Выбрать главу

– Вы забыліся пра кагэбэшныя рэпрэсіі супраць іншадумцаў, – лянотна ўкруціў ён рэмарку.

– Не, не забыўся! – цээрушнік перайшоў у жорсткі наступ. – Гэта, відаць, вы на іх забыліся!..

– Я таксама рэпрэсую на сваёй ферме іншадумцаў, – спакойна парыраваў Агент Z. – Вы што, прапануеце мне кінуць гэты карысны занятак і нелегальна выправіцца на Радзіму?

– Менавіта! – пацвердзіў прамоўца і з падтэкстам пра мажлівае месіянства суразмоўцы дадаў: – Шматпакутная Беларусь чакае свайго змагара!..

– Прапанова амаральная.

– Значыцца, добра аплачваемая. А… чаму вы лічыце маю прапанову амаральнай?

Гаспадар паварушыў у каміне дровы, і на ягоны твар паклаліся густыя барвовыя плямы.

– Усё, што мне трэба для жыцця, цяпер тут. «Новая Зямля» і ёсць здабытая мною Радзіма… ці прыдуманая ў эміграцыі – без розніцы. А Беларусь, якая засталася ў маёй памяці, – то страчаны рай. І згадкі пра гэты рай занадта інтымныя, каб я іх разбураў.

Усе аргументы госця разбіваліся аб волю суразмоўцы, бы хвалі аб гранітны мол. Заставаўся апошні козыр.

Візіцёр дастаў з партманэткі невялікі фотаздымак, выклаў перад Агентам Z. З фатаграфіі глядзела жанчына з маркотным, бы ў Божай Маці Вастрабрамскай, тварам. Аматарскі здымак быў зроблены ў Нясвіжы, побач з касцёлам Божага Цела і, відавочна, суадносна нядаўна: пра гэта сведчыў вулічны плакат з выявай Мікіты Хрушчова і надпісам «Рашэнні ХХІ з’езду КПСС – у жыццё!».

– Вось ёй вы патрэбны напэўна!.. – прамовіў спецслужбоўца, нібы ўкалаціў абухом цвік.

Агент Z зняў акуляры і з хвіліну разглядаў здымак; госцю нават падалося, што вочы гаспадара на колькі секунд змянілі колер са сталёвых на пяшчотна-блакітныя…

– А цяпер слухайце мяне вельмі ўважліва, – спецагент ЦРУ канчаткова захапіў ініцыятыву і цяпер лупцаваў тэзісамі, рыхтык пугаю. – У Беларусі вас пагэтуль памятаюць. Шмат для каго там вы ўжо не чалавек, а міф, які кожны напаўняе тым, што хоча ў ім бачыць.

Вам проста трэба гэты міф падтрымаць, але – у выгодным для нацыянальна-вызвольнага руху ракурсе.

Пасля вышкалу вас разам з невялікай групай дыверсантаў дэсантуюць у раёне Нясвіжа. Зброя, грошы, сувязь, кансператыўныя яўкі… усё, як мае быць. Зладзіце колькі гучных антысавецкіх дыверсій. Парахуецеся з усімі, хто вам вінен, адпомсціце ўсім, хто таго варты. А мы зарганізуем вашу эвакуацыю праз мяжу… і яе таксама. І жывіце потым удваіх на сваёй «Новай Зямлі» хоць да ста гадоў!..

…Драбнюткія кроплі сарамліва зіхцелі на кустках картоплі. Маладзёны ў ватоўках з тупаватай паслухмянасцю палолі грады. Вялізны сцяг лунаў на флагштоку ў цэнтры плаца, і цыклапічны рухомы цень амаль цалкам накрываў сядзібу.

Мужчыны прайшліся да брамы і спыніліся для развітання.

– Фотаздымак можаце пакінуць, – дазволіў візіцёр. – Дык што мне перадаць кіраўніцтву?

* * *

Па-над «Новай Зямлёю» кругліўся мядовы рагалік месяца. Цёплыя ветрыкі сыпалі на паснулыя грады зорным пылком, калыхалі райскія яблычкі пад шурпатым лісцем. Гаспадар фермы чвякнуў у зямлю рыдлёўкай, адступіў, пільным вокам агледзеў малады дубок, які пасадзіў за садам. Апусціўся на траву, выцягнуў з кішэні здымак жанчыны з маркотнымі, бы ў Вастрабрамскай Мадонны, вачыма.

З нябёсаў тужліва заценькала нябачная птушка. Крышталёвы голас натхнёна выводзіў пра роднае і невымоўнае, пра каханне і спакусу, пра юнацкія шаленствы і прагу да сапраўднага.

Пераліўчатыя трэлі гусцелі, цвярдзелі, набіраліся бомамі, скрыгатамі і стогнамі. І пульсавала блакітная жылка на скроні дзіцёнка, і чадзелі крэматорыі, і ляцелі долу пялёсткі ссечаных садоў, і хрумсцелі чарапы пад падэшвамі імперый. Але тлумы тыя сцішыў пранізлівы шэпт анёла, які паабяцаў суцяшэнне ўсім знявераным, уратаванне ўсіх пакутнікаў і здзяйснення самага патаемнага, нязбытнага і грэшнага…

Перадсвітальны ветрык роўна шаргацеў у сухіх травах. Чарноцце на ўсходзе сарамліва распаўзалася барваю. Чарговая ноч памірала.

Мужчына рыпнуў начышчаным ботам – птушынае ценьканне зрэзалася.

– Не давярай мне, каханая, не давярай, – ледзь чутна прашаптаў ён. – Душа мая сцерлася, бы старая падэшва, і ступаць двойчы ў наш стары рай з маёю душой – загуба для нас дваіх… Але як мы з табой калі-небудзь перастрэнемся – не давярай мне ніколі.

Глава 5

Аблокі над вечаровай Піцундай спаборнічалі ўсімі адценнямі чырвані. Сонца пераспелым мандарынам хілілася ў дрымотнае мора. Камяні ўрадавай рэзідэнцыі патыхалі гарачынёю, у парку луналі дурманлівыя водары кветак, і дзяжурны ахоўнік, які патруляваў між магнолій і архідэй, раз-пораз спыняўся, каб злавіць тварам ветрык з мора.