– Пра Леніна мы ўжо чулі, – з падкрэсленай павагай нагадаў камітэтчык. – Давайце яшчэ раз: як той амерыканскі дыверсант выглядаў? Толькі з усімі падрабязнасцямі!..

– Чорны, бы той Поль Робсан. І такі ж палкі. Бачыце? – старэча з сарамлівым гонарам прадэманстравала доўгую гематому ўпоперак шыі. – Стэтаскопам хацеў мяне задушыць… жыўчык гэтакі! Маім уласным стэтаскопам, якім я штовечар ціск вымяраю! Вы хоць ведаеце, як у мяне ўвечары пульс скокае?

– Ведаю, разумею і вельмі вам спачуваю, – з анёльскай вытрымкай засведчыў Вікенцій Дамінікавіч. – Новы стэтаскоп магу асабіста падарыць вам хоць зараз. То давайце яшчэ раз прыгадаем прыкметы злачынцы: рост, прыблізная вага, тып твару, форма носа, разрэз вачэй, сацыяльнае паходжанне…