Выбрать главу

Колькі ні спрабаваў Пяткевіч высветліць дадзеныя нападніка для будучай «Анкеты арыштаванага», пацярпелая напалягала выключна на нястачы ў яго галантнасці, а таксама – на антысавецкім зборышчы, якое адбывалася ў суседнім пакоі акурат падчас здарэння.

Зборышча дысідэнтаў цікавіла Вікенція Дамінікавіча менш за ўсё; ён ужо азнаёміўся з агентурнымі паведамленнямі і не знайшоў там нічога вартага ўвагі. Блытаніна з імёнамі ў справаздачах даносчыкаў вынікала з найгалоўнейшай нацыянальнай рысы беларусаў – падсвядомага жадання існаваць у чужынскім абліччы. Таварыш маёр выдатна разумеў гэтую рысу; ён і сам быў тутэйшым…

Малады аграном Яфім Шыла, агентурная мянушка «Вафлёныш», інфармаваў, што падчас выканання аператыўнага задання стаў сведкам злосных антысавецкіх выпадаў грамадзян Сцяпана Грыба і Іосіфа Мамонькі. Пры гэтым грамадзянін Іосіф Мамонька вельмі спагадліва выказваўся пра беларускіх нацыяналістычных недабіткаў на службе польска-літоўскіх феадалаў, Пілсудскага, Гітлера і ЦРУ, а таксама заклікаў забіваць шаблямі прадстаўнікоў вялікага расійскага народа, за што і атрымаў ад грамадзяніна Сцяпана Грыба тысячу даляраў.

Кінамеханік Сцяпан Грыб, агентурная мянушка «Гліст», даносіў, што падчас выканання аператыўнага задання наўмысна справакаваў грамадзяніна Яфіма Шылу набыць антысавецкую літаратуру рэлігійнага-парнаграфічнага характару, прытым грамадзянін Яфім Шыла такую літаратуру набыў. Таксама паведамлялася, што грамадзянін Іосіф Мамонька раскрадае фонды самадзейнага музея пры школе, прадае іх за валюту на Захад і дапускае правакацыйныя выказванні, якія зневажаюць ленінскую нацыянальную палітыку.

Найбольш грунтоўнае паведамленне, як і зазвычай, паступіла ад школьнага настаўніка Іосіфа Мамонькі, агентурная мянушка «Правакатар». У ім фігуравалі вялікадзяржаўны шавінізм і рэакцыйны клерыкалізм грамадзяніна Яфіма Шылы, прапаганда заходняга ладу жыцця грамадзянінам Сцяпанам Грыбам, а таксама сувязі апошняга з прадстаўнікамі рэакцыйных колаў Злучаных Штатаў, імаверна – рэзідэнтамі ЦРУ.

Пры гэтым сведчанні пра напад на камунальную суседку грамадзяніна Грыба ва ўсіх траіх былі практычна аднолькавымі: крокі па даху, разбітая шыба і – шалёнае скавытанне, ад якога хацелася імгненна памерці.

Падначаленыя Пяткевіча паспрабавалі было адшукаць якія сляды жахлівага монстра, але залева змыла ўсё магчымае. Зрэшты, можна было абысціся і без слядоў. Жудасная пачвара, безумоўна, жыла недзе ў самім Нясвіжы; ніякіх трывожных сігналаў з суседніх вёсак і хутароў не паступала, не кажучы ўжо пра Гарадзею, Клецк, Капыль і Баранавічы. Заставалася супаставіць прыблізную хуткасць, з якой тая істота імаверна перасоўвалася, з найбліжэйшым месцам, прыдатным для схованкі.

Што і было зроблена таварышам маёрам пры дапамозе мапы Нясвіжскага раёна, цыркуля, хранометра і ніткі.

Найбольш прыдатным месцам, як то не дзіўна, быў санаторый, які месціўся ў былым замку былых князёўРадзівілаў. Дакладней, нават не сам санаторый, а адзін таямнічы замкавы закуток, дзе начальнік Нясвіжскага райаддзела КГБ ні разу не быў і трапляць куды не меў аніякага жадання.

Глава 4

Прамень кінапраектара прасек у антрацытным чарноцці залы жоўты празрысты конус. У будцы механіка застракатала, на экране засноўдаліся размытыя цені. Джон Кенэдзі паклаў нагу на нагу, намацаў у скрыначцы цыгару, прыпаліў ад паслужліва працягнутай запальнічкі Алена Далеса.

Цені на экране гусцелі, акрэсліваліся ў чалавечыя контуры і неўзабаве аформіліся ў даўжэзную вайсковую калону. Па дарозе крочылі салдаты ў шэрых шынялях, з шэрымі тварамі пад шэрымі пілоткамі. Цывільны натоўп паабапал дарогі бязрадасна вітаў чарговых чужынцаў. Па-над галовамі месцічаў хаатычна вытыркаліся плакаты з партрэтамі суворых дзядзькаў у вайсковых фрэнчах і з надпісамі ератычнай кірыліцай.

Прэзідэнт Злучаных Штатаў некамфортна закруціўся ў фатэлі. Барбарская вайсковая форма муляла вочы, вушы рашпілем шкрабала шамаценне кінастужкі, якое падсвядома ўспрымалася як шорганне салдацкіх падэшваў. Джэкі пытальна глянуў на дырэктара ЦРУ.

– Савецкая хроніка, верасень1939 года, – патлумачыў Ален Далес. – Акупацыя Саветамі ўсходняй Польшчы, канкрэтна – горада Нясвіжа. Глядзіце, зараз будзе самае цікавае…

Аператар на колькі секунд выхапіў буйны план: гіганцкі плакат са Сталіным і невысокі мужчына пад ім. Цень правадырскага партрэта гіганцкім чорным брылём накрывала пукаты лоб. Валявое падбароддзе з гранёнай, бы ад цвіка, ямінкай, акуратна падстрыжаныя валасы на каменным чэрапе… Хітраваты сялянскі твар відавочна маскаваў небяспечную і разумную жорсткасць. Мужчына прывітаў чырвонаармейцаў і стрымана пасміхнуўся.