Выбрать главу

Савецкая хроніка змянілася нацысцкай: напаўразбураны бамбёжкамі горад, высокая каробчатая пабудова з чорнымі пісягамі пажараў і чорны п’едэстал без помніка. Перад п’едэсталам маршыраваў доўгі шыхт маладзёнаў з наіўна-патрыятычнымі тварамі. Па-над шыхтам лунаў незнаёмы сцяг – бялюткі, з падоўжнай цёмнай паласою. Паабапал плошчы пагрозліва блішчэлі каскі Вермахта. За імі, на тле свастык і партрэтаў Гітлера, пасміхаліся нацысцкія афіцэры, прытым сярод нардычных фізіяномій мільгаў хітраваты сялянскі твар з харызматычным падбароддзем – той самы.

– Нямецкая хроніка, люты 1944 года, – пракаментаваў Ален Далес. – Акупацыя немцамі савецкай Беларусі, канкрэтна – горада Мінска.

Тытунёвы дым звіваўся ў сляпучым конусе кінапраектара. Залатыя акуляры спецслужбоўцы напружана блішчэлі ў паўцемры. Прэзідэнт нервова ўпячатаў цыгару ў попельніцу.

– Нашто мне ўсё гэта?

– Спадзяюся, вы пазналі персанажа на абедзвюх стужках? – голас Алена Далеса прагучаў злавесна і роўна, бы палёт кажана. – Заўважце, містар Кенэдзі: амаль усе людзі, якіх вы толькі што бачылі, даўно ўжо згнілі дзе-небудзь пад Сталінградам, у Нармандыі ці ў лагерах для вайсковапалонных. А гэты хітры і трывушчы чалавек перажыў іх усіх. Нашы дэтэктывы пераглянулі дзясяткі кіламетраў кінастужак, пакуль яго адшукалі. Па ўсіх прыкметах, гэта і ёсць ваш найбольш верагодны забойца… Той самы, пра якога прадказвала чараўніца з БССР на даху хмарачоса. Памятаеце яе словы? Смерць прыйдзе з Беларусі, з Мінска, ад чалавека, які скончыў адмысловую школу, дзе навучаюць забіваць…

– Хто ён такі? – млява зацікавіўся прэзідэнт.

– Сапраўдны вервольф, здольны існаваць толькі ў чужым абліччы, – жорстка засведчыў дырэктар ЦРУ. – Служыў у савецкай паліцыі. Служыў у нямецкай паліцыі. Скончыў нацысцкую дыверсійна-выведвальную школу, дэсантаваўся ў БССР. Там яго нібыта зліквідавалі, прытым – нават тройчы. Пасля доўгіх ліхтугаў перабраўся ў Нямеччыну, потым у ЗША, атрымаў грамадзянства. Некаторы час супрацоўнічаў з нашай контрвыведкай, але потым адышоў ад спраў. Дзевяць гадоў як жыве ў Паўночнай Флорыдзе, на ўласнай ферме непадалёк Джэксанвіля. З беларускай дыяспарай кантактаў не падтрымлівае. Паводле дадзеных ФБР, займаецца сельскай гаспадаркай, але насамрэч ягоная ферма – толькі прыкрыццё для працоўнага лагера з нялюдскімі ўмовамі, кшталту Бухенвальда ці Калымы.

Стужка нарэшце скончылася. У зале запалілася святло. Прэзідэнт, стомлены сузіраннем чорна-белых сусветаў, скептычна касавурыўся на дырэктара ЦРУ, які голасам абвінаваўцы Нюрнбергскага трыбуналу пералічваў усе правіны героя кінахронікі – былыя, цяперашнія і будучыя.

Кенэдзі цярпліва выслухаў, пацёр пальцамі скроні.

– Дапусцім, усе фармальныя прыкметы супадаюць: БССР, Мінск, супраца з камуністамі і нацыстамі, сакрэтная дыверсійна-выведвальная школа, – амаль пагадзіўся ён. – Але нашто яму мяне забіваць?

– Пра матывы мы можам адно толькі здагадвацца. Але гэта не азначае, што іх няма.

– У мяне ёсць ахова, якой я цалкам давяраю. Гэты ваш фермер-дыверсант з Флорыды… ён што – Супермэн? Капітан Амерыка?

– Значна горш: нацыяналіст-прагматык, далёкі ад рамантычных слінаў, сопляў і лозунгаў. А таму здольны падпарадкаваць сваёй волі каго заўгодна. Паглядзіце самі, – у руках цээрушніка бліснуў глянцавы здымак. – Ферма-канцлагер у Флорыдзе, пра якую я гаварыў.

На пляцы перад сядзібай дысцыплінавана шнуравалася з тузін маладзёнаў і дзявуль, апранутых у ватоўкі гулагаўскага тыпу, з віламі, рыдлёўкамі і шуфлямі. На флагштоку нахабна і ўрачыста лунаў сцяг памерам з чвэрць футбольнага поля, такі ж самы, як і над шыхтом у Мінску: бялюткі, з падоўжнай цёмнай паласою. Маладзёны ў ватоўках натхнёна пазіралі на сцяг і прыкладалі да грудзей рукі – напэўна, спявалі нейкі гімн. Амерыканскі прэзідэнт нават пазнаў аднаго са зняволеных: гэта быў унучаты пляменнік Джона Ракфелера, надзвычай шалапутны юнак, які тры месяцы таму бясследна знік са свецкага жыцця Нью-Ёрка.

Далас задаволена перахапіў здзіўлены погляд Кенэдзі.

– Ад Ракфелераў ніякіх заяў пра знікненне юнака не было, хаця яны выдатна ведаюць, дзе ён цяпер. І Ракфелеры – далёка не адзіная сям’я, чые дзеткі задарма працуюць на гэтага вылюдка. Калі камуністычна-нацысцкі пярэварацень з Беларусі здолеў падпарадкаваць сваёй волі самых уплывовых людзей Злучаных Штатаў, то зрабіць тое ж самае з вашымі ахоўнікамі ён зможа і пагатоў!

Аргумент прагучаў пераканаўча. Паветра ў кіназале набрыняла пагрозай, рыхтык нябёсы перад навальніцай. Прэзідэнт заклапочана падціснуў вусны.