– І што вы прапануеце?
– Аўтамабільная катастрофа. Падзенне ў шахту ліфта. Няспраўны электрапрыбор. Раптоўнае самагубства, у рэшце рэшт, – дырэктар ЦРУ, як заўсёды, быў рашучым, жорсткім і энергічным.
Кенэдзі выпрастаўся, адкашляўся і прамовіў з інтанацыямі старшыні Вярхоўнага суда:
– Містар Далес, мушу нагадаць вам, што Злучаныя Штаты Амерыкі – дэмакратычная краіна. І мы не дазволім ужываць падобныя метады да нашых грамадзян!
Спецслужбоўца глянуў на прэзідэнта, бы на дзіцёнка, які затрымаўся ў развіцці, але прамаўчаў. Прымружыўся на белы прамакутнік экрана, нібы маляваў на ім нейкі мудрагелісты план.
– Вельмі шкада… Тады ёсць яшчэ адзін варыянт, як ад яго пазбавіцца, – мовіў ён задуменна. – І гэты варыянт цалкам легітымны. Толькі каштаваць ён будзе значна даражэй.
Маўчанне прэзідэнта было ацэненае Аленам Далесам як згода.
– Цяпер пераходзім да галоўнага: высадка нашых вайскоўцаў на Кубе. Аналітыкі Пентагона прапануюць неадкла…
– А як завуць гэтага хлопца? – нечакана перабіў Джэкі.
– У яго вельмі багата імёнаў і прозвішчаў, і нават мы не ведаем, якое з іх сапраўднае. Па нашай картатэцы ён праходзіць як Агент Z, і нам гэтага дастаткова.
* * *
Франтаваты «крайслер-дэсота» прашаргацеў праз ранішні лясок і спыніўся перад мураваным мастком. Кіроўца, не стары яшчэ дзядзька з вострым пацучыным профілем і дбайна зачасанай лысінкай, выклаў на стырно мапу, спраўдзіў месца, куды прыехаў, і, задаволіўшыся вынікам, выйшаў з машыны.
За мастком узвышалася фундаментальная брама з жалезнымі дзвярыма, якія нявольна асацыяваліся з ядзернымі сховішчамі і панамскімі шлюзамі. Па-над брамай бялела акуратная шыльда з апакаліпсічным надпісам: «Новая Зямля». Праваруч-леваруч брамы цягнуўся бясконцы бетонны плот не менш чым у пятнаццаць футаў вышынёю, з металёвымі дзідамі і спіралямі Бруна. Для канчатковага падабенства з класічным канцлагерам бракавала хіба што вышак з пражэктарамі і кулямётамі.
Візіцёр глянуў у бакавое люстэрка, прыгладзіў лысінку – белую і роўную, як дзірка ў шкарпэтцы. І, рэпетуючы ў галаве дэбют размовы з гаспадаром фермы-канцлагера, пакрочыў да брамы.
Пад мастком важка плёхнула. Госць націснуў кнопку званка, паправіў гальштук, змахнуў з пінжачнага штрыфеля драбінкі перхаці і расцягнуў вусны ў службова-прыязнай посмешцы. Знізу плёхнула зноў, і на бултыханне наклалася доўгае ліпучае шаргаценне, нібы па граверы цягнулі мех з сырым мясам. Мужчына павярнуўся на гук і – скамянеў.
Проста на яго сунулася даўжэзнае бервяно. Масіўнае, у чорна-зялёнай пласціністай броні і з драпежным цмокавым хвастом, яно паўзло з бяздушным аўтаматызмам, бы штурмавы танк на пясочніцу.
Візіцёр злякана войкнуў і ўліп у жалезныя дзверы на манер барэльефа. Тым часам пачвара спынілася ў якім ярдзе і крыважэрна расчарэпіла вільготную пашчу з дужымі жоўтымі ікламі.
На твары госця з’явіўся выраз, які бывае ў лабараторных пацучкоў перад прэпарацыяй нажыва. Ён зноўкі націснуў кнопку і, не дачакаўшыся з’яўлення гаспадара, панічна скочыў у роў.
Вынырнуў, чмыхнуў бросняй і бязладна закалашмаціў рукамі па паверхні. Вырачаныя ў жаху вочы фіксавалі каламутнае зяленіва, цьмяна падфарбаванае сонцам. Неўзабаве сусвет праясніўся і запульсаваў у хваравітай стэрэаметрыі: рухомыя колы на вадзе, цёмнае падбрушша моста і памост з высокімі ботамі, начышчанымі да люстранога бляску.
І тут згары ратавальна працягнулася далонь, за якую тапелец сутагава ўхапіўся…
Рэптылія сядзела на тым жа самым месцы, дзе і хвіліну назад. Бугрыстая зялёна-чорная спіна адлівала мярзотным глянцам. Шкляныя бурштынавыя вочкі паглядалі з халоднай агрэсіяй.
– Бобік, у копанку, – скамандаваў мужчына ў люстраных ботах.
Кракадзіл пакрыўджана зварухнуў грэбністым хвастом, але паслухмяна развярнуўся і з наждачным шоргатам папоўз да рова.
– Прабачце, не прадставіўся… – агаломшаны візіцёр прыклаў далоньку да мокрага пінжака.
– Я і так зразумеў, адкуль вы.
– У якім сэнсе? – сумеўся госць.
Гаспадар «Новай Зямлі» змерыў суразмоўцу ўчэпістым кравецкім поглядам. Глянуў на гадзіннік, прымружыўся на аўтамабіль.
– Ваш «дэсота», мяркуючы па нумарах, узяты напракат у аэрапорце Джэксанвіля, – мовіў ён роўным голасам, нібы адкусваў пасаціжамі сталёвы дрот. – Вымаўленне ў вас нью-ёркскае. Самалёт з Нью-Ёрка прызямліўся дзве з паловай гадзіны таму. Гэтым рэйсам звычайна лётаюць каміваяжоры і ўрадавыя службоўцы. Да каміваяжора вы не падобны. З урадавых службоўцаў такія твары бываюць толькі ў дэтэктываў і спецагентаў. Людзі з ФБР былі ў мяне тыдзень таму. Паліцыю штата я не цікаўлю. Застаецца…