– Рэжысёрка-пастаноўшчыца нашага купальскага перформансу, – патлумачыла першая лэдзі. – Між іншым, родам з-пад Нясвіжа, таго самага. Аўтэнтычная вядзьмарка… куды там расфарбаваным акторкам з брадвейскага «Макбета»! Бароніць традыцыі, адкрывае мінулае, прадказвае будучыню і сурочыць ворагаў.
Джэкі не адразу засвоіў пачутае.
– Мэм, пра які пажар вы гаворыце? – з напругай удакладніў ён у бабкі.
– Пра той самы, якім ты, сынок, так пераймаешся. Дзе гарыць, не скажу дакладна. Адно ведаю, што надта адсюль далёка. Ужо трэці дзень, і ніхто не можа згасіць. Давай паспрабую.
– Адкуль вы ўсё ведаеце?!..
Вядзьмарка мёртва ўчарэпілася ў прэзідэнта, драпежна вышчарылася і пацягнула яго ў цёмны гушчар. Той нават не рыпнуўся, бо адразу адчуў сябе ў цісках чужой волі. Каржакаватыя хлопцы ў някідкіх шэрых строях, якія пільнавалі кожны прэзідэнцкі рух, скамянелі ўмомант, нібы пад позіркам Медузы-Гаргоны, і гэтая акалічнасць канчаткова прыўнесла ў сітуацыю элемент невытлумачальнай містыкі.
Тое, што адбылося далей, нагадала Джэкі Кенэдзі дакументальны фільм пра шаманаў індзейскага племені тэтан-дакота. У руках варажбіткі невядома адкуль узялася пяць пашарпаных алюмініевых конавак. Старэча акуратна паставіла іх радком на борцік басейна, донцамі дагары, тройчы перажагналася і глуха зашаптала засяроджанай скарагаворкай, паўтараючы да бясконцасці:
– Йшла Божая Маці сінімі марамі, зялёнымі мастамі, залатою чашкай брала воду, агонь засланіла, зямлю збараніла…
З кожным паўторам мантры вядзьмарка прыгаршчай чэрпала з басейна і плёхала на конаўкі. На кашчавым пальцы цьмяна блішчэў пярсцёнак цяжкага старажытнага срэбра з нечытэльнымі таямнічымі пісьмёнамі.
У галаве Кенэдзі недарэчна завярцелася слова «ерась», падзабытае з часоў заканчэння каталіцкай школы. Ён ужо збіраўся збегчы ад небяспечнай вар’яткі, але знянацку ад донцаў конавак паваліла густая шэрая пара, у горле зашкрэбла, рыхтык ад нашатыру, у галаве нешта набрыняла і шпокнула з ільдзістым блакітным дзвонам.
– Згаснуў твой пажар, – абвясціла старая паяснелым голасам.
Прэзідэнт ніякавата глянуў на чараўніцу і без развітання пасунуўся да верталёта. Па вачах аховы ён зразумеў, што за час яго адсутнасці нешта змянілася.
– Містар прэзідэнт, толькі што на сувязі быў губернатар Тэхаса, – паведаміў пілот. – Ён прасіў сказаць, што…
– Звяжыце мяне з ім!..
Пачварны пажар, які трэці дзень выпальваў найвялікшы нафтавы тэрмінал Тэхаса, ад самага пачатку стаў некіраваным і пагражаў перакінуцца на бліжэйшы горад. Тэрмінал давялося ачапіць, але чуткі пра катастрофу ўсё ж прасочваліся ў бізнесовыя колы. Пажар азначаў не толькі банкруцтва нафтавых кампаній, у чые акцыі сям’я Кенэдзі ўклала немалыя грошы, але і непазбежны абвал нью-ёркскай фондавай біржы. Апошняе, згодна з эфектам даміно, цягнула за сабою процьму наступстваў розных ступеняў паскуднасці, якія засланялі сабою нават экалагічную катастрофу і чалавечыя ахвяры.
Спыніць пажар не маглі ўсе пажарныя штата. І вось, як паведамляў тамтэйшы губернатар, літаральна хвіліну таму невядома адкуль наляцелі хмары і шалёная залева згасіла агонь, хаця неба над усім штатам яшчэ гадзіну таму было яснае.
– Гэта проста нейкі цуд, містар прэзідэнт, я ніколі такога не бачыў, – падсумаваў губернатар дрыготкім ад пабожнасці голасам. – Нібы сам Гасподзь адначасова скіраваў усе брандспойты Злучаных Штатаў на тыя пяць рэзервуараў…
Кенэдзі механічна адзначыў, што конавак на борціку басейна таксама было пяць.
Шаманскія маніпуляцыі з паліваннем посуду і раптоўная залева ў паўтары тысячы міляў адсюль відавочна мелі нейкую прычынна-выніковую сувязь. Прырода гэтай сувязі не вытлумачвалася рацыянальна, але сувязь гэтая, бясспрэчна, існавала, прытым асабліва цешыў канчатковы вынік.
Перамовы з Тэхасам натхнялі да асцярожнага аптымізму. Кенэдзі выбраўся з салона і ласкава агледзеў курваў з бойфрэндамі, якія, атабарыўшыся каля вогнішча, апетытна прыкладаліся да пляшак. Прыняў перад патэнцыйным электаратам найвыгоднейшую паставу, прыўзняў руку і злавіў сябе на думцы, што цяпер шчыра шкадуе пра адсутнасць рэпарцёраў.
– Маю зрабіць важную для ўсіх нас заяву, – прамовіў Джэкі голасам, якім з Белага Дома звычайна віншуюць з Днём Падзякі. – Жахлівы пажар у Тэхасе, пра які мы пакуль не хацелі распавядаць і пра які ўся нацыя дазнаецца толькі на раніцу, нарэшце зліквідаваны нашымі агульнымі намаганнямі. Злучаныя Штаты – вялікая дзяржава, мы здатныя супрацьстаяць і не такім выклікам!
Прашаргацелі воплескі. Кенэдзі фотагенічна пасміхнуўся і, адаслаўшы ахову, скіраваўся да вядзьмаркі. Тая, знясіленая сеансам выклікання дажджу, нерухома сядзела пад пластмасавай сасной.