Цээрушнік выцягнуў з кішэні насоўку, выкруціў, нервова змахнуў з залысіны бросню і скасавурыў пацучыныя вочкі на суразмоўцу.
Агент Z амаль не змяніўся з тых часоў, калі яго зафіксаваў нацысцкі аператар у Мінску. Хіба што каменны чэрап падаваўся масіўнейшым, гранёная ямінка на валявым падбароддзі – глыбейшай, дый воўчая бязжальнасць цяпер амаль што не праступала праз хітраватыя зморшчыны. Вочы хаваліся за моднымі чорнымі акулярамі «авіятар». Так мог выглядаць і паспяховы бізнэсоўца, і былы марскі пехацінец, і нават адстаўны шэрыф.
Спецслужбоўца панура глядзеў, як з вопраткі сцякае брудная вільгаць. Дбайна адрэпетаваны дэбют размовы быў сітуацыйна скамечаны, і госць паспрабаваў быў забраць ініцыятыву праз напружаны камплімент:
– А вы не падобны да чалавека…
– …які меў справы з камуністамі і нацыстамі? Гэта я толькі маскуюся. Праходзьце, не саромцеся, – гаспадар прыадчыніў фортку ў жалезных варотах.
«Новая Зямля» выглядала з сярэдзіны куды больш прывабна, чым звонку. Паабапал асфальтаванай дарогі зелянелі дзялкі; ідэальна нарэзаныя прамакутнікі з ідэальна дагледжанай гароднінай. Леваруч кучаравіўся дымчасты сад, з купчавымі кронамі і дбайна пабеленымі камлямі. Праваруч цягнуліся прысадзістыя цагляныя стадолы. Перспектыву замыкала мураваная сядзіба сіметрычных формаў.
Суворая геаметрыя і стэрыльныя чысціня ўваскрашалі ў памяці шматзначнае нямецкае слова «орднунг».
За садам адкрылася нечаканае: этнаграфічнага выгляду студня і высачэзны жораў з прывязаным дагары нагамі юнаком. Двое засяроджаных маладзёнаў у шэрых ватоўках рытмічна апускалі ахвяру галавою ў бярвенчаты зруб. З глыбіні даносіўся істэрычны ёкат, які перакрывалі гулкае рэха і сарамлівае булькаценне.
– Дваюродны пляменнік Генры Форда-малодшага, – пракаментаваў Агент Z даверліва-свойскім тонам. – Васямнаццацігадовы абібок, хабёл і хранічны п’янтос, схільны да бессэнсоўнай агрэсіі. Ад яго адмовіліся дактары, педагогі, царква, «Таварыства ананімных алкаголікаў» і нават амаль уся сям’я. Метода лекавання правераная: водныя працэдуры ў спалучэнні з цяжкай аграрнай працай. Што характэрна – перавыхоўваюць маладога містара Форда былыя алкаголікі, лайдакі і хабёлы, якія менавіта ў такі спосаб і вылюднелі.
Калодзежны жораў з падвешаным за ногі юнаком выглядаў рыхтык сярэднявечны катаўнічы рыштунак. Ахвяру мачалі ў падземныя воды з рытмічнасцю помпы, і рукі маладога містара Форда падчас кожнага пад’ёму калаціліся сутаргавымі дрыжыкамі шыбеніка.
Агаломшаны пабачаным цээрушнік механічна прасачыў за маятнікавым рухам папярэчыны.
– Дык гэта ж… зверства!.. – прасіпеў ён.
– Безумоўна, – пагадзіўся гаспадар. – Але ж не летальнае. Летальнай версіі мяне навучыў адзін знаёмы энкавэдэшнік у Нясвіжы ў трыццаць дзявятым годзе. Менавіта так ён закатаваў аднаго варшаўскага асадніка, рэдкую гніду, якую мне зусім не было шкада.
Сад катаванняў разгортваўся квяцістым дантаўскім веерам. Перад самою сядзібай узвышалася пальма з прывязанай да яе хударлявай дзявуляй. Твар яе выглядаў знясіленым, рукі блішчэлі чымсьці густым і ліпучым – няйнакш як мёдам. У нагах ахвяры пагрозліва пульсаваў мурашнік.
– Пазашлюбная дачка Фрэнка Сінатры, паталагічная клептаманка, – патлумачыў Агент Z з інтанацыямі экскурсавода ў музеі крыміналістыкі. – Выносіла з хаты ўсё: ад пяціцэнтавых цацак пляменніка і да дыямантавых калье маці. Дазаваная тэрапія мурашынай кіслатой напэўна адверне яе рукі ад чужога майна. Між іншым, гэтаму катаванню, толькі са смяротным вынікам, мяне навучыў знаёмы гестапавец у Мінску, якому я і перадаў знаёмага энкавэдэшніка – таго самага.
– А што было потым з тым гестапаўцам? – спецслужбоўца скругленымі вачыма глядзеў, як на руках дзеўкі варушыцца мурашыны вэлюм.
– Калі гэты садыст у розныя спосабы закатаваў усіх палонных чэкістаў і камуністаў, якія былі ў яго ў наяўнасці, я з радасцю здаў гестапаўца савецкім партызанам. Ад каторых, між іншым, дазнаўся пра яшчэ адзін вытанчаны спосаб катавання, – надзіва спакойна паведаміў гаспадар. – Прашу ў дом.
Госць замуліўся. Прымаць запрашэнне не надта й хацелася; у доме гэтага нелюдзя яго маглі чакаць цыркулярныя пілы, распаленыя абцугі і чаны з сернай кіслатою. Былы паліцай, імігрант і мізантроп, атупелы ад самотнага жыцця на ферме, бавіць час у сяброўстве з алігатарамі і ў мудрагелістых катаваннях дзетак.
Тыповы фашыст.